Белы бок хваробы. 14 лістапада ў календары здароўя пазначаны як дзень прафілактыкі цукровага дыябету
Цукровы дыябет – хвароба з тысячагадовым стажам. Сапраўдны прарыў у яе лячэнні адбыўся ў 1914 годзе, калі быў выдзелены інсулін.
З гэтым адкрыццём наступіла новая эпоха ў медыцыне, і для хворых з дыягназам «дыябет» жыццё кардынальна змянілася. І сёння інсулін самы эфектыўны прэпарат для лячэння цукровага дыя-бету.
Гэта хвароба характарызуецца хранічнай гіперглікеміяй, якая суправаджаецца пашкоджаннем, дысфункцыяй і недастатковасцю розных органаў, асабліва пакутуюць вочы, ныркі, нервовая сістэма, сэрца і крывяносныя сасуды. На жаль, колькасць хворых з такім дыягназам расце з кожным годам. А па сваіх наступствах хвароба пераўзыходзіць ВІЧ: слепата ў 7 разоў часцей наступае пры дыябеце, кожны сёмы пацыент на гомадыялізе мае такі ж дыягназ, аперацыі аортна-каранарнага шунціравання ў чвэрці выпадкаў праводзяцца ў пацыентаў з дыябетам.
У Ляхавіцкім раёне на ўліку знаходзіцца 1160 пацыентаў з цукровым дыябетам (у два разы больш, чым дзесяцігоддзе назад). Але гэта толькі бачная частка айсберга. Дыягназ устанаўліваецца пры ўзроўні глюкозы ў крыві нашча (двойчы ў розныя дні) вышэй 6,2 моль/л ці пры ўзроўні 11,2 і вышэй незалежна ад прыёму ежы і часу сутак. Лячэнне трэба пачынаць адразу. Клінічныя прыкметы праяўляюцца, калі ўжо сфарміраваны ўскладненні дыябету. Добрая кампенсацыя ў пачатку хваробы закладвае належны фундамент якасці жыцця ў будучым. Неабходна кантраляваць узровень глюкозы ў крыві штодзённа, узровень глікіраванага гемаглабіну два разы ў год. Нельга дапускаць высокі ўзровень халестэрыну ў крыві, а таксама мачавой кіслаты. Абавязковы рэгулярны агляд у неўролага, афтальмолага, хірурга.
Асноўная прафілактыка дыябету – здаровы лад жыцця. Сачыце за ўласнай вагой, не пераядайце, выконвайце аэробныя нагрузкі (хадзьба не менш за 2,5 гадзіны ў дзень, плаванне, язда на веласіпедзе, ранішняя гімнастыка). Не забывайце пра правільнае харчаванне, скараціце колькасць транстлушчоў у рацыёне, больш ужывайце клятчаткі, агародніны, кісламалочных прадуктаў, рыбы. Узровень артэрыяльнага ціску не павінен перавышаць 140/80, халестэрыну – 4,5, трыгліцэрыдаў – 1,8, глікемія нашча – не вышэй за 5,5 моль/л. Поўная забарона на шкодныя звычкі, а вось рэгулярнасць прыёму назначаных урачом лякарстваў – абавязковая. Толькі разам пацыент і ўрач могуць даць адпор каварнай хваробе.
Вольга БАРТАШЭВІЧ, урач-эндакрынолаг Ляхавіцкай ЦРБ.
Фота з https://yandex.kz