Узор здароўя. Летась Востраўскі ФАП быў прызнаны лепшым у вобласці
Узорна! Гэта кароткая, але дакладная характарыстыка
і фельчарска-акушэрскага пункта ў аграгарадку Востраў, і
яго вопытнай загадчыцы Таццяны Аніскевіч. Летась Востраўскі ФАП быў прызнаны лепшым у вобласці
Раніцай, хоць па графіку ФАП яшчэ і не пачынае работу, яго загадчыца Таццяна Аніскевіч ужо ў белым халаце на сваім працоўным месцы. Паспела прыехаць з Тухавічаў, дзе жыве, на скутары (такі транспартны сродак мясцовым медыкам калісьці падарыла ЗТАА «БелДан») у аграгарадок Востраў. Увесь яе дзень распісаны па хвілінах. Камусьці патрэбна ціск памераць, камусьці –
рану перавязаць, укол атрымаць – фельчар спраўляецца з усім віртуозна.
– Востраўскі ФАП – гонар райбальніцы. Яго загадчыца Таццяна Аніскевіч прафесіянал сваёй справы, граматны медработнік, шчыры, адкрыты чалавек. Некалькі гадоў назад гэта медустанова была занесена на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна, – гаворыць намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў.
Востраўскі фельчарска-акушэрскі пункт неаднойчы станавіўся пераможцам разнастайных аглядаў, конкурсаў сярод аналагічных сельскіх устаноў аховы здароўя. Летась, напрыклад, быў прызнаны лепшым у вобласці.
У загадчыцы ФАПа спраў нямала. Выклікі да хворых на дом, прыём пацыентаў (у дзень да 20 чалавек), прафілактычныя агляды, у тым ліку ў мясцовых школе і дзіцячым садку, прышчэпкі, санітарна-асветніцкая работа ў сельгаспрадпрыемствах, лясніцтве, сярод вяскоўцаў.
Таццяна Паўлаўна пераканана, што медыцынскае абслугоўванне землякоў арганізавана на належным узроўні. Тройчы на тыдзень у Востраве на ФАПе прыём пацыентаў вядзе ўрач Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Наталля Пятліцкая. У астатні час за здароўем больш як 900 чалавек – менавіта столькі жыхароў у Востраве, Заполлі, Траццякоўцах, Куліках, Падлаззі, Бярэзках, Любейках – адказвае тутэйшы медык.
– Калі працавала медсястрой у Тухавіцкай участковай бальніцы, даводзілася ў адсутнасць урача і раны зашываць, і роды прымаць. Майму першаму прынятаму нованароджанаму сёлета 3 верасня споўнілася 22 гады. Так што вопыт маю, – дзеліцца Таццяна Аніскевіч. А вопыт у яе і сапраўды важкі – больш за чвэрць стагоддзя.
Акрамя асноўных абавязкаў фельчара Таццяна Паўлаўна яшчэ і прадае лекі, і разам з санітаркай Ірынай Галенка стварае «імідж» тутэйшага ФАПа (ён, між іншым, сёлета прызнаны лепшым сярод медустаноў раёна па добраўпарадкаванні тэрыторыі), стараецца, каб наведвальнікам было ўтульна і зручна. З тым, што прыгажосць выратуе свет, Таццяна Аніскевіч поўнасцю згодна, толькі дадае: і ўмацоўвае здароўе.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.