Вікторыя – гучыць пераможна. Ураджэнка Ганчароў не малюе паветраныя замкі, а праектуе сваю будучыню ўжо сёння
Знаёмцеся – гэта наша зямлячка Вікторыя Гец (на здымку). Жыццярадасная і абаяльная, яркая і энергічная, мэтанакіраваная і творчая. А яшчэ прыемны суразмоўца з аб’ёмным «камплектам» ведаў. Цікава апавядае пра губернскiя казённыя палаты на тэрыторыi Беларусі, сацыяльнае становішча сялян, пра стан і развіццё прадпрымальніцтва, розныя гістарычныя і палітычныя працэсы. Займаецца навуковай дзейнасцю, мае больш за 15 навуковых артыкулаў і публікацый па гісторыі, псіхалогіі, педагогіцы.
Скончыла школу з залатым медалём, як і марыла, паступіла ў БДПУ імя М. Танка на гістарычны факультэт. Зараз вучобу ў магістратуры ўладальніца чырвонага дыплома (сярэдні бал – 9,6) сумяшчае з працай ва ўніверсітэце ва ўпраўленні міжнароднага супрацоўніцтва.
Малады спецыяліст ужо мае ўнушальны паслужны спіс. Чатыры разы станавілася стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Вікторыя – пераможца гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства «Сталічны настаўнік – сталічнай адукацыі» ў намінацыі «педагагічны дэбют», у якім за званне лепшага змагаліся шэсць фіналістаў. Каб ацаніць значнасць, трэба ведаць, што выпрабаванне гэта праводзіцца раз у чатыры гады, заданні патрабуюць не толькі прафесійных ведаў, але і крэатыўнасці, таленту.
Мае Вікторыя і своеасаблівы педагагічны «Оскар»: прызнавалася лепшай ва ўніверсітэцкім конкурсе «Студэнт года» ў намінацыі «вучэбна-прафесійная дзейнасць». Пералік дасягненняў можна працягваць і далей. Акрамя ўсяго, наша Віка – лаўрэат вакальнага конкурсу «Музычны алімп», спартсменка, актыўная ўдзельніца валанцёрскага руху. Летам не адпачывала, а набіралася вопыту сяброўства і ўзаемадзеяння з рабятамі. Дзевяць змен адпрацавала ў педагагічным атрадзе «Ветразь».
Дэбютавала на «Венскім балі», вальсавала на Рэспубліканскім балі выпускнікоў ВНУ. Гэта асаблівая старонка жыцця, якая пакінула мноства цудоўных эмоцый і ўспамінаў.
Як сумяшчала заняткі і даследаванні, грамадскую дзейнасць і захапленне вакалам з навуковымі канферэнцыямі і гадзінамі працы ў бібліятэках, архівах?
– Бацькі з дзяцінства прывучылі, што для выніку трэба прыкласці намаганні, поспех не прыходзіць без працы. Падабалася атрымліваць новыя веды, шукаць сябе, спрабаваць у розных ролях. Каб усюды паспець, імкнулася правільна размеркаваць час, зарэкамендаваць сябе адказнай студэнткай, – дзеліцца Вікторыя Гец і падкрэслівае, што ёй заўсёды шанцуе на людзей, якія падтрымліваюць і вераць у яе сілы. У школе гэта былі родныя і настаўнікі, ва ўніверсітэце – выкладчыкі і тыя, хто нераўнадушна прымаў і прымае ўдзел у жыцці Вікторыі, сябры.
Зараз Вікторыя Ігараўна працягвае пазнаваць сакрэты педагагічнай прафесіі ў магістратуры, піша навуковыя работы, дысертацыю. А супрацоўніцтва з замежнымі студэнтамі дае магчымасць знаёміцца з новай культурай, цікавымі людзьмі.
Душой жа Віка заўсёды ў родных мясцінах, у бацькоўскім доме, дзе яе чакаюць тата з мамай, прыязджае сястра Даша. Яна, дарэчы, таксама скончыла ВНУ з чырвоным дыпломам. І гэта выпускнікі вясковай школы! Уласным прыкладам яны чарговы раз пацвярджаюць: галоўнае на шляху да прафесіі – жаданне, працавітасць і разуменне, што ніколі нельга спыняцца на дасягнутым.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Вікторыі Гец.