ЗТАА «БелДан». Цыкл пачынаецца з поля


Механізатар Аляксандр Азарчык.

ЗТАА «БелДан» спецыялізуецца на вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі – беконнай свініны. Пра маштабы дзейнасці комплексу сведчыць і той факт, што тут маюць камбікормавы і забойны цэхі.
Поўны вытворчы цыкл пачынаецца з поля. Сёлета трыцікале, пшаніцай, ячменем і аўсом засеялі амаль 1700 гектараў. На хлебнай ніве шчыравалі тры камбайнеры: Павел Канцылярчык, Іосіф Ламанос і Раман Бародзіч. Раман, дарэчы, у раённым спаборніцтве на жніве сярод маладых экіпажаў заняў другое месца. У гаспадарцы механізатар з мінулагодняй вясны, але і за кароткі час паспеў зарэкамендаваць сябе адказным і надзейным работнікам.
Заатэхнік Аляксей Праснякоў на «БелДане» амаль дзесяцігоддзе. На прадпрыемстве ўсе працэсы аўтаматызаваны. Заатэхнік Віталій Мінцэвіч у цэху адкорму кантралюе, каб жывёла была сытая і напоеная, працавала вентыляцыя і г.д. Нават невялікае адхіленне ад нормы можа прывесці да збою ў сістэме. Таму прафесіяналізм і працавітасць – адметныя якасці тутэйшых работнікаў, многія з якіх жывуць у аграгарадку Востраў.
Пра сельгаспрадпрыемства, у якім працуе з пачатку яго заснавання, вядучы бухгалтар Таццяна Быкоўская ведае ўсё. У памяці трымае і ўраджайнасць зерневых, і колькасць камбікорму, неабходнага для забеспячэння прываг, і пра калег заўсёды расказвае з павагай і гонарам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.