Вялікі перапынак для настаўніка. У гарадскім Доме культуры ў мінулы чацвер педагогі Ляхавіцкага раёна сабраліся на вялікі перапынак /фота і відэа/
У гарадскім Доме культуры ў мінулы чацвер педагогі раёна сабраліся на вялікі перапынак. Такое бывае толькі напярэдадні прафесійнага свята – Дня настаўніка. Атмасфера ўрачыстасці адчувалася з першых крокаў і акордаў – кветкі, віншаванні-пажаданні, песні, прыгожыя і ўсхваляваныя работнікі сістэмы адукацыі.
Педагагічная кастрычніцкая сустрэча – не проста прыемнасці з нагоды свята, гэта яшчэ і абмен вопытам. Так было і сёлета: школы раёна прэзентавалі вынікі дзейнасці сваіх бізнес-кампаній.
Школьная кампанія «Майдадыр» (СШ № 1), напрыклад, зрабіла-наварыла духмянага мыла, начаўская «Утульная планета» прадэманстравала вырашчаныя кветкі і нарыхтаваныя лекавыя расліны, Падлеская СШ падзялілася вопытам стварэння рознатэматычных магнітаў, тальмінавіцкая «Арома- Эко» – вырабам араматызаваных мяшочкаў з зёлкамі і пялёсткамі кветак і г.д. Вялікі перапынак прадоўжыўся святочным канцэртам, на якім у чарговы раз пацвердзілася – нашы настаўнікі ўмеюць не толькі вучыць і выхоўваць, яны выдатныя вядучыя, артысты, арганізатары цікавых спраў.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса шчыра віншаваў з прафесійным святам педагогаў Ляхавіччыны, ветэранаў педагагічнай працы. Людзі, якія прысвяцілі сябе навучанню дзяцей, па праве карыстаюцца аўтарытэтам і павагай, адзначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса і ўручыў лепшым з лепшых узнагароды райвыканкама і райсавета.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч звярнулася з цёплымі пажаданнямі да работнікаў сістэмы адукацыі. Сем настаўнікаў з нашага раёна атрымалі Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
Падзяку за адданасць прафесіі і энтузіязм, талент і майстэрства выказала калегам начальнік аддзела па адукацыі Ляхавіцкага райвыканкама Святлана Якубоўская і ўручы-ла ім узнагароды аддзела.
Словы прызнання, кветкі і падарункі ад раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа – тым, хто не адно дзесяцігоддзе назад стаў на педагагічны шлях і не зыходзіў з яго ні на крок, – ветэранам педагагічнай працы. Сёлета 95-годдзе адзначыў выдатнік адукацыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Пракапенка.
Падзякай аддзела па адукацыі і раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі адзначаны нашы зямлячкі – заслужаныя настаўнікі БССР Леаніда Рачкоўская і Алена Таранда. Лідар галіновага прафсаюза Святлана Бялецкая ўручыла педагогам, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, нямала «саюзных» узнагарод рознай вартасці.
Відэавіншаванні ад навучэнцаў, вершы, песні і танцы расквецілі педагагічнае свята, падарылі феерверк эмоцый і цудоўны настрой. Кветкі ад старшыні райвыканкама кожнаму ў святочнай зале сталі прыгожым акордам у віншавальнай праграме.
А на наступны дзень у сталічным Палацы Рэспублікі ўшаноўвалі лепшых педагогаў з усёй краіны. Сярод іх – і прадстаўнікі ўстаноў адукацыі Ляхавіцкага раёна.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.