Не асабістая тэлефонная справа. Гаджэты ў школе: за і супраць
За чым прыходзяць дзеці ў школу? Адказ, здаецца, відавочны: за ведамі. Але не толькі. Тут яны выхоўваюцца, развіваюць свае таленты і здольнасці, вучацца будаваць адносіны з равеснікамі, засвойваюць правілы паводзін у грамадстве. Школа разам з сям’ёй фарміруюць асобу.
Апошнім часам актыўна абмяркоўваецца рэзанансны выпадак, што адбыўся ў адной з гомельскіх школ. Спрэчкі па пытаннях, наколькі гаджэты патрэбны школьнікам і ці трэба прымусова абмяжоўваць выкарыстанне тэлефонаў падчас заняткаў, ахапілі шырокае кола зацікаўленых асоб. Адны катэгарычна супраць, каб на любы час пазбаўляць дзіця сродкаў сувязі і, адпаведна, каб школьнікі здавалі свае гаджэты ў агульную скрыню. Іншыя даюць зялёнае святло гэтай прапанове і лічаць, што ў такім падыходзе ёсць сэнс – інакш проста не выцягнеш падлетка са смартфона…
Пазіцыю ляхавіцкіх настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў высвятляў «ЛВ».
Алена ДЫДЫШКА, дырэктар Востраўскай СШ:
– У правілах унутранага працоўнага распарадку нашай школы з 2016 года ёсць пункт, які абавязвае школьнікаў адключаць мабільны тэлефон ці іншы тэхнічны сродак на час заняткаў, пры ўмове, што ён не з’яўляецца часткай адукацыйнага працэсу. Пры парушэнні гэтага правіла настаўнік можа забраць гаджэт і вярнуць яго пасля ўрокаў у прысутнасці бацькоў парушальніка і адміністрацыі школы. Ведаю, што такое правіла працуе і ў іншых навучальных установах раёна.
Істотны бок праблемы – маральны. Не ўсе рабяты разумеюць мяжу дазволенага, часам абыходзяцца даволі жорстка з равеснікамі, самі таго не жадаючы: тое, што задумвалася як жарт, часта становіцца крыўдным і абразлівым…
Разам з тым, без смартфонаў часам не абысціся. Напрыклад, рабяты могуць скачаць падручнікі ў інтэрнэце, знайсці дадатковую інфармацыю, неабходную для вывучэння матэрыялу. Аднак, такі дазвол актуальны, калі ўрок праходзіць не ў кабінеце інфарматыкі, дзе ёсць камп’ютары з выхадам у інтэрнэт.
Алена МІКУЛІЧ, ляхавічанка, мама чацвёртакласніцы:
– Культу мабільных тэле-фонаў у нашай сям’і не існуе, яны не з’яўляюцца ні для дарослых, ні для дзяцей прадметам першай неабходнасці. Дачка Яўгенія яшчэ на выхадзе з дома ў школу ставіць на тэлефоне бязгучны рэжым. Што тычыцца перапынкаў, то настаўніца Таццяна Шчука стварыла такую атмасферу ў класе, што ў вучняў шмат цікавых заняткаў і ім не да тэлефона. На жаль, мабільнікі, якія раней для бацькоў былі сапраўднай палачкай-выручалачкай (можна ў любы час патэлефанаваць і даведацца, дзе знаходзіцца дзіця), цяпер страцілі сваё асноўнае прызначэнне. Для многіх хлопчыкаў і дзяўчынак яны не толькі даюць доступ да інтэрнэту, камп’ютарных гульняў, але і замяняюць элементарныя зносіны з равеснікамі. І яшчэ адзін далікатны момант: бюджэт далёка не кожнай сям’і, асабліва, калі ў ёй некалькі дзяцей, можа дазволіць сабе сучасныя смартфоны. Лічу правільным, што ўмовы карыстання мабільнымі тэлефонамі ў школе, асабліва на ўроках, становяцца больш жорсткімі.
Юрый Траяноўскі, вучань 10 класа гімназіі:
– У карыстанні смартфонам ёсць свае плюсы і мінусы. Гімназістам, у прыватнасці, вучням сярэдняга звяна і старшакласнікам, без смартфона ніяк. У нашым выпадку, ён не проста сродак сувязі, а неабходнасць. Многія дамашнія заданні арыентаваны на электронныя гаджэты. На асобных прадметах выкарыстоўваем QR-коды, ды і доступ да электроннага дзённіка таксама праз смартфон. На ўроках педагогі дазваляюць скарыстацца разнастайнымі пошукавымі інтэрнэт-сістэмамі. Дзейнічае ў гімназіі і гугл-клас. Карыстаюся тэлефонам з шостага класа. Для мяне і маіх аднакласнікаў гэта дапаможнік у вучобе, на розныя глупствы часу няма. Дарэчы, і дома пераважна выкарыстоўваю яго для пошуку інфармацыі, а не ў якасці гульнявога аўтамата. У кожнага свае прыярытэты.
Запісала Галіна КАНЬКО.
Фото использовано в качестве иллюстрации https://slavasev.ru.