Паштовая марка. Сусветны дзень пошты ляхавіцкія паштавікі па традыцыі сустракаюць на сваім працоўным месцы

Аператар АПС «Ляхавічы-2» Ірына Сазановіч.

9 кастрычніка — Сусветны дзень пошты. Яго ляхавіцкія паштавікі па традыцыі сустракаюць на сваім працоўным месцы.

Дзе гэта вуліца, дзе гэты дом, дакладны адказ на гэтыя пытанні ведаюць паштальёны. У гарадскім аддзяленні сувязі «Ляхавічы-2» іх восем. З набітымі пад завязку сумкамі пяць разоў на тыдзень яны спяшаюцца па знаёмых адрасах, дзе іх з нецярпеннем чакаюць атрымальнікі карэспандэнцыі, пенсій і добрых навін.
Шасцёра вадзіцеляў развозяць пошту па сельскіх адрасах у
48 населеных пунктах, дзе няма аддзяленняў паштовай сувязі. Ветліва сустракаюць і прафесійна абслугоўваюць наведвальнікаў шасцёра аператараў.

Ад яе прывабнай усмешкі не адарваць вачэй, абслугоўванне заўжды на вышэйшым узроўні, адказы на пытанні лаканічныя, парады слушныя. Гэта пра аператара з 20-гадовым стажам Ірыну Сазановіч.
– У нашай рабоце надзвычай важны індывідуальны падыход да кожнага кліента, – расказвае Ірына. Яна, дарэчы, як і многія яе ляхавіцкія калегі, – колішняя выпускніца Брэсцкага каледжа сувязі, свае першыя прафесійныя крокі рабіла на пошце з 18 гадоў. Як, напрыклад, і аператар Людміла Галёнка, якая абслугоўвае карпаратыўных кліентаў, а калі выдаецца свабодная хвілінка, дапамагае разгрузіць чаргу, з ахвотай бярэцца за любую работу. Людмілу Жагунь можна лічыць аксакалам паштовай справы і ў ёй ужо больш за тры дзесяцігоддзі.
Гісторыю гарадскога аддзялення можна пісаць з біяграфіі цяперашняга намесніка начальніка Людмілы Буйкевіч. За 40 гадоў яе работы тут змянілася многае, але па-ранейшаму ў прыярытэце паважлівыя адносіны да спажыўцоў паслуг. Гэтаму Людміла Раманаўна вучыла і вучыць сваіх калег, сярод іх і дачка Анастасія, якая прадаўжае паштовую дынастыю.
«Веснікаўцы» асабліва ўдзячныя ўсім паштальёнам. Яны не лічыліся са сваім часам, разам з газетчыкамі праводзілі Дні падпісчыка на прадпрыемствах, установах, арганізацыях.
У палове сёмай гадзіны раніцы «Ляхавічы-2» пачынаюць працоўную змену. Распарадак звыклы: прыём тавару, сартаванне, карэспандэнцыя перакачоўвае ў сумкі паштальёнаў, на рабочыя месцы аператараў. Праз паўтары гадзіны дзверы аддзялення адчыняюцца і для наведвальнікаў, якіх тут заўжды шмат.
– У сярэднім за дзень аказваем больш за 1400 разнастайных паслуг. Унутраная паскораная пошта, у прыватнасці, пісьмы, бандэролі, пасылкі, грашовыя пераводы – самыя запатрабаваныя ў землякоў. І, канешне, падпіска на перыядычныя выданні. А яшчэ выплата пенсій, – гаворыць начальнік АПС Таццяна Дарашэнка, лёс якой вось ужо 27 гадоў звязаны з ляхавіцкай поштай.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.