Матулін тыдзень. На Ляхавіччыне рыхтуюцца да Дня маці
Пяшчотная і добрая традыцыя – тыдзень маці. На Ляхавіччыне да яго рыхтуюцца ўсе – навучальныя ўстановы, Дамы культуры і бібліятэкі, сацыяльная служба і грамадскія арганізацыі (БРСМ, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, прафсаюзы).
На працягу гэтага святочнага тыдня яшчэ больш увагі жанчынам-працаўніцам, ветэранам, маці і жонкам ваеннаслужачых, якія загінулі пры выкананні воінскага абавязку. Кансультацыі і майстар-класы, сустрэчы ў афіцыйным фармаце і нефармальныя размовы за кубачкам чаю – гэта і многае іншае чакаецца ў мацін тыдзень.
Супрацоўнікі аддзела загса з 10 па 15 кастрычніка правядуць кансультацыі па пытаннях рэгістрацыі нараджэнняў, рэалізацыі правоў у галіне шлюбна-сямейных адносін, расказала начальнік аддзела Вольга Новік.
– Падарыць новае жыццё, гадаваць дзяцей, берагчы ад нягод, а часам ахвяраваць сабой дзеля іх шчасця – гэта і ёсць галоўнае ў жыцці жанчыны-маці. Сваю праграму мерапрыемстваў распрацоўвалі такім чынам, каб у кожным ушанаваць дарагіх матуль, – расказвае загадчыца аддзялення першаснага прыёму, інфармацыі, аналізу і прагназавання ТЦСАН Наталля Ісаханава.
У праграме, распрацаванай тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання насельніцтва, – вечар-адпачынак «Для вас, родныя мамы», наведванне сумесна з прадстаўнікамі раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» шматдзетных сем’яў, майстар-клас па тэхніцы нетрадыцыйнага малявання мятай паперай, сустрэча з настаяцелем храма айцом Сергіем, выстава-продаж тэматычных сувеніраў і многае іншае.
Свой уклад у святочны настрой унясуць і бібліятэкары, якія плануюць кніжныя выставы, партрэтныя галерэі, літаратурна-музычныя вечарыны. Супрацоўнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра сумесна з раённай арганізацыяй Беларускага саюза жанчын падрыхтуюць шырокую праграму для прыёмных сем’яў.
Ва ўсю ідзе падрыхтоўка да Дня маці ў школах і дзіцячых садках.
І, канешне ж, гучным фінальным акордам галоўнай падзеі тыдня стане ўрачыстасць, прысвечаная ўсім мамам раёна.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.