Сумленне чысціні. Лічаныя дні – і месячнік па добраўпарадкаванні падвядзе вынікі марафону чысціні і ўтульнасці
Гэтымі днямі горад на вачах станавіўся яшчэ больш прыгожым. А як па-іншаму, калі практычна ўсе дзяржаўныя і прыватныя прадпрыемствы, установы і арганізацыі, працоўныя калектывы, навучэнцы і проста нераўнадушныя землякі сталі актыўнымі ўдзельнікамі чыстай справы.
Гэта тэма стала цэнтральнай і на апаратнай нарадзе ў райвыканкаме ў мінулы панядзелак. Прадстаўнікі адказных службаў праінфармавалі пра ход месячніка ў раёне. Рамонтныя работы, уборачныя клопаты, аднаўленчыя справы ладзіліся па многіх гарадскіх і вясковых адрасах. Напрыклад, аддзел па адукацыі райвыканкама выдаляў аварыйныя дрэвы на прышкольных тэрыторыях, добраўпарадкаваў кветнікі, рамантаваў пешаходныя дарожкі, аднавіліся і многія элементы ўстаноў адукацыі. А яшчэ работнікі сістэмы адукацыі пашчыравалі на тэрыторыях палацава-паркавых комплексаў у Начы, Грушаўцы, Сваятычах, Рэпіхаўскім парку. Не абмінулі сваёй увагай і акцыі «Чысты школьны двор», «Моладзь за чысціню гарадоў і вёсак», «Чысты лес». Свой спіс «парадкавых» спраў ёсць і ў лясгаса, кансервавага завода, ільнозавода, камунгаса, ДРБУ-200, райвыканкама і іншых.
На жаль, многія не разумеюць, што парадак навокал – справа кожнага. Да тых, хто не жадае выконваць правілы добраўпарадкавання і ўтрымання тэрыторый у належным выглядзе, свае дзейсныя меры. З мая па лістапад спецыялісты аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама выдалі фізічным асобам каля сотні прадпісанняў аб навядзенні парадку, накіраваны даручэнні кіраўнікам арганізацый розных формаў уласнасці.
Лепш, чым дабаўляць работы таму ж камунгасу, зрабіце прыемна і сабе, і іншым: утульнасць вакол – справа агульная.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.