Асаблівы ўзровень дабрыні. Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіўся на адукацыйнай карце Ляхавіцкага раёна на пачатку 2004 года

ЦКРНіР – складаная, на першы погляд, абрэвіятура, але яе расшыфроўку ведаюць не толькі педагогі. Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіўся на адукацыйнай карце раёна на пачатку  2004 года. Установу спецыяльнай адукацыі і яе педагогаў добра ведаюць тыя бацькі, у каго дзіця мае праблемы са слыхам, маўленнем, зрокам, апорна-рухальным апаратам, з цяжкасцю кантактуе з іншымі. Псіхолага-медыка-педагагічная камісія вызначае, ці неабходна дзіцяці дапамога лагапеда, дэфектолага, псіхолага і іншых спецыялістаў.

…Раніцай транспарт цэнтра дастаўляе рабят з Конек, Задвор’я, Навасёлак, Бажкоў, Жарабковічаў, Русінавічаў, Тальмінавічаў да ясляў-сада №1 – з верасня заняткі двух спецкласаў і дашкольнай групы праходзяць на базе гэтай установы.
Урокі тут асаблівыя, у займальнай форме. У раскладзе адаптыўная фізкультура, гаспадар-ча-бытавая праца, выяўленчая дзейнасць, самаабслугоўванне і г.д. 8-11-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі (малодшы клас) і 11-15-гадовыя рабяты (старэйшы клас) набываюць сацыяльна-бытавыя навыкі, вучацца адрозніваць колеры і формы, вымаўляць словы, адказваць на пытанні, лічыць і г.д. Яны спяваюць, танцуюць, ствараюць арыгінальныя вырабы. Для іх любое маленькае дасягненне – поспех, а для педагогаў –
гонар. Перамога і радасць, калі дзеці з цэнтра працягваюць навучанне ў агульнаадукацыйнай установе.

Нашы выхаванцы адчуваюць свет на сваім, асаблівым, узроўні, не ўсе могуць словамі выказаць пачуцці. Вельмі чуллівыя, уразлівыя і ранімыя. Таму зносіны з імі грунтуюцца на дабрыні, эмацыянальным кантакце», – адзначае дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская.
Да кожнага дзіцяці спецыялісты падыходзяць індывідуальна. У навучанні і выхаванні асаблівых рабят не працуюць універсальныя методыкі, толькі прафесіяналізм і разуменне, а яшчэ цярпенне і вера. Канешне, у дапамогу сучасныя тэхналогіі: гульнёвыя, водара- і пескатэрапія, лагарытміка, кінезіялагічныя практыкаванні і многае іншае. Пад патранажам цэнтра знаходзяцца 67 рабят, якія маюць як нязначныя парушэнні здароўя, так і цяжкія і множныя адхіленні ў развіцці.


У ЦКРНіР склаўся дружны і апантаны справай калектыў. Намеснік дырэктара Наталля Кудзялевіч – дэфектолаг са стажам, каардынуе вучэбна-метадычную работу і адкрывае дашкольнікам, малодшым школьнікам свет правільнага вымаўлення гукаў. Педагог-псіхолаг Алена Кубіцель у адказе за эмацыянальны стан хлопчыкаў і дзяўчынак. Валянціна Гаўрыс аказвае раннюю карэкцыйную дапамогу дзецям да трох гадоў. Вопыт і прафесіяналізм адрозніваюць настаўніка старэйшага класа Наталлю Дылеўскую, выхавальнікаў Алену Козел, Ірыну Юрлевіч, Наталлю Русакевіч. Памочнікі выхавальнікаў Галіна Дылеўская і Таццяна Петух добра ведаюць звычкі рабят, іх патрэбы. Узаемадзейнічае з бацькамі, кансультуе іх па шматлікіх пытаннях сацыяльны педагог Зоя Гатоўчыц. Кваліфікаваны спецыяліст у сваёй справе інструктар ЛФК і спецыяліст па масажы Ала Платко. Дэфектолаг Дар’я Страмавус хоць і працуе другі год, але ўжо мае пэўныя вынікі, якія дэманструюць рабяты.
15 гадоў дзейнасці ЦКРНіР – гэта важкі вопыт, каштоўныя напрацоўкі, аўтарытэт сярод педагогаў спецыяльнай адукацыі і закладзеныя традыцыі. Сярод найбольш «гучных» – калядныя сустрэчы «Рабіць дабро – так проста». Сумесна з СШ №1 цэнтр ладзіць міжраённыя малыя алімпійскія гульні – гэта сапраўднае спартыўнае свята для рабят з нашага, Бярозаўскага, Столінскага, Івацэвіцкага раёнаў. Землякі з энтузіязмам далучаюцца да акцый, якія арганізоўвае цэнтр да дня талерантнасці, дня чалавека з сіндромам Дауна, аўтызму і г.д. Калектыў шукае такія формы навучання і выхавання, каб асаблівыя дзяўчынкі і хлопчыкі не адчувалі сябе адасобленымі ад сваіх равеснікаў.
Дзякуючы дзяржаўнаму клопату, падтрымцы нераўнадушных сяброў цэнтра, абнаўляецца вучэбна-матэрыяльная база. Нядаўна ў цэнтры з’явіўся сэнсарны куток, дзе педагогі дапамагаюць рабятам спраўляцца з хваляваннем, напружаннем і стрэсам. Падарункам сталі і змяненні ў парку па вуліцы Дзесюкевіча. Камунальнікі там стварылі безбар’ернае асяроддзе, дзе цікава і камфортна дзецям рознага ўзросту з рознымі магчымасцямі.
Дзякуючы дабрыні і саўдзелу нераўнадушных, абмежаваная прастора становіцца неабмежаванай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
.