Плугавая парука

Здавалася б, якое поле, якія работы, калі да каляндарнай зімы застаўся ўсяго тыдзень часу? Але надвор’е дазваляе, а аграрыі зусім не супраць паставіць яго сёлетнюю лаяльнасць сабе на карысць.
Праца вядзецца па частцы ворыва – асабліва актыўна і, зыходзячы са статыстыкі райсельгасхарчу, дастаткова вынікова. Калі паглядзець на сітуацыю праз прызму будучай вясны, бачыцца яна дастаткова бонуснай. У тым сэнсе, што ўжо зараз (па стане на сярэдзіну бягучага тыдня) гаспадаркі раёна гатовы фінішаваць з правядзеннем зяблевай апрацоўкі глебы. Аб гэтым сведчаць лічбы, атрыманыя ў райсельгасхарчы: сельгасарганізацыі Ляхавіччыны меркавалі з восені падняць ворывам 11,8 тысячы гектараў угоддзяў, з якіх узараны ўжо 11,2. Засталося прайсціся з плугам па 600-гектарным палетку, і гэтую сельскагаспадарчую прыладу можна адпраўляць на міжсезонны адпачынак з наступнай рэабілітацыяй.
Гэта добрая навіна і ў плане таго, што ў час веснавога шквалу работ ворыва па-мінімуму будзе адцягваць сілы і сродкі аграрыяў. Ільнонасенстанцыя і льнозавод, ЗТАА «БелДан», ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы» з асеннімі ворыўнымі клопатамі завяршылі, а то і апярэдзілі свае першачарговыя намеры.
Найбольшымі ворыўнымі плошчамі вылучаюцца «Жарабковічы» і льнозавод – 2,9 і 2,35 тысячы гектараў адпаведна.
КСУП «Ліпнянка», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і «Шлях новы» на стопрацэнтны паказчык пакуль не выйшлі.
Асенні дзень – вясеннюю ніву корміць. На парадку дня аграрыяў вываз арганічных угнаенняў да месцаў назапашвання, унясенне на будучыя яравыя палеткі. План па вывазцы гаспадаркі пакуль выканалі менш чым напалавіну. У многім – дзякуючы «БелДану», дзе свой рэгламент і адмысловасці ў рабоце з арганікай. План па нарыхтоўцы 28 тысяч тон арганікі замежнае таварыства ўжо амаль выканала. Астатнія гаспадаркі знаходзяцца «плюс-мінус» на сярэдзіне сваіх шляхоў.

Іван КАВАЛЕНКА.