Як прыручыць гульню. У мінулыя пятніцу і суботу ў СДЮШАР Ляхавіцкага раёна валадарыў гандбол

Сёлетнія 55 – прыгожая, напоўненая гісторыяй дата. Для ДЮСШ раёна і ляхавіцкага гандбола, з якога, у тым ліку, усё і пачыналася

Першым дырэктарам установы быў Анатолій Санько, які да назначэння працаваў настаўнікам фізічнай культуры СШ №1 горада Ляхавічы. Піянерам заўсёды няпроста, але літаральна праз год нашы гандбалісткі прымусілі паважаць сябе. Як мінімум, на абласным узроўні і ў значнай ступені дзякуючы гульні выхаванкі дырэктара-трэнера Яніны Бурвель. У хуткім часе дзяўчына стала першым у раёне, а па некаторых звестках і на Брэстчыне, майстрам спорту па гандболе. У станаўленні спартшколы і гульні бясспрэчнымі з’яўляюцца заслугі Анатолія Фёдаравіча, памяці якога быў заснаваны адкрыты турнір дзіцячых гандбольных каманд. Дэбютнае спаборніцтва адбылося год назад, а ў мінулыя пятніцу і суботу ў СДЮШАР раёна зноў валадарыў гандбол. Турнір праходзіў на дзве залы: у адной спаборнічалі 10-11-гадовыя дзяўчынкі з каманд Ліды, Баранавіч, Слуцка, Слоніма і Ляхавіч, у другой – іх аднагодкі хлопцы з усё тых жа Ліды, Баранавіч, Ляхавіч і Клецка.
Ва ўрачыстасці з нагоды адкрыцця турніру прынялі ўдзел два заслужаныя трэнеры. Андрэй Куркач і першы настаўнік самай паспяховай ляхавіцкай гандбалісткі, былой чэмпіёнкі свету Святланы Жыхаравай Рыгор Хіліцкі пажадалі камандам яскравай гульні і справядлівага саперніцтва, гледачам – яркага відовішча. Экспрэсіўны, імклівы, як і сам гандбол, танец у выкананні дэнс-калектыву стаў нядрэнным пралогам да асноўнай дзеі дня.
Адсачыць ход спаборніцтва, пачынаючы з першага розыгрышу мяча і да самага святочнага моманту – уручэння прызоў, задача жаданая, аднак, абсалютна нерэальная. Турнір дзяўчынак адкрывалі каманды Ліды і Баранавіч. І першыя, і другія вельмі стараліся, пазіцыі на паркеце мяняліся ці не з калейда-скапічнай хуткасцю. На стартавым адрэзку матча назіраўся абмен галамі: на трапны кідок адных, другія, як правіла, адказвалі тым жа.
Вернемся да супрацьстаяння на пляцоў-цы, дзе сітуацыю ўсё больш і больш падпарадкоўвалі сабе юныя баранавіцкія гандбалісты. Услед за Лідай яны па чарзе абыгралі таксама ўсіх астатніх і без страты заліковых балаў за яўнай перамогай выйгралі і сам турнір.
Перамогамі ў сустрэчах з усімі сапернікамі і, адпаведна, спаборніцтве завяршыла сваё ляхавіцкае выступленне і каманда баранавіцкіх хлопчыкаў. Каманды-пераможцы былі адзначаны турнірнымі кубкамі, памятныя медалі былі ўручаны ўсім членам каманд прызавой тройкі. У тым ліку і камандзе ляхавіцкіх хлопчыкаў, якая стала бронзавай. Арганізатары назвалі і ўзнагародзілі лепшых бамбардзіраў спаборніцтва, варатароў і палявых ігракоў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.