Палявое напружанне. Агульная для ўсіх гаспадарак Ляхавіцкага раёна тэма – кукуруза

На сельскагаспадарчых угоддзях работы яшчэ шмат, і пахаладанне, якім прырода адзначылася на гэтым тыдні, зусім не збіла градус палявога напружання. Агульная для ўсіх гаспадарак раёна тэма – кукуруза, а для трох мясцовых сельгасвытворцаў – яшчэ і цукровыя буракі. А вось бульбы ў раёне апошнімі гадамі стала менш – рэаліі рынку.
Уборка кукурузы на сілас працягвае заставацца прыкметай кастрычніцкага дня. Найбольш блізкім у імкненні паставіць кропку на азначаных работах з’яўляецца ДП «Нача». Свае пад 480 кукурузных гектараў прадпрыемства практычна ўбрала з сярэдняй ураджайнасцю амаль 365 цэнтнераў на круг. Больш толькі ў «Ляхавіцкім», дзе з сярэдняга гектара збіраюць ледзь ці не 395 цэнтнераў сіласнай масы. Але ў сельгаскааператыва на корані яшчэ застаецца прыкладна пятая частка з чатырох соцень гектараў. Бронзавы п’едэстал па паказчыку ўраджайнасці займаюць «Жарабковічы» – у межах 320 цэнтнераў. Самы лёгкі кукурузны гектар паказвае «Ліпнянка», як і найбольш сціплыя тэмпы ўборкі.
Папоўніць зерневыя засекі за кошт кукурузы маюць намер «Ляхавіцкі», «Жарабковічы», «Шлях новы», «Нача» і «БелДан», які прыступіў да работ апошнім. Ураджайнасць – ад больш за 90 цэнтнераў з гектара ў «Жарабковічах» да 34 – у «БелДане». «Ляхавіцкі» з 222 планавых гектараў абмалаціў 170 пры сярэдняй ураджайнасці 90 цэнтнераў з гектара.
А на дэсерт – салодкае. З 1700 гектараў цукровых буракоў убрана ўжо больш за 1300. Райаграсэрвіс работы завяршыў, два астатнія буракасейбіты раёна знаходзяцца на адной пара- лелі – уборка праведзена прыкладна на трох чацвёртых частках плошчы. Найбольш важкі гектар у «Жарабковічах», а самы салодкі бурак – у райаграсэрвісе.
Іван КАВАЛЕНКА.