На кірмашы быў, усё купіў. Базарная субота парадавала ляхавічан разнастайнасцю прапановы
У мінулую суботу на рыначнай плошчы райцэнтра разгарнуўся першы сёлета восеньскі кірмаш. Афіцый-на пачатак прызначаўся на 8 гадзін, аднак, бойкі гандаль пачаўся нават раней.
Першым разышлося збожжа з «Жарабковічаў», да 9 гадзін было прададзена амаль усё прывезенае з ДП «Нача» зерне (пшаніца, ячмень, кукуруза). Каля машыны ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» поўным ходам ішоў патрэбны запіс на салому ў рулонах (па восем рублёў за адзін). Выгадна і зручна: запісаўся – і табе прывязуць тавар па адрасе. Жадаючых скарыстацца такой паслугай хоць адбаўляй.
Хіт продажу – бульба: розных сартоў, харчовая і на насенне, вырашчаная на палях СВК «Ляхавіцкі», райаграсэрвіса, закупленая райпо.
Парадавалі разнастайнай агароднінай і садавіной фермеры і прыватныя гаспадаркі. Вітамінную прадукцыю куплялі кілаграмамі, сеткамі, некаторыя заносілі тавар дадому, каштавалі і вярталіся за чарговай порцыяй. Ля кожнага імправізаванага павільёна пад адкрытым небам – чэргі пакупнікоў. Асартымент у вядомага агароднінавода Аляксея Нікіціна разнастайны: капуста, памідоры, цыбуля, морква.Такі ж багаты асартымент з палёў і саду Мікалая Машэя.
Як жа на восеньскім кірмашы без саджанцаў! Выбар і тут зай-здросны, цэны, як сведчаць знаўцы, прымальныя. А яшчэ ў суботу на кірмашы быў рыбны дзень.
За фірменным і, па словах пакупнікоў, вельмі смачным лясгасаўскім прадуктам – мёдам – чарга толькі нарастала. Кансерваванай агароднінай, малінавым варэннем, павідлам гандляваў мясцовы кансервавы завод.
У мясным павільёне традыцыйна гаспадарылі прыватнікі і зноў жа «Жарабковічы», якія прапанавалі пакупнікам бараніну і ялавічыну.
«Знайшлі» сваіх спажыўцоў і прама на машыне «паехалі» па адрасах колатыя дровы і брыкет ад райпалівазбыту.
Да месца прыйшліся і заезджыя гандляры, якія па прымальных цэнах прапаноўвалі вязаныя рэчы, а таксама самаробныя ўпрыгожванні, карціны, іншы спадарожны тавар.
І ўсё ж, па меркаванні многіх, лідарам па папулярнасці сярод тых, хто ў суботу базарыў, было ляхавіцкае райпо. Багаты выбар садавіны і агародніны (у тым ліку фасоля, шампіньёны, гарбузы, журавіны), шырокі асартымент мясных вырабаў і паўфабрыкатаў, саленні ўласнай вытворчасці – гэта і многае іншае прыйшлося землякам даспадобы.
Кірмаш «спяваў». Падбадзёрвалі, стваралі добры настрой пакупнікам і прадаўцам удзельнікі мастацкай самадзейнасці і культработнікі Конькаўскага і Ураджайнінскага СДК.
Усё гэта вы не бачылі на свае вочы? Не засмучайцеся! Наступная кірмашовая сустрэча на рыначнай плошчы запланавана на 2 лістапада.
Ёсць пытанне ад «ЛВ»
Як вам кірмаш?
Валерый ДЗЕМІДОВІЧ:
– Прыехалі з Баранавічаў. Пра кірмаш даведаліся ад знаёмых. Палічылі, што ў Ляхавічах цэны на агародніну будуць таннейшыя, і не памыліліся.Транспарт у нас свой, таму загрузіліся пад завязку. Капусты ўзялі два мяхі: хопіць і заквасіць, і на зіму ў запас.
Аляксей НІКІЦІН, агароднінавод:
– Звычайна гандлюем на перадрыначнай плошчы кожныя выхадныя. Гэта субота асаблівая. Таму павялічылі колькасць капусты, морквы, памідораў, і не пашкадавалі, тавар раскупляецца. Гандлюем усёй сям’ёй.
Святлана СТРАМАВУС, ляхавічанка:
– Заўжды чакаю восеньскага кірмашу. Для мяне гэта выдатная магчымасць зіму сустрэць з вітамінным запасам. Закупіла ўсё, што планавала: морква, буракі, цыбуля, журавіны. Дарэчы, на такія лячэбныя ягады цана ўсяго 4 рублі за кілаграм. Сын спецыяльна на гэтыя выхадныя прыехаў, так што з дастаўкай праблем у мяне няма.
Святлана ЗЯНЮК, бухгалтар ААТ «Жарабковічы»:
– Хацелі парадаваць гараджан якаснай і таннай жарабковіцкай прадукцыяй. Зерня прывезлі амаль поўны кузаў машыны. Раскупілі за гадзіну-другую. У мясным павільёне прадавалі мяса. Спадзяёмся, пакупнікам спадабалася.
Сяргей Васільевіч, ляхавічанін:
– Мы з жонкай прыйшлі спецыяльна за мёдам. Заўжды бяром лясгасаўскі – якасць выдатная. Сёння купілі пяць вялікіх банак. Добра, што фермеры прывезлі яблыкі, наш сад у гэтым годзе ўраджаем не парадаваў.
Вольга КАРПОВІЧ, ляхавічанка:
–Трымаю курэй. Таму прыехала за пшаніцай і кукурузай. Усё набыла ў «Начы». Муж набыў саджанцы, будзем абнаўляць сад. Абавязковыя пакупкі – мёд, журавіны.
Ірына ТУПІК, ляхавічанка:
– Кірмаш – клас! Ніколі не адмаўляю сабе ў задавальненні наведаць яго, без пакупак дамоў не вяртаюся. А ў гэтым годзе нагода асаблівая: буду выступаць на сцэне. Займаюся ў самадзейнасці Конькаўскага СДК.
Ігар ЯВАРЧУК, вядучы спецыяліст райсельгасхарчу:
– Прааналізавалі мінулагоднія восеньскія кірмашы, улічылі сёлетні ўраджай, абмеркавалі, якое прадпрыемства які тавар прадставіць. Хапіла зерня, бульбы, іншай агародніны. Лічу, што атрымалася задаволіць попыт спажыўцоў. Ды і пэўныя высновы на наступны кірмаш зрабілі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.