СВК «Ляхавіцкі». Працаваць і перамагаць

Механізатар Мікалай Рылко.

Традыцыю гучаць сярод пераможцаў, быць у ліку лепшых СВК «Ляхавіцкі» падтрымлівае даўно і трывала. Сёлета сельгас-прадпрыемства заняло першае месца ў раённым спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці алейнага насення рапсу, прызнана лепшым і на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, атрымала «бронзу» на нарыхтоўцы травяністых кармоў.
У ганаровым спісе пераможцаў – аператары зернесушыльнага комплексу Анатолій Герасімовіч, Леанід Юнік і Іван Рабцэвіч, у якіх другое месца абласнога ўзроўню. Тэхнік па штучным асемяненні БРЖ Іван Патаповіч заслужыў падзяку Мінсельгасхарчу, ветурач-гінеколаг Сяргей Белавус – Падзячнае пісьмо аблвыканкама, Грамата камітэта па сельскай гаспадарцы і хар-чаванні ў галоўнага інжынера Андрэя Новіка.
У СВК ведаюць, што рэйтынг прадпрыемства ў прамой залежнасці, у тым ліку, і ад стану тэхнікі. Валерый Ракашэвіч, што шчыраваў на нарыхтоўцы кармоў і заняў трэцяе месца, узнагароджаны юбілейным медалём «100 гадоў органам дзяржаўнага кіравання сельскай гаспадаркай і харчаваннем Беларусі». На другім месцы ў раённым спаборніцтве сярод аператараў зернесушыльных комплексаў Аляксандр Ходар і Міхаіл Бурбіцкі, сярод вадзіцеляў – Аляксандр Траяноўскі. Наогул, і сярод пераможцаў раённага працоўнага марафону шмат тутэйшых прозвішчаў. Кожны з  252 работнікаў «Ляхавіцкага» заслугоўвае добрых слоў за ўклад у агульны вынік, адзначае старшыня СВК Іван Вітко.
«Ляхавіцкі», сярод іншага, ведаюць і за смак бульбы. Яе ўраджайнасць сёлета 402 цэнтнеры з гектара. Збожжавыя адзначыліся на 45,2 цэнтнера на круг. Надой на карову за 10 месяцаў –  7332 кілаграмы. У многім гэта заслуга аператараў машыннага даення Вольгі Грыкель, Галіны Красоўскай, Таццяны Канцылярчык, Людмілы Казакевіч і іншых. Павялічваецца рапсавая тэрыторыя. Гэтай азімай культурай летась засеялі 500 гектараў, а сёлета сабралі 36,7 цэнтнера алейнага насення з гектара. Для павышэння якасці зерня ў СВК абноўка – элеватарная сушылка «Грынвей», якая ў гадзіну перапрацоўвае 25 тон. Пратэсціравалі яе на кукурузе. Ацэнка – выдатная.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.