Канструктыўна пра надзённае. У Ляхавічах адбылася чарговая сустрэча, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады і духавенства

Пасяджэнні раённай камісіі садзейнічання кантролю за выкананнем заканадаўства аб свабодзе сумлення, веравызнання і рэлігійных арганізацыях праходзяць штоквартальна.
2 кастрычніка адбылася чарговая сустрэча, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі выканаўчай улады і духавенства. Аб стане этнаканфесіянальнай сітуацыі на тэрыторыі Альхоўскага сельсавета расказаў старшыня Вячаслаў Кулак. Ён адзначыў, што Альхоўскі сельсавет з’яўляецца адзіным на тэрыторыі раёна, дзе няма зарэгістраваных рэлігійных арганізацый і культавых будынкаў, мясцовыя жыхары наведваюць храмы ў горадзе, прыход царквы Святых апосталаў Пятра і Паўла ў аграгарадку Востраў.
Работа з моладдзю па прафілактыцы дзейнасці дэструктыўных рэлігійных арганізацый і груп стала тэмай выступлення прадстаўнікоў аддзела па адукацыі, аграрнага каледжа, райкама БРСМ.
Дарэчы, аддзел па адукацыі і Ляхавіцкае благачынне БПЦ  зацвердзілі Праграму супрацоўніцтва на 2015-2020 гг. Узаемадзеянне ажыццяўляецца са згоды непаўналетніх і іх законных прадстаўнікоў. У каледжы дзейнічае духоўны пакой. Дырэктар каледжа Алена Абарава адзначыла, што навучальная ўстанова адкрыта для дыялогу з прадстаўнікамі розных рэлігійных канфесій, якія будуць спрыяць выхаванню і духоўнаму станаўленню навучэнцаў.
Ларыса ЮШКЕВІЧ,
галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы,
культуры і па справах моладзі райвыканкама.