Актыўна пра важнае. У мінулы чацвер ІПГ на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў сустракалася з калектывам РАУС
Абмеркаваць надзённае, разгледзець тэмы рэспубліканскага і абласнога значэння, задаць хвалюючае пытанне прадстаўнікам мясцовай улады і раённых службаў – усё гэта магчыма падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкай групы. У мінулы чацвер ІПГ на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Леанідам Калбаса сустракалася з калектывам РАУС.
Цэнтральнымі тэмамі чарговай сустрэчы сталі развіццё сацыяльнай інфраструктуры рэгіёнаў Беларусі ў інтарэсах камфортнага пражывання грамадзян, павышэнне энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў, рынак працы і забеспячэнне занятасці ў Брэсцкай вобласці. Актуальнае сёння пытанне – падрыхтоўка да 80-годдзя Брэсцкай вобласці і хуткага 80-гадовага дня нараджэння Ляхавіцкага раёна.
Наш рэгіён мае развітую сетку сацыяльных аб’ектаў. Сярод іх і тыя, якія забяспечваюць сацабслугоўванне. Запатрабавана і папулярна ў землякоў залатога ўзросту аддзяленне дзённага знаходжання ТЦСАН, Ганчароўскі дом сумеснага пражывання – аб’ект важны і неабходны, «гарохавая дача» заўсёды рада сустрэць сваіх землякоў.
Падчас работы ІПГ засяродзілі ўвагу на садзейнічанні занятасці насельніцтва. Дарэчы, за 9 меся-цаў у службу занятасці раёна звярнуліся 234 чалавекі. Пры тым, што колькасць вакансій, якія прапаноўваюцца, больш за 260. У мэтах стымулявання працоўнай мабільнасці грамадзян аказана садзейнічанне ў перасяленні на новае месца жыхарства і работы сям’і, дзе былі беспрацоўныя, з Ляхавіцкага ў Нясвіжскі раён. Знайсці сваё прызначэнне можна і на кірмашы вакансій, якіх у гэтым годзе было пяць.
Лічаныя дні – і Брэстчына адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Як за гэтыя дзесяцігоддзі змяніліся Ляхавічы, колькі людзей прыклалі намаганні, каб наш горад выглядаў прывабным, салідным, культурным і спартыўным, узгадалі падчас сустрэчы.
Напярэдадні навагодніх святаў не лішняе яшчэ раз нагадаць пра бяспеку: уласную і тых, хто побач. Агульная тэма МНС і РАУС – бяспека людзей, у тым ліку, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.