Уборка зерня два. У Ляхавіцкім раёне пачалася ўборка зерня

Механізатары Юрый Дымар і Уладзімір Сакалоўскі.

У раёне пачалася ўборка зерня. Дакладней, прадоўжылася ў новай якасці і пасля працяглага перапынку.

Ураджай каласавых у значнай ступені стаў ужо, як мінімум, мукой. У той час, як зерне кукурузы толькі выйшла ў фазу ўборачнай спеласці. І ўбіраецца: першапраходцам справы стала ААТ «Жарабковічы», якое, па стане на ўчарашні дзень, вымалаціла каля дзясятка кукурузных зерневых гектараў. Ураджай у амаль 95 цэнтнераў прадукту з гектара здаецца зусім нядрэнным. Са старта сабрана каля 85 тон зярнят, якія, нягледзячы на сухое надвор’е, «просяцца» на дасушку.
«Шлях новы», «БелДан», «Ляхавіцкі», «Нача» таксама маюць намер і неабходную базу, каб павялічыць свой зерневы вал за кошт кукурузы. У цэлым на квінтэт гаспадарак раёна для гэтага вызначана больш за 1,2 тысячы гектараў.
Аднак кукуруза – не столькі зерне, колькі сіласная маса. Закладка каштоўнага высокаэнергетычнага корму працягваецца ў раёне не першы тыдзень. На месцы падумалася, што для асобных іншых у гэтай справе «Жарабковічы» маглі б быць арыенцірам.
Быў момант абедзеннага перапынку. Тэхніка застыла ў чаканні рулявых: два «Кіраўцы» і «Амкадор» у якасці трамбоўшчыкаў зялёнай масы, шэсць «Беларусаў» і пара МАЗаў у якасці транспарту для дастаўкі апошняй з кукурузнага палетка да траншэі. Кукурузаўборачныя камбайны знаходзіліся ў загонцы і ў поўнай гатоўнасці прадоўжыць працэс. Сярод іх – адна з апошніх гучных абновак гаспадаркі. Новы кормаўборачны «ДжонДзір» уключыўся ў працу каля двух тыдняў назад. Прадукцыйна папрацаваў на тальмінавіцка-жарабковіцкіх палетках, і другі дзень, як «рухае» кормаўборку па палях вытворчага ўчастка № 1. Кіраўнік участка Аляксей Навалочка расказаў, што агрэгат пацвярджае сябе ў статусе высокапрадукцыйнай тэхнікі. За першы на гэтым палетку дзень работы праз камбайн прайшло да 800 тон кукурузна-сіласнай масы. Але ў кантэксце гэтай лічбы важнейшым складнікам з’яўляецца паказчык ураджайнасці. А на гэтым полі яна, па словах спецыяліста, знаходзіцца ў межах 350-400 цэнтнераў на круг.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.