Спакойна і па-дзелавому. Паралельна з перапісам у Беларусі праходзіць і важнейшая сёлета палітычная кампанія — выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны сёмага склікання
Паралельна з перапісам у Беларусі праходзіць і важнейшая сёлета палітычная кампанія. Усяго тры тыдні застаецца да 17 лістапада — даты, на якую прызначаны выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны сёмага склікання
Падрыхтоўка да выбараў, у тым ліку ў нашым раёне, ідзе па адпрацаваным да дробязяў плане – спакойна і па-дзелавому. Некаторымі падрабязнасцямі з «ЛВ» падзяліліся тыя, хто непасрэдна задзейнічаны ў ёй.
Тамара ПРАКАП’ЮК, член акруговай выбарчай камісіі Баранавіцкай сельскай выбарчай акругі № 7:
– Свайго прадстаўніка ў парламенце жыхары Ляхавіччыны, як і раней, будуць выбіраць разам з суседзямі. Нагадаю, што наш раён, а таксама Баранавіцкі і частка Ганцавіцкага ўтвараюць Баранавіцкую сельскую выбарчую акругу № 7. З 62574 выбаршчыкаў у акрузе 20250 – нашы землякі.
Як паведамлялася раней, на дэпутацкі мандат па Баранавіцкай сельскай выбарчай акрузе прэтэндуюць тры кандыдаты, якія пасля рэгістрацыі атрымалі права праводзіць перадвыбарную агітацыю. Акруговая камісія правяла паміж імі жараб’ёўку па размеркаванні эфірнага часу для выступленняў.
Зацверджаны тэкст бюлетэняў для галасавання і вызначана іх колькасць.
Для назірання за правядзеннем выбараў пры акруговай камісіі акрэдытоўваюцца назіральнікі. Сярод іх ужо ёсць прадстаўнікі прафсаю-заў, Камуністычнай партыі Беларусі, БРСМ. Аднаго з назіральнікаў накіравалі грамадзяне шляхам падачы заявы.
Вольга ДАРАШКЕВІЧ, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама:
– На тэрыторыі раёна ўтворана 29 участкаў для галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Хочацца звярнуць увагу выбаршчыкаў на некаторыя змяненні, што адбыліся сёлета. Так, з-за невялікай колькасці насельніцтва не арганізоўваўся выбарчы ўчастак у Сваятычах, тутэйшыя і жыхары навакольных вёсак цяпер будуць галасаваць на Жарабковіцкім участку, што размяшчаецца ў адміністрацыйным будынку сельвыканкама.
Месцазнаходжанне шэрага ўчасткаў змянілася з-за закрыцця некаторых устаноў культуры. Галаўнінскі ўчастак для галасавання перамясціўся ў адміністрацыйны будынак ЗАТ «Белпрампрыбор» (в. Галаўнінцы, вул. Інтэрнацыянальная, 19). А Вялікалотаўскі ўчастак для галасавання пераехаў у ляхавіцкую гімназію (вул. Інтэрнацыянальная, 3). Такім чынам, падчас гэтых выбараў у гімназіі будуць працаваць два ўчасткі для галасавання: Ляхавіцкі- Інтэрнацыянальны № 40 і Вялікалотаўскі № 58.
Літаральна некалькі словаў пра ўчастковыя выбарчыя камісіі. У іх склад у нашым раёне ўвайшлі 234 чалавекі: прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў (прафсаюзаў, «Белай Русі», БРСМ, ветэранскай арганізацыі, Беларускага саюза жанчын і г.д.), працоўных калектываў, а таксама вылучаныя грамадзянамі шляхам падачы заяў.
Да 1 лістапада ўчастковыя камісіі завершаць удакладненне спісаў выбаршчыкаў, так што ў першапачаткова агучанай колькасці магчымы змяненні. Кожны жадаючы зможа прыйсці на ўчастак і праверыць, ці ўнесена ў спіс яго прозвішча.
Ларыса ЮШКЕВІЧ, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:
– У кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб зараз надзвычай адказны перыяд – перадвыбарная агітацыя. Яна працягнецца да 16 лістапада ўключна.
Кожнаму з кандыдатаў у дэпутаты прадастаўлены роўныя магчымасці выкарыстання дзяржаўных СМІ: бясплатна выступіць па абласным радыё, тэлебачанні, надрукаваць свае праграмы ў газетах.
У Ляхавіцкім раёне на мінулым тыдні адзін з прэтэндэнтаў на месца ў парламенце праводзіў ужо сустрэчы з выбаршчыкамі. Нагадаю, што для гэтых мэт рашэннем райвыканкама вызначаны месцы і памяшканні.
Агітацыя можа праводзіцца ў розных формах, вызначаных выбарчым заканадаўствам, у тым ліку сходаў, мітынгаў, пікетавання. Інфармацыю пра іх правядзенне можна знайсці на старонцы Ляхавіцкага райвыканкама на сайце аблвыканкама.
Запісала Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.