ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Плюсанулі

Не сціплы па пасяўных плошчах райаграсэрвіс сёлета пашчыраваў на сваёй тысячы гектараў збожжавых. Сёлетнія 4486 тон намалочанага зерня на фоне леташніх 2148 тон выглядаюць значна больш аптымістычна.
На жніўных палетках сэрвіса летам працавалі 6 экіпажаў і 4 вадзіцелі на адвозцы зерня. Пра сваіх рупліўцаў-механізатараў дырэктар прадпрыемства Раман Раманаў гаворыць як пра людзей адказных, вопытных, старанных.
Папрацавалі і над нарыхтоўкай кармоў. Вынік радуе, адзначае Раман Мікалаевіч: кармоў усіх відаў сёлета нарыхтавалі дастаткова, значна больш, чым летась. А нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю новы будынак на МТФ «Падбарочча», які ўмясціў 400 галоў дойнага статка.
Цяпер займаюцца ворывам, уносяць арганіку і загадваюць на ўраджай-2020. Разлічваюць на станоўчыя зрухі, якім, дарэчы, павінна пасадзейнічаць і абнаўленне мясцовага механізаванага парка: на пасяўной запрацаваў новенькі «Дыскапак-6», папоўнілася гаспадарка трактарамі «Беларус», кормаўборачным комплексам «КГ-6» і касілкай.
Маргарыта КУХТА.