Аптэку заказвалі? Цяпер у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай у Ляхавічах з’явілася свая аптэка

Ляхавічы – гарадок невялікі, пра такія гавораць «усё побач». Тым не менш, яшчэ зусім нядаўна шматлікія жыхары мікрараёна вуліцы Інтэрнацыянальнай лічылі сябе ў пэўным сэнсе абдзеленымі ўвагай: з сацыяльнай інфраструктуры сярод шматпавярховак толькі гімназія. Але за апошнія гады сітуацыя кардынальна змянілася. Сюды прыйшлі райпоўскі і сеткавы гандаль у даволі сур’ёзным прадстаўніцтве, Белсаюздрук, а з нядаўняга часу літаральна пад бокам з’явілася і аптэка.

Напрыканцы лістапада ў будынку магазіна «Санта» па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 11а адчыніла дзверы новая дзяржаўная аптэка пятай катэгорыі. Такім чынам Брэсцкае РУП «Фармацыя» пайшло насустрач пажаданням ляхавічан.
Як расказала загадчыца аптэкі № 248 Марыя Новік, для зручнасці насельніцтва тут устаноўлены штодзённы графік работы: з панядзелка па пятніцу з 10.00 да 20.00, у суботу і нядзелю з 10.00 да 18.00. Пры неабходнасці сюды можна і патэлефанаваць па нумары 6-38-03.
– У новай аптэцы шырокі выбар лекавых сродкаў і тавараў медыцынскага прызначэння, – падкрэслівае загадчыца ЦРА № 56 Лідзія Каласоўская. – Тут можна атрымаць поўны спектр фармацэўтычных паслуг. У тым ліку набыць лекі і перавязачныя матэрыялы на льготных умовах і бясплатна, па электронных рэцэптах. Ёсць магчымасць адтэрмінаванага абслугоўвання на лекі, што часова адсутнічаюць у аптэцы. Як і ў іншых аптэках сістэмы, прадастаўляюцца скідкі ўладальнікам індывідуальных пластыкавых картак «Для медыцынскага абслугоўвання» (пяціпрацэнтныя на лекі айчыннай вытворчасці і двухпрацэнтныя – замежнай), асобным катэгорыям грамадзян – да пяці працэнтаў ад рознічнага кошту на лекавыя сродкі беларускіх вытворцаў. На скідку могуць разлічваць і ўладальнікі «Моцнай карткі».
А яшчэ, дадае Лідзія Каласоўская, ва ўсіх аптэках ЦРА можна атрымаць дакладную інфармацыю пра наяўнасць лекавых сродкаў, правілы іх прымянення і захоўвання ў дамашніх умовах, а таксама кансультацыю па пытаннях прафілактыкі захворванняў і здаровага ладу жыцця.

ФАКТ

Сёння ў Ляхавіцкім раёне працуе 8 аптэк, у тым ліку 5 у горадзе. У іх асартыменце – каля 4500 найменняў лекавых сродкаў, вырабаў медпрызначэння і іншых тавараў.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.