«Свежы вецер» выбраў «Дзянніцу». У Ляхавіцкім раёне падвялі вынікі раённага этапу XV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер»

У тым, што ў «веснікаўцаў» падрастае дастойная змена газетчыкаў, можна было пераканацца падчас падвядзення вынікаў раённага этапу XV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу дзіцячых сродкаў масавай інфармацыі «Свежы вецер».
Удзельнічалі ў ім усе школы Ляхавіччыны. Кожная прадставіла ў аргкамітэт тры апошнія выпускі сваёй газеты, падрыхтаванай выдавецкім цэнтрам школы, а Востраўская СШ яшчэ і інтэрнэт-блог.
Зрабіць выбар на карысць таго або іншага выдання было надзвычай складана. Крэатыўнасць падачы інфармацыі, ахоп тэм, арыгінальнасць вёрсткі і дызайну, разнастайнасць жанраў і рубрык, творчая індывідуальнасць юных журналістаў – гэтым здзівілі журы літаральна ўсе работы. А інтэрнэт-блог Востраўскай школы з захапленнем глядзелі і дарослыя, што ўжо гаварыць пра хлопчыкаў і дзяўчынак.
Па выніках конкурсу трэцяе месца ў газет «Школьны калейдаскоп» (Жарабковіцкая СШ імя М. Г. Мінкевіча) і «Школьнае скрыжаванне» (СШ № 2), другое – у выданняў «Крынічка» (Малагарадзішчанскі ВПК) і «Разам» (СШ № 1). Бясспрэчнае лідарства і абсалютная перамога за газетай «Дзянніца» (гімназія). Гэтыя выданні, а таксама інтэрнэт-блог Востраўскай СШ прадставяць наш раён на абласным этапе.
Фіналісты рэспубліканскага этапу будуць запрошаны ў НДААЦ «Зубраня» на змену «Прэс-перспектыва». Дарэчы, гімназічная «Дзянніца» прызнавалася ўжо лепшай школьнай газетай краіны.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.