Жарабковіцкі вышэйшы клас. ААТ «Жарабковічы» – гаспадарка адметная, у многім паказальная для нашага раёна
Малочныя рэкорды
У студзені на ўсю Брэстчыну прагучала прозвішча аператара машыннага даення МТФ «Гулічы» Людмілы Кудзін, якая па выніках 2018 года ў сярэднім ад кожнай рагулі надаіла па 10011 кілаграмаў малака. А напрыканцы года Людміла – адна з лепшых у сваёй прафесіі не толькі па «Жарабковічах», але і сярод гаспадарак раёна. Бясспрэчнае ж лідарства ў яе калегі Наталлі Карповіч з МТФ «Дамашы», якая за 10 месяцаў надаіла ад кожнай каровы па 7018 кілаграмаў малака. У перадавіках таксама Лідзія Чаркас з МТФ «Жарабковічы», Наталля Вайцяхоўская (МТФ «Гулічы»), вынік кожнай перавышае 6500 кілаграмаў. Таццяна Лук’янчык і Зоя Дамброўская з МТФ «Зарытава» да гэтай лічбы на падыходзе: маюць адпаведна 6366 і 6238 кілаграмаў малака.
– За 10 месяцаў валавы надой па гаспадарцы склаў 13765 тон малака. І гэта добры паказчык. Канешне, малайцы нашы дзяўчаты –
аператары машыннага даення, якія любяць сваю прафесію. Заслуга ў агульным выніку і ў жывёлаводаў-даглядчыкаў, якія клапоцяцца пра рагуль. На кожнай ферме зладжаны калектыў. Задача кіраўніцтва гаспадаркі – падтрымліваць, ствараць належныя ўмовы, якія дазволяць поўнасцю адмовіцца ад ручной працы, – гаворыць дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты.
Тутэйшыя дасягненні – прыклад для пераймання. Стараюцца не адстаць ад жарабковіцкіх работнікаў і тыя, хто нядаўна яшчэ працаваў у КСУП «Тальмінавічы», а нядаўна стаў паўнапраўным працаўніком гэтай гаспадаркі. А, напрыклад,
аператар машыннага даення МТФ «Тальмінавічы» Святлана Аляшкевіч і даглядчык цялят на ферме «Гайнінец» Алег Паштальяновіч не толькі даганяюць сваіх новых калег, але па некаторых паказчыках і пераўзыходзяць.
Праз некалькі тыдняў у гаспадарцы чакаецца «малочнае» наваселле: за кошт абласнога бюджэту і ўласныя сродкі будуецца новая МТФ «Зарытава» з даільнай залай, якая разлічана на 720 кароў.
– Поспех немагчымы без намаганняў ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў. Апошнюю 12 гадоў узначальвае Леанід Новік, які пачынаў сваю працоўную біяграфію ў нашай гаспадарцы загадчыкам фермы амаль чатыры дзесяцігоддзі назад. Яго добрасумленныя адносіны да справы – прыклад для іншых, – расказвае намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч.
Пацвярджэнне гэтай характарыстыкі мясцовай жывёлагадоўлі – малочны паказчык: напачатку ліпеня ўпершыню ў Ляхавіцкім раёне сутачны надой малака ў цэлым па гаспадарцы перасягнуў 50 тон.
У планах яшчэ лепш і яшчэ больш. Такое магчыма дзякуючы сумленнай і стараннай рабоце жывёлаводаў на дзевяці малочнатаварных фермах, умеламу і прагрэсіўнаму кіраўніцтву. Былі б імкненне і жаданне, а рэсурсы ёсць. Паспяхова працуе і комплекс па адкорме БРЖ, разлічаны на 3000 галоў. Сярэднясутачныя прывагі тут складаюць каля 800 грамаў.
«Жарабковічы» – гэта не толькі малако, але і авечкагадоўля. Штогод сярод галоўных мадэляў Міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра» – кучаравыя прадстаўнікі тутэйшай авечкафермы «Канюхі».
Жніўны экзамен
Сёлетняя ўборачная – новая старонка гісторыі руплівых аграрыяў. І яна не абмяжоўваецца жнівом. Хаця менавіта гэта сельскагаспадарчая кампанія лічыцца залатой, і не толькі таму, што колер коласа падобны на каштоўны метал, але і таму, што менавіта хлеб, у першую чаргу, забяспечвае харчовую бяспеку краіны. У Жарабковічах ураджайнасць збожжавых сёлета склала 60,9 цэнтнера з гектара (летась – 43,8 цэнтнера на круг). Усяго намалацілі 18818 тон збожжа – на 6531 тону больш, чым у мінулым годзе. Пералічваць герояў жніва можна бясконца. Каторы год запар з веданнем справы праводзіць жніво адзін з лепшых камбайнераў Брэстчыны Сяргей Бурак, не адстаюць Андрэй Дзянішчык, Сяргей Турко, Яўгеній Тарабеш. Найвышэйшы майстар-клас паказалі вадзіцелі Анатолій Пятух, Юрый Дымар, якія занялі адпаведна першае і другое месцы ў абласным спаборніцтве сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня. Іх падтрымалі і маладыя Ігар Каўроўскі, Сяргей Вейкніс, Анатолій Пранчак. Жніво – зорны час і аператараў зернесушыльных комплексаў Андрэя Свінабуркі, Мікалая Занько, Аляксандра Пілецкага, Віктара Лойкі, Вадзіма Кудзіна, Ігара Літвіновіча.
Не хлебам адзіным
Як і планавалася, гаспадарка сёлета стварыла паўтарагадавы запас кармоў. Да амаль 40 сіласна-сянажных траншэй сёлета пабудавалі яшчэ дзве. З кукурузы нарыхтавалі 46804 тоны сіласу. Хапіла каралевы палёў і на зерне: намалацілі 1500 тон (750 з іх пайшлі ў кошт аплаты за набыты новенькі «ДжонДзір», 100 тон прадалі ў лік дзяржзаказу, астатняе – на корм жывёле). З кукурузнай уборачнай паспяхова справілася звяно механізатараў у складзе Мікалая Навуміка і Міхаіла Кандыбы.
Яшчэ адна жарабковіцкая фішка ў раслінаводстве – цукровыя буракі. І ў гэтым годзе салодкі корань урадзіў: 500 цэнтнераў з гектара, усяго ж заважыў на 43000 тон. На цукровых палетках ад світання да світання на «Холмеры» шчыравалі Юрый Славута, Руслан Гуліцкі, Анатолій Пранчак, Віктар Клемяня.
Заўтра будуецца сёння
Важкі падмурак на жніво-2020 у «Жарабкові-чах» закладзены яшчэ ўчора. Вывучылі, падлічылі, зверыліся і пераканаліся, што азімыя пшаніца і рапс больш устойлівыя да надвор’я і больш ураджайныя, чым пасеяныя вясной. Павялічылі пасяўныя плошчы пад азімыя: на 600 пшанічных гектараў і на 400 – рапсавых. У гаспадарцы ёсць свой невялікі алейны заводзік.
Павелічэнне надояў, паляпшэнне якасці малака (цяпер гатункам экстра на перапрацоўку пастаўляецца амаль палова надоенага),
больш высокія прывагі БРЖ, дастойная ўраджайнасць – на гэта па-ранейшаму гаспадарка трымае курс. Але, як адзначае Антон Булаты, галоўнае – людзі (сёння тут працуюць 570 чалавек), бо іх адданасць сельскагаспадарчай справе дарагога вартая. А кодавае слова агульнага поспеху – каманда. Таму клопат пра дабрабыт аграрыяў асноўны для кіраўніцтва гаспадаркі. У пацвярджэнне адзін з галоўных паказчыкаў – заработная плата, яна адна з лепшых сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна.
На раённым свяце з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамыс-ловасці АПК найчасцей на сцэну за ўзнагародамі і віншаваннямі падымаліся менавіта прадстаўнікі ААТ «Жарабковічы».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.