Мы таксама Брэстчына!

Восем дзесяцігоддзяў сёння налічвае гісторыя Брэстчыны. Літаральна праз некалькі тыдняў гэтую прыгожую дату адзначыць і Ляхавіцкі раён. У важкім юбілеі шмат агульных старонак – амаль 66 гадоў Ляхавіччына ўваходзіць у склад Брэсцкай вобласці.
Як і чым жылі нашы землякі ў гэты час, якія падзеі адбываліся, што хвалявала і чаму радаваліся – пра гэта і многае іншае пастараўся нагадаць сваім чытачам «ЛВ».
Сённяшняя публікацыя не з’яўляецца падрабязным гістарычным экскурсам, усяго толькі спробай аднавіць атмасферу таго ці іншага часу. Пры падрыхтоўцы матэрыялаў выкарыстаны газетны архіў, кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён» і некаторыя іншыя выданні.

40-я

15 студзеня 1940 года лічыцца днём нараджэння Ляхавіцкага раёна. Першапачаткова ён уваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Тады ў 184 вёсках і райцэнтры жылі больш за 56 тысяч чалавек. У кастрычніку раён быў падзелены на 18 сельсаветаў.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у раён пачалі прыбываць з усходніх раёнаў спецыялісты розных галін народнай гаспадаркі і культуры. Па даных справаздачнага даклада Ляхавіцкага РК КП(б)Б ад 9 красавіка 1940 года, тады на ўсю Ляхавіччыну было 7 урачоў, 5 фельчараў, 4 акушэркі і 3 медсястры…
Важнай падзеяй стала арганізацыя Ляхавіцкай МТС, пачала стварацца спажыўкааперацыя, умацоўвалася база ўстаноў адукацыі, дадаткова адкрываліся школы, з’яўляліся калгасы.
Многія планы і мары разбіла вайна. З 24 чэрвеня 1941-га па 6 ліпеня 1944-га Ляхавіччына знаходзілася пад фашысцкай акупацыяй. Гітлераўцы за гэты час спалілі 13 вёсак (некаторыя –  разам з жыхарамі), забілі 4983 чалавекі.
На тэрыторыі раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі некалькі партызанскіх атрадаў. У адным з іх – атрадзе Сяргея Лазо, што базіраваўся ў Машукоўскім лесе, – у кастрычніку 1943 года выйшаў першы нумар газеты падпольнага райкама КП(б)Б
«Совецкі патрыёт». Так пачалася гісторыя раёнкі, якая з першых дзён свайго існавання дапамагала змагацца з ворагам.
Пасля доўгачаканага вызвалення ад акупацыі землякі пачалі аднаўляць мірнае жыццё: сеяць хлеб, адбудоўваць зруйнаваныя дамы, школы, бальніцы, разрабаваныя калгасы і прадпрыемствы, узводзіць новыя будынкі – жылыя, вытворчыя, сацыяльна-бытавыя. Ужо ў 1945-м у раёне створаны малочны завод на правах структурнага падраздзялення раймаслапрама Баранавіцкага абласнога маслатрэста, а ў 1949 годзе пачаў працаваць кансервавы завод.

50-я

У студзені 1954 года Баранавіцкая і Пінская вобласці былі скасаваны, Ляхавіцкі раён разам з іншымі ўвайшоў у склад Брэсцкай вобласці. У сувязі са зменамі ў структуры адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў 1957 годзе да раёна далучаны Свяціцкі сельсавет Ганцавіцкага раёна, Гутаўскі і Тухавіцкі сельсаветы Быценскага раёна, крыху пазней – Ганцавіцкі раён (у 1966 годзе ён выйшаў са складу Ляхавіцкага).
У 50-я гады ў раёне, як на ўсёй Брэстчыне, шырока разгарнулася барацьба па ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослых. У 1956 годзе адменена плата за навучанне ў школах.
Адроджаная пасля вайны прамысловасць значна перакрыла даваенны ўзровень. Далейшае развіццё сельскай гаспадаркі патрабавала ўзбуйнення калгасаў. Напрыканцы 1950 года некалькі дробных гаспадарак аб’ядналіся ў адну – імя Сталіна (пазней – калгас «Беларусь», а сёння – ААТ «Жарабковічы»). Неўзабаве калгас стаў пастаянным удзельнікам ВДНГ СССР.
На раённым сходзе ў 1953 годзе было вырашана для ўмацавання сельскай гаспадаркі накіраваць у гэтую галіну вялікі атрад моладзі: 100 камсамольцаў на фермы, 80 – у МТС, 50 – у вучылішчы механізацыі сельскай гаспадаркі, 300 – на агратэхнічныя курсы.
А ў 1957 годзе ў Ляхавічах з’явіўся ветэрынарны тэхнікум (цяпер – Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж).
У 1956 годзе ў райцэнтры была здадзена ў эксплуатацыю падстанцыя на 180 кВт, праз год яе магутнасць патроілася, што дазволіла поўнасцю электрыфікаваць райцэнтр і бліжэйшыя калгасы «Кастрычнік», «40 год Кастрычніка», «За ўладу Саветаў».

60-я

У 1960 годзе «Савецкі патрыёт» расказваў, што на Ляхавіцкім кансервавым заводзе ўпершыню прыступілі да вытворчасці соку з чорных парэчак у невялікіх слоіках вагой 200-350 грамаў – для зручнасці пакупнікоў.
Радыёфікаваны Вонькі, Залужжа, Падбарочча Мініцкага сельсавета, Гасцілавічы і Вадзяціна Пад’язаўлеўскага сельсавета, Макееўшчына Навасёлкаўскага сельсавета.
Калгаснікі паставілі задачу – надаіць ад кожнай каровы 140 кілаграмаў малака ў месяц, а за год у сярэднім 1800. «Па Баранавіцкай вуліцы, у раёне будучага сквера «40 год ЛКСМБ» будзе ўзведзены 8-кватэрны жылы дом». «Запланавана пабудаваць каля будучага кінатэатра будынак кніжнага магазіна, а па вуліцы Матросава – камбінаваны магазін на 2 прадаўцы».
29 студзеня 1961 года ў Ляхавічах па вуліцы Леніна адкрыты двухпавярховы будынак універмага. Напачатку лютага школьнікі атрымалі падарунак – Дом піянераў. Ляхавіцкі ветэрынарны тэхнікум другі раз накіраваў у калгасы і саўгасы рэспублікі сваіх выпускнікоў. Праз пяцігодку такіх ужо будзе 100-120 чалавек.
5 мая 1962 года, у Дзень савецкага друку выйшаў першы нумар газеты пад назвай «Будаўнік камунізма».
На пачатку 60-х у раёне працавалі 82 школы ўсенавуча, у тым ліку
13 сярэдніх, 15 васьмігадовых  і 54 пачатковых, у якіх займаліся 9303 вучні».
У 1966 годзе нашы Ляхавічы –  невялікі прамысловы горад, дзе працуюць кансервавы завод, райпрамбыткамбінат, «Міжкалгасбуд», маслапрам. Дзейнічаюць сярэдняя і музычная школы, дзіцячы сад. Пабудаваны Дом культуры, сталовая, рэстаран і г.д. За апошнія пяць гадоў узведзена дзевяць васьмікватэрных, два 16-ці і два 32-кватэрныя жылыя дамы. І гэта толькі частка з тых планаў-аб’ёмаў, мараў і перспектыў.

70я

Багатымі на падзеі былі 70-я гады мінулага стагоддзя. Рознага маштабу і накірунку, агульным фактарам для якіх была навізна. Напрыклад, на гэтым гістарычным адрэзку часу на Ляхавіччыне з’явілася торфабрыкетная і льноперапрацоўчая вытворчасць, раён актыўна будаваўся.
Ці не на пік масавасці выйшла ў раёне фізкультурна-спартыўнае жыццё. Па ўспамінах, ні адзін з выхадных дзён не абыходзіўся без спартыўных спаборніцтваў. Бег, гульнявыя віды спорту, узімку – лыжы – тыповая карціна таго часу. У Ляхавічах працавала ДЮСШ, якая тады спецыялізавалася на падрыхтоўцы лёгкаатлетаў і майстроў ручнога мяча. Так было да 1975 года, калі ў горад «прыйшоў» навамодны від адзінаборства – дзюдо.
У 2020-м дзюдаісты раёна адзначаць юбілей, а сваім нараджэннем амаль  45 гадоў таму назад гэты відовішчны і папулярны ва ўсім свеце від спорту абавязаны Уладзіміру Яцута. Майстар спорту, ужо дастаткова вядомы баранавіцкі трэнер прыязджаў у Ляхавічы, дзе даваў урокі майстэрства мясцовым падлеткам. Месцам трэніровак з’яўлялася спартыўная зала СШ №1, на час занятак мінімальна пераабсталяваная пад татамі. Першымі выхаванцамі Уладзіміра Іванавіча сталі вучні гарадскіх школ. Працавалі над «фізікай» і тэхнікай, спарынгавалі. Пры гэтым форму для татамі – кімано – даводзілася «даставаць». Ды і каштавала яно не танна, таму і бераглі, як самую дарагую рэч.
Пару разоў ляхавіцкае дзюдо пераязджала з месца на месца, пакуль не прапісалася там, дзе знаходзіцца і зараз. І, між іншым, з’яўляецца найбольш паспяховым з культывуемых у спартшколе раёна відаў спорту, дзякуючы якому ўстанова і вырасла да статуса СДЮШАР.

80-я

Гэтыя гады праходзяць пад знакам феерычнага развіцця сельскай гаспадаркі. Ляхавіцкі раён на працягу дзесяцігоддзя неаднойчы станавіўся пераможцам усесаюзнага і рэспубліканскага спаборніцтваў за павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці і продажу льновалакна дзяржаве.
Не толькі ў ільнаводстве поспехаў дабіўся славуты тады калгас імя Ламаносава. Напрыклад, у 1987 годзе гаспадарка сабрала па 61,4 цэнтнера з гектара збожжа, 328 – бульбы, нарыхтавала 70,8 цэнтнера кармавых адзінак. Старшыня калгаса кандыдат сельскагаспадарчых навук Генрых Траццяк быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Актыўна развівалася і жывёлагадоўля. Толькі за адзінаццатую пяцігодку вытворчыя фонды ў калгасах і саўгасах выраслі больш як напалову, аб’ём вытворчасці ў параўнанні з папярэдняй пяцігодкай павялічыўся больш як на трэць. У 1988 годзе ўступіў у строй комплекс па вытворчасці ялавічыны ў эксперыментальнай базе «Малагарадзішчанская», пазней буйныя СМТФ у калгасах імя Леніна, «Іскра», «Беларусь», саўгасе-тэхнікуме і саўгасе «Шлях Ільіча». Многія працаўнікі былі ўдастоены высокіх узнагарод – ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга. Умелымі арганізатарамі зарэкамендавалі сябе кіраўнікі-аграрыі: дырэктар племсаўгаса «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко, племзавода «Нача» Міхаіл Варановіч, старшыні калгасаў «Кастрычнік» Іван Цыкман, «Беларусь» –  Віталій Бусько, «Новае жыццё» – Віктар Ждановіч, «Іскра» – Аркадзій Сакун.
Не толькі вытворчасцю славіліся сельгаспрадпрыемствы раёна. Прыгожымі, добраўпарадкаванымі сталі цэнтральныя сядзібы калгасаў «Новае жыццё», «Беларусь», «Іскра». Цэлыя пасёлкі сучасных дамоў выраслі ў вёсках Ураджайная, Тальмінавічы.

90-я

У 1991 годзе СССР перастаў існаваць, а былыя саюзныя рэспублікі сталі жыць сваім незалежным жыццём. Беларусь выбірала свайго першага Прэзідэнта. 15 ліпеня 1994 года наша раёнка паведаміла: «Аляксандр Лукашэнка першы Прэзідэнт Беларусі. У другім туры яго падтрымалі 80,1 працэнта выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаванні».
Змены закранулі і раённую газету. З 1 студзеня 1991 года «Будаўнік камунізму» перайменаваны ў «Ляхавіцкі веснік».
У 90-я малочны, кансервавы і льнозавод ператвораны ў адкрытыя акцыянерныя таварыствы.
У 1997 годзе ў раёне ўведзены пасады старастаў у вёсках. Абраны 101 стараста, сярод якіх 40 жанчын. У гэты ж год Ляхавіцкі лясгас пачаў функцыянаваць як самастойны суб’ект гаспадарання (да гэтага з 1988 года ён знаходзіўся ў складзе Баранавіцкага лясгаса). Тады ж у Ляхавічах з’явілася новае прыватнае прадпрыемства – ТАА «Ляхавічыдрэў».
Важная падзея адбылася ў 1994 годзе ў жыцці каталіцкіх вернікаў горада. Прайшло ўрачыстае адкрыццё касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса.
Для праваслаўных вернікаў значным стала 28 кастрычніка 1999 года. У гэты дзень Свяшчэнны Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы па блаславенні Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія ІІ далучыў да ліку мясцовашанаваных святых навамучанікаў зямлі беларускай архімандрыта Серафіма (у міру Рамана Шахмуця, ураджэнца вёскі Падлессе нашага раёна).
У 90-я на Ляхавіччыну прыйшоў інтэрнэт. У 1998 годзе на раённым вузле электрасувязі адкрыты пункт калектыўнага карыстання інтэрнэтам. «ЛВ» за 27 студзеня 1999 года пісаў: «Пакуль да шасці пастаянных кліентаў сеткі «Іnternet» у Ляхавічах далучаюцца каля паўтара дзясятка індывідуальных – тых, каму яна патрабуецца толькі ў асобных выпадках».

2000-я

Новае тысячагоддзе – новыя планы, ідэі, справы, здзяйсненні, адкрыцці… Шматлікія перамогі на разнастайных конкурсах, спаборніцтвах, фестывалях –
падшыўка раёнкі за гэта дзесяцігоддзе літаральна стракаціць загалоўкамі ў стылі «Віншуем з наваселлем», «Будаўнічая пляцоўка», «Чаканне з камфортам» і г. д. Менавіта ў гэта дзесяцігоддзе пачынае адлік будаўніцтва новых дамоў і ўзбуйненне мікрараёна вуліцы Інтэрнацыянальнай.
У 2006 годзе тэрыторыя каля гімназіі пачала рыхтавацца да прыемных змяненняў. Упершыню за апошнія гады ў райцэнтры ўзводзіцца кааператыўны дом па вуліцы Інтэрнацыяльнай, 5. У 2007 годзе колішнія пустуючыя соткі ператварыліся ў будпляцоўку, і літаральна на вачах вырасла першая 40-кватэрная пяціпавярхоўка. І гэта быў толькі пачатак.
Пасля яшчэ тры шматкватэрныя дамы размясціліся побач, і ў 149 кватэр засяліліся навасельцы.
У цэлым квартале шматпавярховай жылой забудовы па вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры ўзведзена 14 жылых дамоў
(604 кватэры).
З цягам часу ў мікрараёне з’явіліся магазіны «Родны кут» і «Санта». На пляцоўцы апошняга днямі запрацавала аптэка Брэсцкага РУП «Фармацыя» і магазін «Міла».

2010-я

Восень 2013-га прымала ў Ляхавічах абласны фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Падрыхтоўка пачалася адразу, як вызначылі месца правядзення абласнога свята. Горад у гэты час пазнаць было немагчыма. Здаецца, будаўнічыя работы вяліся паўсюль. Сустракалі Ляхавічы гасцей абласных «Дажынак-2013» добраўпарадкаванымі, абноўленымі, з мноствам рэканструяваных і неабходных аб’ектаў.
У пераліку аб’ектаў будаўніцтва, рэканструкцыі, мадэрнізацыі і капітальнага рамонту на 2013 год – больш за два дзясяткі аб’ектаў культуры, адукацыі, спартыўнага, сацыяльна-бытавога прызначэння і г.д.
Як паведамляла раёнка, штодня 250-300 чалавек былі заняты на «фестывальным» уладкаванні Ляхавіч.
Рамонтныя работы праводзіліся ў 14 жылых дамах. Набыла новы выгляд цэнтральная вуліца. Адчыніла дзверы адноўленая дзіцячая школа мастацтваў. А школьнікі наведалі першы сеанс у абноўленым кінатэатры «Кастрычнік». Сучасны выгляд атрымалі скверы каля плошчы Перамогі і насупраць СШ № 2.
Адчувальныя змены і ў гандлёвых кропках райпо. Напрыклад, гасцінна запрасіў адрамантаваны рэстаран «Ластаўка». А на першым паверсе запрацавала кулінарыя са смачнай назвай «Ласунак».
У сучасны будынак па вуліцы Дзесюкевіча, 43 пераехала міліцыя.
Чарада прыемных адкрыццяў працягваецца і сёння. Заяўляюць пра сябе турыстычныя аб’екты Ляхавіччыны. Нядаўна раёнка пісала пра адкрыццё абноўленага Рэпіхаўскага парку.
У кастрычніку 2018-га новенькі корпус дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву запрасіў   ляхавіцкіх рабят на майстар-клас ад спартсменаў Брэсцкага гандбольнага клуба імя Анатолія Мяшкова.
…І гэта толькі пачатак, шмат цікавых, яркіх перамог і дасягненняў, адкрыццяў і абнаўленняў наперадзе. І пра ўсё гэта абавязкова напіша наша раёнка!