Час абедаць правільна. Меню школьніка – пад асаблівай увагай дарослых

Урокі, заняткі ў гуртках, секцыях, разумовыя, псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі – дзень школьніка насычаны і дынамічны. На шляху да выдатных ведаў вялікае значэнне набывае рацыянальнае і правільнае харчаванне, якое разам з іншымі складнікамі адказвае за актыўнасць і энергію, а значыць – і засваенне хлопчыкамі і дзяўчынкамі школьнай інфармацыі. Ва ўстановах адукацыі арганізацыі бяспечнага і якаснага харчавання надаецца самая пільная ўвага, вядзецца штодзённы шматузроўневы кантроль.
Што сёння ў школьнікаў на абед?

Каб адказаць на пытанне, «ЛВ» адправіўся ў гімназію. Тут сёлета зроблены капітальны рамонт харчаблока. Сярод абновак і тэхналагічнае абсталяванне: пліты, халадзільнікі, агароднінарэзка, бульбачыстка і г.д. Устаноўлена прытокава-выцяжная вентыляцыя, з’явілася пасудамыечная машына. Да таго ж, добраўпарадкавана тэрыторыя ўстановы, адрамантаваны дах. А яшчэ ў гімназіі з’явіўся электрапад’ёмнік: для дзетак з абмежаванымі магчымасцямі ўваход ва ўстанову цяпер камфортны. Усе змяненні пацягнулі на 540 тысяч рублёў. Такі падарунак школьнікам прафінансаваў Сусветны банк.
…На гадзінніку 9.50, у сталовай снедаюць пачаткоўцы. На стале сурвэткі, на талерцы рысавая каша, бутэрброд з маслам, чай з малаком – здаровае харчаванне, якое так неабходна падрастаючаму арганізму.
На абед таксама правільныя стравы: суп з капусты са смятанай, курыная катлета, бульбяное пюрэ, кампот з разынак, хлеб.
Перапынак і для астатніх гімназістаў выглядае смачна і карысна. Мяркуйце самі: тут вітамінны салат, у якім капуста, морква, яблык і г.д., вараны рыс, біточкі са свініны, бутэрброд з маслам. На трэцяе –
чай. Праводзіцца штодзённая с-вітамінізацыя рацыёну. Аскарбінка дадаецца ў напіткі непасрэдна перад раздачай, адзначае шэф-повар Таццяна Варанкова. Менавіта ў яе абавязках, іншых адказных асоб, кантроль за здаровым меню гімназістаў.
У гэтай установе адукацыі штодзень атрымліваюць паўна-цэннае харчаванне 530 рабят – гэта 100-працэнтны ахоп. Водгукі пра стравы і сталовую – станоўчыя.
Чацвёртакласнік Мікіта з веданнем справы разважае:
– У нас цудоўныя повары – гатуюць мае любімыя стравы. Люблю курыныя катлеты і аладкі. Пасля рамонту ў сталовай стала прыгожа і ўтульна.
Насця – дзесяцікласніца, і яе каментарый таксама хвалебны:
– Кормяць не толькі смачна, але і разнастайна. Повары – уважлівыя і прыветныя. Такая атмасфера паляпшае апетыт.
Бацькі аплачваюць школьныя абеды праз адзіную разлікова-інфармацыйную прастору, і агульная сума за іх даступная. Грашовыя нормы на харчаванне павялічыліся толькі для выхаванцаў дзіцячых садкоў і ясляў і на сёння складаюць адпаведна крыху больш за 3 рублі і 2 рублі 50 капеек. У школах кошт абеду не змяніўся і залежыць ад узросту рабят: ад 1 рубля 21 капейкі (для школьнікаў 6-10 гадоў) да 1 рубля 46 капеек (14-17 гадоў). Дарэчы, за кошт мясцовага бюджэту ў нашым раёне харчуюцца 79 працэнтаў вучняў.
Абед менш чым за паўтара рублі – свежапрыгатаваны з прадуктаў высокай якасці. Як гаворыцца, кожная калорыя на сваім месцы.
Засмучае, што ў дзяцей талеркі не заўсёды чыстыя, адзначае шэф-повар. У чым прычына? Прывыклі перакусваць бягом. А рацыён школьнікаў павінен быць збалансаваным па бялках, тлушчах і вугляводах, утрымліваць макра- і мікраэлементы. Такі комплекс умацоўвае імунную сістэму, павышае супраціўляльнасць негатыўным фактарам. Чыпсы, булачкі, цукеркі – гэтымі прысмакамі дзеці толькі «падманваюць» страўнік. Бескант-рольнае ўжыванне прадуктаў з высокім утрыманнем тлушчоў і цукру, можа пагражаць лішняй вагой, праблемамі з зубамі і г.д.
Урач-гігіеніст райЦГіЭ Валянцін Скарына падкрэслівае, што з мінулага года па прапанове Міністэрства аховы здароўя ў рацыёне харчавання школьнікаў на 30-35 працэнтаў зніжана колькасць солі, на 20-25 – цукру. Але рэцэптура страў у раёне яшчэ добра не адпрацавана і не ва ўсіх установах адукацыі патрабаванне вытрымлівалася.
Днямі спецыялісты райЦГіЭ праводзілі комплекснае вывучэнне эфектыўнасці санітарна-супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў пры арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі. Пад увагай было захаванне тэхналогіі, якасць харчавання, стан вытворчага кантролю. Адабраны і адпраўлены на даследаванне пробы, ацэньваецца сутачны рацыён, мікрабіялагічная бяспека і г.д. Вынікі будуць агучаны пазней. Але, як адзначае Валянцін Скарына, харчаблокі ўстаноў адукацыі раёна перад пачаткам навучальнага года здалі экзамен на гатоўнасць здавальняюча.
Начальнік аддзела па адука-цыі райвыканкама Святлана Якубоўская расказвае, што ва ўстановах адукацыі прыкладнае меню складаюць на 10-12 дзён. Гэта дазваляе больш дакладна размеркаваць прадукты з улікам іх каларыйнасці і хімічнага саставу, уключаць у меню стравы з мяса, рыбы, малака і г.д.
– Нашы повары стараюцца карміць школьнікаў па-дамашняму і смачна. Абед рабят ільготных катэгорый нічым не адрозніваецца ад іншых аднакласнікаў – дзялення меню ў нашым раёне няма, – адзначыла Святлана Канстанцінаўна.

ФАКТ

За 2018 год на харчаванне школьнікаў, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў групах падоўжанага дня, з мясцовага
бюджэту выдаткавана больш за 370 тысяч рублёў.
За мінулы год на абеды падапечных цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зрасходавана больш за 5 тысяч рублёў.
Бясплатна ў нашым раёне харчуюцца пачаткоўцы, рабяты з вясковых школ, з малазабяспечаных і мнагадзетных сем’яў, дзеці-інваліды і дзеці, дзе адзін з бацькоў інвалід I ці II групы, некаторыя іншыя катэгорыі вучняў.


Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.