Супермаркет на колах. Па тэрыторыі Ляхавіцкага раёна курсіруюць шэсць аўталавак

Гарадскім жыхарам не  трэба хвалявацца, дзе  купіць прадукты: магазінаў хапае, выбар велізарны. А што рабіць жыхарам вёсак або хутароў, дзе гандлёвых кропак няма? У такіх населеных пунктах звыклая форма гандлю – аўтамагазін, які сюды прыязджае строга па раскладзе. З адным такім «супермаркетам» у падарожжа адправіўся карэспандэнт «ЛВ».

Прадавец  аўталаўкі Наталля Яроцкая.

Разам з прадаўцом Наталляй Яроцкай і вадзі-целем аўталаўкі Леанідам Равякам адпраўляемся па іх звыклым маршруце. Наталля працуе ў гандлі 20 гадоў, чатыры з якіх – у аўталаўцы.

Працоўны дзень пачынаецца ў 8 гадзін раніцы. Вадзіцель запраўляе аўтамабіль, ухіляе непаладкі ў машыне (калі такія ёсць). Прадавец адказвае за яе  «напаўненне»: абнаўляе запасы каўбас, круп, напіткаў, малочнай прадукцыі.

Аўталаўка – мінісупер-маркет на колах. Тут прадаецца ўсё, што і ў звычайнай краме: ад пральнага парашку да садавіны і прысмакаў.
Гастранамічныя прыхіль-насці сваіх пакупнікоў Наталля вывучыла дасканала.

– Трэба пакласці салодкія падушачкі, іх вельмі любяць. А яшчэ шчакавіну і селядзец. Крыўдна чуць байкі, што аўталаўкі развозяць пратэрмінаваныя прадукты. Асартымент абнаўляем кожную раніцу, – гаворыць Наталля.

Наступны пункт – хлебазавод. Там у машыну загружаюцца свежы хлеб, булачкі, іншая выпечка. Кожную сераду аўталаўка праязджае каля 90 кіламетраў і наведвае шэсць вёсак: Галавачы, Гаслаўшчына, Жарскія, Савейкі, Гайнін, Пашкоўцы.

Першы прыпынак Галавачы. Сельскую цішыню парушае працяглы аўтама-більны сігнал – аўталаўка прыехала! Як ні дзіўна, да нас ніхто не выходзіць. Пытаю:
– Няўжо нікога няма?
– Пачакайце! – усмі-хаецца Наталля.

І праўда, літаральна праз пяць мінут каля машыны ўтвараецца невялікая чарга. Тыповы набор  пакупніка – хлеб, малако і кавалачак каўбаскі. Купляюць цукеркі, пернікі, печыва.

– Нам усё падабаецца, – кажа мясцовая жыхарка Тамара Іванаўна. – Бліжэйшая крама ў Федзюках. Або трэба ехаць за пакупкамі ў Ляхавічы. У мяне хворы муж, не ўстае, надоўга яго  пакінуць не магу. А тут усё ёсць: і мяса, і рыба, і агародніна.

Пакупнікоў Наталля абслугоўвае хутка, і мы адпраўляемся ў Гаслаўшчыну. Прыезд аўталаўкі – яшчэ і магчымасць сустрэцца з суседзямі. Пасля пакупак ніхто не разыходзіцца: абмяркоўваюць навіны, тэлепраграмы, жартуюць.

Асноўны паток пакупнікоў – улетку, прызнаецца Наталля. Дзеці прыязджаюць на канікулы, з’язджаюцца дачнікі. А яшчэ спажывецкая карзіна значна павялічваецца ў святы.

У Жарскіх аўтамабіль чакаюць ва ўмоўленым месцы. Мясцовыя добра ведаюць Наталлю, а яна іх.
– А дзе вы ў мінулы раз былі? – цікавіцца прадавец у адной з пакупніц.
– Хварэла, – адказвае жанчына.
– Ваш любімы селядзец прывезлі, узважыць? – пытае ў наступнага.

Кожнаму пакупніку яна імкнецца прапанаваць нешта на яго густ.
У вёсках, якія шырока раскінуліся, робім некалькі прыпынкаў. Так прасцей для пакупнікоў.

Аўталаўка заканчвае свой маршрут каля 17.00. Вяртаецца на базу, прадаўцы падключаюць халадзільнікі да электрасеткі, каб за ноч прадукцыя, якая засталася, не сапсавалася.

– Мне падабаецца мая праца. Штодня бываеш у розных вёсках, размаўляеш з рознымі людзьмі. Некаторыя бабулі мяне ўжо за родную лічаць. І я да іх прывыкла. Працу ў аўталаўцы на звычайны магазін не прамяняю, – кажа Наталля Яроцкая.

Кожны раз па раскладзе, нягледзячы на надвор’е, аўталаўка імчыць па сваім маршруце. Іх у раёне распрацавана 20.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.