Сістэма цяпла. Ацяпляльны сезон стартаваў у Ляхавіцкім раёне

Ацяпляльны сезон стартаваў. У адпаведнасці з распараджэннем Брэсцкага аблвыканкама, рашэнне аб пачатку ацяпляльнага перыяду прынята і ў нашым раёне. Уключэнне сістэм ацяплення ў рэжыме працеплівання пачалося ў аб’ектах сацыяльнай сферы. 25 верасня тэмпература змянілася ва ўстановах аховы здароўя, дзіцячых садах і школах, расказаў «ЛВ» дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі.
На чарзе – жылы фонд. Але ў кватэрах пацяплее толькі тады, калі сярэднясутачная тэмпература на працягу пяці сутак будзе 8 градусаў і ніжэй. Пазней цяпло прыйдзе ў адміністрацыйныя будынкі і прамысловыя прадпрыемствы.
Калі дзённая тэмпература вулічнага паветра перасягне 10-градусную адзнаку, то для забеспячэння рацыянальнага расходу паліва будзе прымяняцца рэжым працеплівання, адзначылі ў камунгасе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.