У атмасферы адкрытасці і даверу

У Беларусі будуць рабіць усё для далейшага развіцця адносін са Злучанымі Штатамі Амерыкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 верасня на сустрэчы з намеснікам Дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях Дэвідам Хэйлам.
«Прыемна вас бачыць тут – не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Я з задавальненнем хачу адзначыць, што гэта сведчанне таго, што ЗША нарэшце звярнулі ўвагу не толькі на Еўропу ў цэлым, але і на Беларусь», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца нашых з вамі адносін, вы вельмі добра ведаеце і інфармаваны ў тым, што гэта не адзіны сігнал, які мы пасылаем кіраўніцтву ЗША аб нармалізацыі адносін. Гэта ненармальна, што ў сучасным свеце дзве дзяржавы, якія некалі ваявалі на адным баку супраць ворага, сёння маюць такія, так бы мовіць, слабыя адносіны», –
адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

«Я перакананы, што ваш візіт па меншай меры кіраўніцтву Беларусі, беларускаму народу прадаставіць магчымасць больш аб’ектыўна паглядзець на свет, зыходзячы з той інфармацыі, якую я разлічваю атрымаць ад вельмі інфармаванага чалавека», – заявіў Прэзідэнт.
Раней у сакавіку і ліпені бягучага года былі арганізаваны візіты ў Мінск намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Джорджа Кента. У жніўні адбыўся візіт у Беларусь саветніка Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана. Акрамя таго, у жніўні па прапанове амерыканскага боку ў Варшаве праведзена сустрэча сакратароў саветаў бяспекі Беларусі, Польшчы, ЗША і Украіны.
Мінск і Вашынгтон супрацоўнічаюць у галінах супадаючых інтарэсаў і па пытаннях бяспекі. Адноўлены дыялог у ваеннай сферы, па лініі аховы здароўя, сельскай гаспадаркі, прафесійных абменаў. Дзейнічаюць міжурадавыя пагадненні ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічання банкаўскай дзейнасці і ў іншых сферах. У маі 2019 года падпісаны мемарандумы аб супрацоўніцтве паміж Дзяржпагранкамітэтам, ДМК, МУС, Следчым камітэтам і Агенцтвам па барацьбе з наркотыкамі Міністэрства юстыцыі ЗША.
Да 2008 года Злучаныя Штаты заставаліся адным з асноўных эканамічных партнёраў Беларусі. Пасля перыяду скарачэння з 2011 года аб’ёмы гандлю з ЗША стабілізаваліся. Вашынгтон прымяняе абмежавальныя меры тарыфнага характару адносна некаторых катэгорый беларускага экспарту.
Па выніках 2018 года тавараабарот дасягнуў $711,6 млн (117,6 працэнта да ўзроўню 2017 года), экспарт – $274,4 млн (121,7 працэнта), імпарт – $437,2 млн (115,3 працэнта). Экспарт паслуг у ЗША ў 2018 годзе склаў $712,1 млн, дзе пераважаюць распрацоўкі рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.
На сустрэчы з беларускім лідарам Дэвід Хэйл заявіў, што ЗША і Беларусь прынялі рашэнне аб аднаўленні дыппрадстаўніцтва на ўзроўні паслоў: «Я хацеў бы перадаць прывітанне ад дзяржсакратара, які папрасіў мяне прыехаць, каб прысутнічаць на важным гістарычным моманце нашых двухбаковых адносін. Пасля нашай сустрэчы мы зробім заяву, што будзем абменьвацца пасламі пасля такой колькасці гадоў без паслоў».
«Мы згодны з вамі, што той стан спраў ненатуральны, ненармальны. І мы рады, што гэта глава завяршаецца. Мы закрываем гэты раздзел па прычыне тых крокаў, якія ваша краіна і вы асабіста зрабілі. Таксама адзначаем тое бачанне, якое вы прынялі на ўзбраенне – большай разнастайнасці як ва ўнутраных справах, так і ў адносінах са знешнім светам. Мы вельмі моцна падтрымліваем гэта бачанне і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам на гэтым шляху», – падкрэсліў намеснік дзяржсакратара ЗША.
Ён адзначыў, што ЗША гэта робяць не з мэтай спаборніцтва з нейкай іншай краінай, а толькі ў мэтах таго, каб патэнцыял двухбаковых адносін быў рэалізаваны ў поўнай меры. «А таксама таму, што нам вельмі дарагі гэты рэгіён і мы вельмі ўважліва ставімся да пагроз бяспецы. Таксама таму, што мы вельмі моцна падтрымліваем суверэнітэт і незалежнасць Беларусі», – дадаў Дэвід Хэйл.
Намеснік дзяржаўнага сакратара ЗША па палітычных пытаннях правёў перагаворы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Бакі абмеркавалі пытанні беларуска-амерыканскіх адносін і рэгіянальнай бяспекі.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА