Мова як крыніца дынастыі. У СШ № 1 г. Ляхавічы ёсць свая мовазнаўчая дынастыя. Яны філолагі
Ёсць дынастыі сямейныя, калі дзеці працягваюць справу сваіх бацькоў. Але бывае і так, што «родавая» пераемнасць складваецца сярод чужых людзей, апантаных любімай справай. У СШ № 1, напрыклад, ёсць свая мовазнаўчая дынастыя. Яны філолагі.
Знаёмцеся – Валянціна Бародзіч, Наталля Сідор, Вольга Караваевіч.
Калі вучні пайшлі па слядах сваіх настаўнікаў, сталі іх калегамі і пачалі працаваць поплеч, у адным калектыве – можна гаварыць пра нараджэнне педагагічнай дынастыі. У гэтым сэнсе пашанцавала і СШ № 1.
Валянціна Бародзіч, Наталля Сідор і Вольга Караваевіч «родам» з гэтай навучальнай установы. Яны – мовазнаўцы. Але не толькі гэта аб’ядноўвае іх. Валянціна Іосіфаўна да заслужанага адпачынку выкладала беларускую мову і літаратуру ў свой час і ў Наташы Пранчак (сёння – Сідор).
Урокі ў выкананні Валянціны Бародзіч захаплялі школьніцу. Педагог уваходзіла ў клас з усмешкай, і яе традыцыйнае «добры дзень, дзеці!» на роднай мове гучала мякка і мілагучна. І тады правілы запаміналіся без цяжкасцяў, словы складаліся ў прыгожыя сказы, а сачыненне пісалася на адным дыханні. Школа для Валянціны Бародзіч была цэлым светам, якім захапіла і сваю вучаніцу.
Наталля Мікалаеўна таксама выбрала педагогіку, а альма-матар ужо другое дзесяцігоддзе яе любімае месца працы. І цяпер яе выпускнікі не прапускаюць вечары сустрэчы, тэлефануюць і завітваюць у госці – яскравы паказчык якасці работы настаўніка і яго адданасці дзецям. Каб яны ішлі на ўрок з радасцю, трэба знайсці з імі агульныя інтарэсы, навучыцца разумець іх, лічыць Наталля Сідор. А яшчэ яна вучыць любіць сваё, беларускае, не тэарэтычна, а практычна. Гурт «Кужалёк» добра вядомы па-за межамі СШ №1 і сёлета прымае ўжо трэцяе пакаленне хлопчыкаў і дзяўчынак. Народныя песні і танцы, вершы і байкі дапамагаюць пазнаваць родную мову глыбока, а родны край – шырока.
На раённым конкурсе Наталля Сідор была прызнана «самым класным-класным», сёлета ўдастоена Падзякі міністра адукацыі за высокае прафесійнае майстэрства, значны асабісты ўклад у выхаванне вучнёўскай моладзі, актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Дарэчы, сярод вучняў Наталлі Сідор – і Вольга Катраль зараз ужо Караваевіч. Яна адзначае, што працаваць у школе, дзе педагогі –
прафесіяналы сваёй справы, дзе некалі вучылася сама, – шчаслівае спалучэнне, білет, які пашанцавала выцягнуць. Калектыў прыняў шчыра і адразу прызнаў калегай.
На педагагічным рахунку Валянціны Бародзіч – амаль чатыры дзесяцігоддзі, Наталлі Сідор – дваццаць гадоў з працягам, без малога «дзясятка» ў Вольгі Караваевіч… А ў суме – школьная гісторыя з пераемнасцю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.