Лён аддзячыў за паклон

На льнаводчай карце Беларусі пазначаны і наш раён. Дакладней, вёска Задвор’е, дзе размясцілася ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», які ўзначальвае Дзмітрый Скакун (на здымку)

Парадак ва ўсім

Нават пахмурнае, ахутанае туманамі надвор’е не можа сапсаваць уражанне ад чыстай, добраўпарадкаванай тэрыторыі ААТ. Акуратна і за дзвярамі прахадной.
Як звычайна, талакой «чаруюць» над тэхнікай работнікі транспартнага ўчастка пад кіраўніцтвам Аляксандра Свінабуркі. Аляксандр Мікалаевіч і сам з тэхнікай на ты (на прадпрыемстве ўжо 20 гадоў) і сваіх падначаленых, а іх 42 чалавекі, гэтаму вучыць. Дарэчы, машынна-трактарны парк завода немалы – больш за
70 адзінак тэхнікі. А калі за справу бяруцца трактарысты Уладзімір Маслоўскі, Аляксандр Цэменя, вадзіцелі Сяргей Кісцень, Яўгеній Скарадзіла, зваршчык Уладзімір Жук, можна не сумнявацца –
усё будзе зроблена найлепшым чынам.
У шохах роўна размясціліся рулоны. Парадак і ў цэхах. Наогул, чысціня – лічы, ільнозаводскі стыль.
Сёлета на славу ўрадзіў даўгунец.
– Працаваць з такой сыравінай – адно задавальненне. Сам роўна кладзецца на канвееры, толькі крыху распраўляю яго, – гаворыць сартавальніца Данута Вількевіч. Крыху наводдаль сваёй справай заняты здымшчыцы Любоў Яварчук і Таццяна Сокал.
– Амаль чатыры дзесяцігоддзі звязваюць мяне з заводам. І так, як у гэтым сезоне, нам лён яшчэ не аддзячваў. Добры ўраджай, адпаведна, і зарплата будзе, а мы пастараемся шчыраваць яшчэ лепш, – далучаецца да размовы Любоў Яварчук. Яна адзначае, што да такіх паказчыкаў калектыў і адміністрацыя завода ішлі разам. І ўспамінае, як цяперашні дырэктар Дзмітрый Скакун, калі толькі ўзначаліў прадпрыемства, сказаў, што вучыцца будуць разам.
З такім меркаваннем згодна і майстар змены Інэса Рыжова, якая расказала, што ў новым цэху выдатныя ўмовы і для работнікаў, і для сыравіны, усё адпавядае патрабаванням, адсюль і вынік. Пад яе кіраўніцтвам дзевяць чалавек, працуюць пазменна. Цяпер работа на заводзе кіпіць штодзённа і кругласутачна па графіку пяцізменкі. Пры такім раскладзе і даволі высокай загрузцы сыравіны хопіць да новага ўраджаю.

Бухгалтарска-эканамічная служба завода на чале  з Аленай Цімошак.

Ураджай на славу

– Разлічвалі на добры вынік, рабілі для гэтага ўсё неабходнае: павялічылі на 100 гектараў плошчы пад лён, асаблівая ўвага – на тэхналогію догляду. Своечасова пасеялі, чатыры разы ўносілі мікраэлементы і стымулятары росту. Зладжана і аператыўна справіліся з уборкай. Але канчатковая лічба – 10060 тон –
уразіла, упершыню ўдалося атрымаць столькі. Летась было ўсяго 6700 тон. Задача на перспектыву – зрабіць такія запасы сыравіны, што дазволяць не залежаць ад сюрпрызаў надвор’я, – адзначае дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Ільнотраста атрымалася высакакласная: сярэдняя ўраджайнасць склала 3,5 тоны з гектара, а сярэдні нумар, які паказвае ўтрыманне ў ёй валакна, – 1,23 (летась быў 0,68). У кастрычніку выканалі дзяржзаказ па кароткім валакне  (500 тон), а ў лістападзе – па доўгім (400 тон) і адправілі яго на Аршанскі льнокамбінат.
Акрамя айчынных рынкаў збыту завадчане працуюць на экспарт. Да традыцыйных рынкаў збыту якаснага даўгунцу – Кітая, Расіі, Літвы – сёлета далучыўся і В’етнам. Прапрацоўваюцца і іншыя замежныя накірункі.
На пытанне пра планы Дзмітрый Скакун адказвае:
– Абнаўленне тэхнікі, набыццё мінеральных удабрэнняў і іх унясенне пад поўную патрэбу, стварэнне належнага запасу гаруча-змазачных матэрыялаў для бесперабойнай работы. Разлічваем на прыток маладых механізатараў, для чаго зрабілі заяўку на пяць выпускнікоў Ганцавіцкага каледжа.

Загрузчыцы сыравіны Ала Жэрка і Ала Мацюк.

Кадры пра кадры

Ёсць і яшчэ адна запаветная мара ў дырэктара: пабудаваць шматкватэрны дом недалёка ад прадпрыемства, каб не толькі ў тутэйшым інтэрнаце жылі працаўнікі-завадчане.
Інжынер па тэхніцы бяспекі Крысціна Маслоўская – адна з цяперашніх жыльцоў інтэрната:
– Родам з Оршы, пасля заканчэння каледжа прыехала разам з сяброўкай Аленай на Ляхавіцкі льнозавод па размеркаванні. Думалі, адпрацуем належны тэрмін і вернемся дамоў. Але тут сустрэлі свае другія палавінкі, пайшлі замуж, у кожнай сям’я. Мяне ўсё задавальняе: умовы працы, зарплата. Побач з заводам дзіцячы садок, куды ходзіць дачушка, сын – гімназіст. Ляхавіччына стала для мяне другой радзімай.
Дарэчы, яе сяброўка Алена Ксёнжык працуе загадчыцай лабараторыі. Гэта пад яе кіраўніцтвам санітарная дружына льнозавода сёлета стала лепшай у раёне. Муж Алены таксама завадчанін.
Увогуле, дынастый на заводзе нямала. Бадай, адна з самых вялікіх – сям’я Кісцень. Бацькі Аксаны, якая працуе загрузчыцай сыравіны, Марыя і Мікалай Заяц стаялі ля вытокаў ільнаводчай справы. Муж Сяргей – трактарыст, сын Максім – электраманцёр, такую ж прафесію меў і яшчэ адзін сын Ілья, які цяпер служыць у арміі.
Прозвішча рацыяналізатара – маладога чалавека з залатымі рукамі і неардынарным мысленнем – Антона Маслоўскага – вядома за межамі нашага раёна, цяпер ён яшчэ і студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Юнак – працяг дынастыі Маслоўскіх, яго маці Алена – загадчыца гандлёвага аддзела, бацька Васілій працаваў механізатарам.
І такіх прыкладаў шмат, аб’ядноўвае іх агульнае – вернасць выбранай справе, перакананасць, што разам можна зрабіць яшчэ лепш.
– На Брэстчыне два льнозаводы, мы раўняемся на флагман ільнаводчай галіны – Пружанскі, пастараемся ў здаровай канкурэнтнай барацьбе на роўных спаборнічаць за лепшыя паказчыкі. З такім калектывам, як наш, усё павінна атрымацца, – зазначае Дзмітрый Скакун.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Майстар змены Інэса Рыжова (справа),
здымшчыца валакна Любоў Яварчук.
Механізатары Дзяніс Штэфан, Уладзімір Маслоўскі,
Сяргей Кісцень, Аляксандр Сахон, Аляксандр Чапік.