Дзякуй кожнаму дню

На Ляхавіччыну сям’я маленькай Інэсы трапіла падчас Вялікай Айчыннай вайны – мама з дзецьмі перабралася да сваякоў у вёску Галаўнінцы. Так і засталіся тут.

– Цяжка даводзілася маме адной падымаць траіх дзяцей, бацька наш загінуў на вайне. Таму стараліся, дапамагалі, да работы прывучаны з маленства, – успамінае Інэса Бялан.
Яна расла актыўнай, цікаўнай, вясёлай дзяўчынкай, любіла вучыцца, а яшчэ больш – выступаць. Ёй нават даверылі прамову ад імя школьнікаў Ляхавіччыны на адной з першамайскіх дэманстрацый.
– Я ляхавічанка, і вельмі гэтым ганаруся. Люблю тутэйшыя прыгожыя мясціны, тут шчырыя і добрыя людзі, – гаворыць Інэса Рыгораўна.
Наша зямлячка надзвычай творчы чалавек. Прага да мастацтва стала вызначальнай у выбары прафесіі. Дзяўчынка з лёгкасцю паступіла ў Магілёўскае культасветвучылішча, пасля заканчэння на пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя вярнулася дамоў і ўладкавалася ў гарадскі Дом культуры. Ёй моцна пашанцавала: на працягу 10 месяцаў вучылася ў лепшых беларускіх харэографаў тэатра оперы і балета ў Мінску. Не дзіўна, што ўжо дома яна так і «сыпала» ідэямі, з натхненнем вучыла сваіх юных падапечных. Найбольш запомнілася пастаноўка танца «Крыжачок».
– Той час зусім непадобны на сённяшні, сямейныя традыцыі былі больш строгімі. Таму давялося хадзіць па дамах, літаральна ўпрошваць бацькоў, каб пусцілі дачок на танцы. Касцюмы таксама збіралі, хто што прынясе. Затое, якое задавальненне атрымлівалі ад выступленняў, – з настальгіяй расказвае наша зямлячка, успамінае калег, з якімі давялося плённа працаваць: колішняга загадчыка аддзела культуры Уладзіміра Канапляніка, дырэктара гарадскога Дома культуры Барыса Клімашэўскага і іншых.
Пэўны час Інэса Бялан узначальвала ГДК, аднак потым па сямейных абставінах памяняла не проста месца работы, а прафесію. Амаль 10 гадоў працавала на ваенным тэлеграфе, пасля без малога паўтара дзесяцігоддзі –  правадніком на чыгунцы. І сярод чыгуначнікаў ініцыятыўная Інэса Рыгораўна арганізавала мастацкую самадзейнасць.
З песняй па жыцці ўпэўнена крочыць і сёння. Вось ужо 20 гадоў яна пастаянная ўдзельніца народнага клуба ветэранаў «Сівізна», разам з такімі ж няўрымслівымі, апантанымі ляхавічанамі залатога ўзросту выступае ў канцэртных праграмах.
На пытанне, чым яшчэ займаецца на заслужаным адпачынку, Інэса Рыгораўна ўдакладняе:
– У мяне прыватны дом, клопатаў хапае. Ваду правяла, агароджу паставіла, зараз буду газам займацца. І на рэпетыцыі трэба паспець. Сумаваць няма калі. Так і жыву – дзякую кожнаму дню.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.