Бытоўка гарантуе якасць і камфорт
Жадаеце пашыць сучасную сукенку ці абнавіць касцюм, даць другое “жыццё” любімым туфлям ці без асаблівых намаганняў памыць бялізну, зрабіць модную прычоску ці манікюр, адрамантаваць гадзіннік ці складанабытавую тэхніку, заказаць агароджу ці тратуарную плітку, скарыстацца паслугамі хімчысткі ці ўзяць напракат тэлевізар або халадзільнік? Усе гэтыя і іншыя віды папулярных і неабходных ва ўсе часы паслуг вам прапануе КУП па аказанні паслуг “Ляхавіцкі раённы камбінат бытавога абслугоўвання”.
Канечне, такіх вялікіх чэргаў у атэлье, як калісьці раней, няма. Тым не менш, многія ляхавічане і сёння з задавальненнем наведваюць швейны цэх бытоўкі. Заўсёды ветліва сустракае кліентаў вопытны закройшчык Вера Вялічка. Абаяльная жанчына, прафесіянал швейнай справы і спецыяліст, адданы прадпрыемству (працуе ў КБА больш за 30 гадоў), яна абавязкова выслухае пажаданні заказчыка, дасць канкрэтную і слушную параду, дапаможа падабраць фасон адзення, які найбольш адпавядае фігуры.
Акрамя індывідуальных заказаў на адзенне, у цэху шыюць пасцельную бялізну, якую рэалізуюць праз сельскія комплексныя прыёмныя пункты, і спецадзенне для арганізацый і сельгаспрадпрыемстваў раёна. У прафесійных швачак Вольгі Рамановіч і Святланы Татарыновіч кожная строчка роўненькая і акуратная, іх вырабы не адрозніш ад фабрычных. Яны любяць сваю справу, працуюць з душой.
Яшчэ адна візітоўка і значны ўчастак работы КБА – абутковая майстэрня. Цяжка падлічыць, колькі пар абутку прайшло праз рукі прыёмшчыцы Ірыны Крыцук. Многіх заказчыкаў яна ведае ў твар і нават памятае, за якім відам рамонту яны найчасцей звяртаюцца да абутнікоў. Кожны майстар-абутнік мае пастаянных кліентаў. Сапраўдны ас абутковай справы – Араік Авсепян.
Дарэчы, менавіта сюды штодзённа прывозяць абутак на рамонт і з сельскіх КПП. Максімум за 10 дзён туфлі, боты і г.д. у абноўленым выглядзе вяртаюцца да сваіх уладальнікаў.
Як і вымытая, адпрасаваная бялізна, якая была здадзена ў пральню. Пральня КБА папулярная і ў гарадскіх гаспадынь. Зручна, выгадна і хутка. За месяц гэтай паслугай карыстаюцца каля 60 чалавек. Заключаны дагавор з райбальніцай, і ў пральні вяртаецца чысціня бялізне з гэтай установы аховы здароўя. Кіруе ўсім працэсам аператар Галіна Сайко.
Не сядзяць без справы і стваральнікі прыгожых сучасных прычосак, майстры манікюру і педыкюру. Меліраванне, афарбоўка валасоў, стрыжка, прычоска, укладка – тутэйшыя цырульнікі майстры на ўсе рукі. Віртуозна валодае нажніцамі, расчоскай, фенам Святлана Лешык. Калі вашы рукі трапілі да майстра манікюру Юліі Юруць, можаце быць упэўнены, яна ператворыць іх у эталон прыгажосці і да-гледжанасці.
Асаблівая сфера дзейнасці бытоўкі – сельскія комплексныя прыёмныя пункты. Тут вядзецца прыём абутку у рамонт, аказваюцца рытуальныя паслугі. Папулярная і запатрабаваная паслуга цырульніка, які па графіку выязджае на КПП. Да таго ж бытавікі для зручнасці насельніцтва, асабліва пажылога ўзросту, робяць падворныя абходы, каб наблізіць свае паслугі. Адказна, прафесійна і з сучасным падыходам працуюць з кліентамі, вывучаюць іх запыты і патрабаванні загадчыцы комплексных прыёмных пунктаў Алена Наліўка (Тухавічы), Ганна Папельская (Свяціца), Валянціна Смаршчок (Малагарадзішчанскі), Людміла Казарына (Жарабковіцкі), Людміла Шыхат (Конькаўскі).
Кіруе гэтым участкам работы адказны спецыяліст старшы майстар Зінаіда Кумейша.
Значная роля ў паспяховай рабоце ўсяго калектыву адводзіцца бухгалтарска-эканамічнай службе. Заўсёды сходзіцца дэбет з крэдытам у бухгалтара Таццяны Краўчанка.
“Наша прадпрыемства шматпро-фільнае, аказвае шматлікія запатрабаваныя паслугі насельніцтву. Калектыў знаходзіцца ў пошуку: новых паслуг, рынкаў збыту, удасканалення майстэрства. Мы імкнёмся заваяваць давер землякоў, ведаем свае праблемы і слабыя месцы, таму ў планах – развіццё і ўдасканаленне сферы паслуг, – сцвярджае новы дырэктар Ляхавіцкага КБА Міхаіл Пятроўскі і шчыра дадае: — Напярэдадні прафесійнага свята віншую сваіх калег і жадаю, каб спраўдзілася ўсё задуманае”.
Галіна КАНЬКО.