Смачныя навінкі, ці Адпачынак па-сучаснаму. На прамой лініі «ЛВ» – старшыня праўлення Ляхавіцкага раённага спажывецкага таварыства

У ляхавіцкім райпо сезон абновак і абнаўлення. І тут не збіраюцца спыняцца здзіўляць сваіх пакупнікоў-кліентаў-наведвальнікаў. А каб вы, паважаныя чытачы, нічога не ўпусцілі і сярод першых паспрабавалі, як гаворыцца, на сабе ўсе райпоўскія навінкі, на  прамой лініі «ЛВ» старшыня праўлення раённага спажывецкага таварыства Васілій Некрашэвіч.

Пытанні ад «ЛВ»:
– Васілій Барысавіч, немагчыма не заўважыць, як многія райпоўскія магазіны набываюць новае аблічча, ляхавічане з зацікаўленасцю назіраюць за пераўтварэннямі колішняга ўніверсама. Калі  ўсё ж чакаць адкрыцця?
– Сапраўды, нашы гандлёвыя кропкі і ў горадзе, і ў сельскіх населеных пунктах становяцца больш сучаснымі і адпавядаюць патрабаванням пакупнікоў. Напрыклад, жыхары Задвор’я, Дарава, Альхоўцаў і іншых населеных пунктаў паспелі ўжо ацаніць новы дызайн магазінаў. Засталіся лічаныя дні, і адноўлены магазін міні-аптовага фармату «ProЗапас» па вуліцы Леніна, 45 не расчаруе шырокім асартыментам харчовых і нехарчовых груп тавараў. Рэбрэндынг толькі на карысць. Дарэчы, будзе дзейнічаць сістэма зніжак.
Ці чакаць закрыцця магазінаў, якія размяшчаюцца ў сельскіх населеных пунктах?
– Пра гэта нават і не можа быць размовы. Змяненні чакаюцца толькі ў дызайне.

Скажыце, ці ёсць цяпер у Ляхавіцкага райпо магчымасць навучаць дзяцей па мэтавым накіраванні?

– Канешне. Але важна, каб пасля вучобы спецыяліст вярнуўся. І не проста адпрацаваў належны тэрмін, а замацаваўся і прыўнёс што-небудзь новае. Установы адукацыі спажывецкай кааперацыі даюць магчымасць атрымання вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Прытым, прапанова спецыяльнасцяў даволі шырокая. Калі ласка, звяртайцеся ў аддзел кадраў райпо, і ў індывідуальным парадку мы абмяркуем магчымасці супрацоўніцтва. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце Брэсцкага аблспажыўсаюза.
– У якіх спецыялістах сёння мае патрэбу спажыўкааперацыя раёна?
– Хочацца сказаць, што мы ўвогуле рады маладым кадрам і гатовы іх працаўладкаваць. Асабліва запатрабаваныя пекары, кандытары, прадаўцы, бармэны.

Дзіцячае кафэ «Смайлік» палюбілася маленькім ляхавічанам. Ці будзе яно працаваць, як раней?
– Безумоўна. І яно таксама гатова задаволіць запыты нашых самых патрабавальных кліентаў. Абяцаем, што «Смайлік» стане тым кафэ, дзе будзе ўтульна і камфортна ўсёй сям’і.

– Жыву ў сельскай мясцовасці, таму ёсць пэўныя цяжкасці з пакупкай і асабліва дастаўкай буйнагабарытных тавараў. Ці вырашае такія складанасці мясцовае райпо?
– Так. І гэта зусім не складанасць. Дастаткова аформіць заяўку на тавар у прадаўца ў магазіне або ў вадзіцеля аўтамагазіна. Такім чынам, будзе спланаваны завоз буйнагабарытнай прадукцыі спадарожным транспартам. Даставім усё: ад будаўнічых матэрыялаў да тэхнікі. Між іншым, можна  заказаць тавар і з магазіна «ОМА».

– Летам праводзіліся рамонтныя работы ў рэстаране «Ластаўка». Змяненні толькі ў дызайне ці канцэпцыя таксама абнавілася?
– Рэстаран па-ранейшаму застаецца рэстаранам.Толькі цяпер у ляхавічан і гасцей райцэнтра з’явілася магчымасць паабедаць або правесці вечар на тэрасе, якая з лета выглядае мадэрнова і стыльна. Звычайныя пару хвілін, адведзеныя для кавы, пройдуць яшчэ больш утульна і камфортна, а таксама з відам на прыгожыя гарадскія пейзажы.
Пажаданне ляхавічан, каб у горадзе з’явілася караоке, спраўджана. Для адпачываючых у «Ластаўцы» арганізавана караоке-пляцоўка з сучасным музычным абсталяваннем. Чакаем усіх жадаючых прадэманстраваць свае здольнасці.
Змяненні заўважаць наведвальнікі і ў меню. Асабліва ў абедзенным: яно цяпер рознанацыянальнае. Акрамя беларускай, у дзень можна пакаштаваць стравы яшчэ дзвюх культур. А наогул, райпоўскім майстрам-кулінарам падуладна любая кухня: узбекская, грузінская, іспанская, украінская, італьянская…

Пытанні ад «ЛВ»:
У ляхавіцкай моладзі асабліва папулярна кафэ «Алеся». Магчыма, і гэтаму аб’екту час абнавіцца?
– Згодзен. Але не ўсё адразу. У наступным годзе рамонтныя работы дойдуць і да гэтага кафэ. У першую чаргу, плануецца стварыць там сучасную пляцоўку для адпачынку моладзі ў клубным стылі. Закупіць музычную апаратуру, пашырыць танцпол, абнавіць меню. Адным словам, зрабіць так, каб юнакі і дзяўчаты выхадныя праводзілі класна, весела і запамінальна. Таксама плануем пашырыць час работы кафэ, напрыклад, да 4.00.
А ці не будзе гэта перашкодай для спакойнага адпачынку тых, хто жыве побач?
– Ізаляванае памяшканне, правільна размешчаная танцпляцоўка дазволяць «не выпусціць» гук на вуліцу.
– Хутка зіма. Не дзіўна, што кафэ і піцэрыя будуць запоўнены. Добра было б паклапаціцца, каб месцаў хапіла ўсім.
– Пытанняў з недахопам месцаў не ўзнікала і, думаю, не ўзнікне. Па-першае, на адно месца, дзе можна адпачыць, у ляхавічан стала больш. Кафэ «Еда&Кофе» штодня імкнецца радаваць сваіх кліентаў смачнымі навінкамі і духмянымі напіткамі. А вось у суседняй «Піцэрыі» з’явіліся дадатковыя месцы – хопіць усім.

– Жыву ў вёсцы, у мяне двое дзетак, і мне не вельмі зручна ехаць у іншы раён за пакупкамі, у прыватнасці, адзеннем для падлеткаў. Васілій Барысавіч, што ў гэтым плане прапаноўвае мясцовае райпо?
– У магазіне «Аліса» сёння шмат варыянтаў адзення для дзяцей. Дарэчы, сёлета пашырылі мадэльныя рады і для дарослых, асабліва трыкатажных вырабаў і абутку.

– Летась без праблем можна было набыць замарожаныя ягады ад райпо. Чаго чакаць ад гэтага года?
– Замарожаная ягада, у прыватнасці журавіны, будзе прадавацца ва ўсіх магазінах і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці. Што датычыць свежых ягад, то галоўнымі кропкамі рэалізацыі стануць райпоўская палатка на перадрыначнай плошчы і магазін «Родны кут» па вуліцы Леніна, 24.

– Васілій Барысавіч, тэлефаную не з пытаннем, а са словамі падзякі. Прыемна было на дзень горада бачыць столькі гандлёвых кропак ад мясцовай спажыўкааперацыі. Дзякуй за багатую прапанову.
– Дзякуй, адзнака нашых пакупнікоў-наведвальнікаў – галоўны стымул і паказчык нашай работы. І мы далей будзем імкнуцца вас здзіўляць, задавольваць і не пакідаць раўнадушнымі.

На прамой лініі працавала Маргарыта КУХТА.