Ляхавічане пра Ляхавічы. У гэты святочны дзень так многае хочацца сказаць-павіншаваць у адрас любімага горада. І гэтыя словы землякоў зноў табе, Ляхавічы!
Васілій БУТ-ГУСАІМ, старшы трэнер-выкладчык
СДЮШАР Ляхавіцкага раёна:
– У Ляхавічы я прыехаў у 1981 годзе па размеркаванні працаваць інжынерам-механікам у меліярацыйнай арганізацыі. І, скажу шчыра, станавіцца ляхавічанінам намеру не было. Думаў, адпрацую належны тэрмін і вярнуся… Але горад «зацягнуў». Апроч работы, насычаным было і спартыўнае жыццё. Прадстаўнікі прадпрыемства з’яўляліся актыўнымі ўдзельнікамі раённых спаборніцтваў, каманды раёна не без поспеху канкурыравалі на абласных стартах. Спорт жа заўсёды быў і застаецца для мяне самай блізкай тэмай.
За дзесяцігоддзі на Ляхавіччыне мне пашчасціла, лічу, працаваць толькі з добрымі, кампетэнтнымі ў сваёй справе людзьмі. Захапілі прыродныя краявіды прыгарада. Сам горад у тыя далёкія часы асаблівай архітэктурнай выразнасцю не адрозніваўся. Не тое, што зараз: для нас ужо звычайнасць, а, напрыклад, у кожны свой прыезд мае госці гавораць пра ўтульную прывабнасць цэнтральнай часткі горада, адзначаюць «шырыню» аўтапарковак.
Нашаму гораду жадаю квітнець, дарослых гараджан заклікаю да здаровага ладу жыцця, юнае пакаленне – не абмяжоўваць сябе маршрутам «дом-школа-дом», а знаходзіць час і для спорту.
Міхаіл ШЭЙДА, 31 год узначальваў ПМК-13:
– Ляхавічы – мая малая радзіма. Памятаю, як у дзяцінстве з сябрамі на вуліцы Савецкай ганялі летам у футбол, зімой – у хакей. На веласіпедах ездзілі ў Грушаўку, Русінавічы. Рака Ведзьма: дзве затокі і залавок. Сёння тут зона адпачынку…
Райцэнтр расцвіў, вырас і, нягледзячы на свой узрост, памаладзеў. Прыемна, што і я маю да гэтага дачыненне. Квартал мікрараёна па вуліцы Інтэрнацыянальнай цалкам узводзіў калектыў ПМК-13, на рахунку прадпрыемства – большая частка вуліцы Будаўнікоў, іншыя жылыя дамы. Будынак ільнозавода – таксама ўзводзіла ПМК-13, як і мясцовыя ачышчальныя збудаванні. Мае калегі праводзілі мадэрнізацыю з рэканструкцыяй паліклінікі. Кожны адрас станавіўся для нас не проста месцам працы, аб’ектам, які трэба было пабудаваць якасна і ў тэрмін, а часцінкай жыцця. Калектыў налічваў ад 300 да 550 чалавек – сапраўдных прафесіяналаў. У нейкай ступені яны будавалі гісторыю нашага райцэнтра. Ганаруся калегамі! Вынік іх працы служыць землякам.
Раней ускраіна райцэнтра была проста ўскраінай. Зараз жа адкрываецца прыгожая панарама, з якога боку да райцэнтра ні падыдзі. Жадаю свайму гораду росквіту, а яго жыхарам даўгалецця!
Міхаіл КУЛЯШОЎ, намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ:
– У першы дзень лета 1988 года я стаў адным з жыхароў невялікага райцэнтра з мілагучнай назвай Ляхавічы. Тады мяне прызначылі на пасаду намесніка галоўнага ўрача толькі пабудаванай бальніцы. З таго часу нязменна жыву і працую тут, разам з жонкай, а цяпер і нявесткай (яны таксама ўрачы) стаім на варце здароўя землякоў. Напэўна, і не падлічыш колькім пацыентам давялося дапамагчы за гэты час.
Медыцына развівалася хуткімі тэмпамі, пастаянна абнаўлялася абсталяванне, праведзена мадэрнізацыя рэанімацыйнага і хірургічнага аддзяленняў з аперацыйнымі блокамі. Вельмі камфортна стала ў паліклініцы.
Прыемна, што пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў свой родны горад вяртаюцца выпускнікі ляхавіцкіх школ. Моладзі ствараем выдатныя ўмовы для прафесійнага ўдасканалення: першае працоўнае месца, разнастайныя меры стымулявання, вырашаюцца жыллёвыя пытанні, актыўна практыкуецца настаўніцтва. Наш горад сапраўды камфортны для жыцця.
А колькі аб’ектаў пабудавана для аматараў здаровага ладу жыцця: стадыён, спартыўная школа, варкаўт-пляцоўка. Здароўя вам, Ляхавічы і ляхавічане!
Людміла ЖУКОЎСКАЯ, былы дырэктар ГДК райаграсэрвіса:
– Вось ужо чатыры дзесяцігоддзі называю Ляхавічы родным горадам. Да гэтага жыла ў Клецку, а сюды прыехала разам з мужам на яго першае працоўнае месца ў сельгастэхніку.
За гэты ўнушальны час райцэнтр не толькі не пастарэў, а, наадварот, маладзее год ад года. Горад натхняў, даваў сілы і новыя ідэі. З такім багажом я ішла спачатку да сваіх вучняў у СШ№1, дзе выкладала спевы, потым да маленькіх выхаванцаў – у дзіцячыя садкі № 1 і № 2. Ляхавічы былі і застаюцца для мяне заўсёднай культурнай сталіцай. З 1987 года працавала дырэктарам гарадскога Дома культуры спачатку сельгастэхнікі, потым райаграсэрвіса. Колькі цікавых мерапрыемстваў, конкурсаў, канцэртаў і сустрэч праведзена за гэты час – не пералічыць.
Мой горад стаў галоўным месцам для маёй сям’і. Тут нарадзіліся сын і дачка, выраслі, стварылі ўласныя сем’і. Тут у мяне дзве ўнучкі. Дзякуй за такое шчасце, любімы горад!
Мікалай КУЛІЦКІ, былы намеснік старшыні райвыканкама:
– Якімі б рознымі ні былі ляхавічане, усіх нас аб’ядноўвае шчырая любоў да роднага горада, удзел у яго лёсе. А яшчэ – нашы неабыякавасць, нераўнадушнасць да аблічча райцэнтра, гістарычных каштоўнасцей і традыцый папярэднікаў, якія на працягу стагоддзяў аберагалі, будавалі Ляхавічы, прымнажалі іх дасягненні.
Перакананы, што і будучыня ў горада квітнеючая.
Усім землякам – здароўя, дабрабыту і поспехаў ва ўсіх справах на карысць малой радзімы.
Наталля ШЫРЭЙ, выхавальнік ясляў-сада № 3 г. Ляхавічы:
– Здаецца, толькі нядаўна пераехалі з Казахстана ў Ляхавічы. А на справе праляцела пяць гадоў – іх проста не заўважыла. Мне спадабаўся райцэнтр. Адчуваю, што тут я – свая, хаця гэта радзіма мужа.
Чысты, утульны і добраўпарадкаваны – такім я ўбачыла гарадок і падумала, што тут хачу жыць з сям’ёй.
Ляхавічы для мяне – гэта і новае жыццё, і месца працы. Штодзень спяшаюся на любімую работу ў дзіцячы сад, да сваіх гарэз. У маёй групе 17 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да трох гадоў. Са жніўня я для каго з іх Наталля Уладзіміраўна, для некаторых мама, цёця… Вельмі радуюся, калі сустракаю ў горадзе сваіх выпускнікоў, сёння яны – першакласнікі СШ № 2.
Ляхавічы спраўдзілі мару маёй дачкі Вікторыі, якая хацела займацца танцамі: у мінулым годзе скончыла харэаграфічнае аддзяленне школы мастацтваў. Сын Улад у райцэнтры пайшоў у школу, сёння ён другакласнік.
Калі вясной ездзіла ў Казахстан, падумала: няма месца лепшага для жыцця, чым нашы Ляхавічы.
Таццяна КАЛГУШКІНА, інспектар РАНС:
– Хоць нарадзілася ў вёсцы, Ляхавічы сталі для мяне другім домам, малой радзімай. У нашым горадзе ёсць усё для зручнага жыцця, а перамены за апошні год пераконваюць у гэтым яшчэ больш: адкрылася кафэ, дзе можна адпачыць усёй сям’ёй, ёсць парк, дзе дзеці весела праводзяць час, школы і дзіцячыя сады – побач. Радуе тое, што тут у мяне з’явілася сваё, няхай і арэнднае жыллё, у якім цёпла і ўтульна ўсёй сям’і.
Працую ў райаддзеле па надзвычайных сітуацыях – месцы, дзе кожны дзень трэба самаўдасканальвацца, дасягаць мэтаў, пераймаць вопыт і дзяліцца ім з іншымі. Мая работа і работа маіх калег дазваляе рабіць жыццё землякоў больш бяспечным. Гэта вельмі важна для кожнага чалавека.
Няхай наш горад заўсёды будзе квітнеючым і прыгожым, а жыццё кожнай сям’і – шчаслівым.
Дзяніс ЧАРАДНІЧЭНКА, навучэнец Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа:
– З Ляхавічамі пазнаёміўся ў 2017-м. Тым летам стаў навучэнцам заатэхнічнага аддзялення мясцовага аграрнага каледжа, а, значыць, і ляхавічанінам. У горад літаральна ўлюбіўся: прыгожы, утульны, спакойны і ў той жа час для моладзі ёсць прастора для змястоўнага адпачынку. Адкрываюцца новыя кафэ, а колькі летам праводзілася ўсяго цікавага для юнакоў і дзяўчат. З задавальненнем еду сюды з родных Баранавіч. Маю актыўную жыццёвую пазіцыю і жаданне ўсюды паўдзельнічаць заўважылі ў райкаме БРСМ. Цяпер з такімі ж актывістамі стараемся не абмінуць ні адну важную гарадскую ці раённую падзею, мець дачыненне да кожнай акцыі і прапанаваць свае ідэі, каб гэты горад стаў яшчэ лепшым.