Уважлівая ўвага. Клопат пра людзей, чалавека ў Беларусі – у аснове дзяржаўнай палітыкі
Клопат пра людзей, чалавека ў Беларусі – у аснове дзяржаўнай палітыкі. Гэта падтрымка і абарона сям’і, дзяцінства, мацярынства, увага да старэйшага пакалення і многае іншае. Сістэма сацыяльнай абароны насельніцтва для тых, каму патрэбна дапамога, становіцца сапраўднай апорай.
Калі яшчэ малады, а побач родныя і сябры, то праблемныя сітуацыі ўспрымаюцца не так востра. У пажылым узросце каштоўнае кожнае добрае слова, што і казаць пра фінансавую падтрымку.
Ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па стане на 1 лістапада на ўліку знаходзіцца 8176 землякоў паважанага ўзросту. У верасні са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва на выплату пенсіі і дапамогі зрасходавана без малога 3,4 мільёна рублёў, а з пачатку года сума перавысіла 28 мільёнаў рублёў.
Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна са спецыялістамі райвыканкама, прадстаўнікамі сельвыканкамаў, РАНС штогод праводзіць абследаванне матэрыяльна-бытавога становішча адзінокіх і адзінока пражываючых пажылых грамадзян, ветэранаў вайны, іншых катэгорый насельніцтва. Бывае, што менавіта пасля наведвання такіх гасцей рамантуецца печка, устанаўліваецца пажарны апавяшчальнік, вырашаюцца іншыя бытавыя пытанні.
Сродкі на сацыяльную падтрымку непрацаздольных грамадзян выдзяляюцца з Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва. Матэрыяльную дапамогу за 10 месяцаў атрымалі 173 жыхары раёна на агульную суму амаль 17,5 тысячы рублёў.
На асаблівым рахунку – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, асобы, пацярпелыя ад наступстваў вайны і г. д. Адзінокі – не значыць пакінуты. У цяжкай жыццёвай сітуацыі іх падтрымліваюць, шукаюць шляхі вырашэння праблем. Так, адрамантаваны печкі, праводка, устаноўлены 13 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і чатыры АПА з вывадам на сігнальна-гукавое ўстройства.
На падтрымку пералічаных катэгорый з раённага бюджэту з пачатку года пайшло больш за 4,6 тысячы рублёў.
У раёне працуе аддзяленне дзённага знаходжання пажылых людзей, дзе яны – галоўныя героі і сцэнарысты шматлікіх мерапрыемстваў, удзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах. Па-дамашняму ўтульна і камфортна пастаяльцам Ганчароўскага дома. У сельскіх населеных пунктах маюцца дамы сацыяльных паслуг. І клопат дзяржавы пра пенсіянераў штодзень пацвярджаецца не толькі гэтымі справамі.
У ТЭМУ
Вячаслаў ЛОЙКА, аг. Жарабковічы:
– Жыву ў доме бацькоў у Жарабковічах. Даўно пенсіянер, аднаму цяжка падрыхтавацца да зімы. Звярнуўся за падтрымкай у сацыяльную службу. Вельмі ўдзячны за матэрыяльную дапамогу. Адрамантаваў печку – гарыць роўна, добра грэе. Зараз восень цёплая, пакуль палю праз дзень.
Зоя ОСІПАВА, ляхавічанка:
– Кожны год да мяне як да вязня вайны прыходзіць камісія для абследавання ўмоў жыцця. Не працавала печка, дымаход патрабаваў рамонту. А супрацоўнікі ТЦСАН да вырашэння праблемы аднесліся так, як быццам дапамагалі роднаму чалавеку. Бязмерна ўсім удзячная.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з сайта https://www.istockphoto.com