Прызванне і прызнанне. Чатыры дзесяцігоддзі разумнаму, добраму, вечнаму вучыла ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак Галіна Хмарук
Калі патэлефанавалі, каб дамовіцца наконт сустрэчы, на другім канцы проваду пачулі: «Прыходзьце ў любы час, я заўжды дома. Хатнія справы, прагляд тэлевізара, абавязковае чытанне газет, размовы з дзецьмі, унучкай і праўнукамі па тэлефоне – вось і ўвесь мой рэжым». Такі мерны расклад у нашай зямлячкі ўсталяваўся амаль чвэрць стагоддзя назад. А да гэтага былі чатыры дзесяцігоддзі творчасці, актыўнасці, натхнення і штодзённага захаплення любімай справай. Знаёмцеся: Выдатнік адукацыі, другая мама для многіх пакаленняў ляхавіцкіх школьнікаў, таленавіты педагог, сціплы і шчыры чалавек – былая настаўніца пачатковых класаў СШ № 1 Галіна Пятроўна Хмарук.
– Хоць і нарадзілася ў Баранавіцкім раёне, але гатова бясконца прызнавацца ў любві да Ляхавіччыны. Менавіта тут у 1956 годзе пасля заканчэння Брэсцкага педагагічнага тэхнікума пачалася мая педагагічная дзейнасць – размеркавалася настаўніцай у Альхоўскую школу. Потым разам з мужам Пятром працавалі ў Зубелевіцкай школе, ён дырэктарам, я настаўніцай. Нядоўгі час была загадчыцай Патапавіцкай школы, – расказвае ветэран педагагічнай працы.
Але самым цікавым, важным і важкім этапам у прафесіі Галіна Пятроўна лічыць настаўніцтва ў СШ № 1, якое доўжылася з 1963 па 1995 гады.
– Што за час быў! Цяжкавата, адназначна, бо класы па 40-42 вучні. Але паспявалі і планы напісаць, і журналы запаўняць, і па дамах хадзіць, каб пагля-дзець, у якіх умовах жывуць рабяты, і бацькоўскія сходы правесці. А яшчэ афармлялі «чырвоныя куткі», выпускалі насценгазеты, выконвалі іншую грамадскую работу. Усё атрымлівалася, дзякуючы нашаму дружнаму школьнаму калектыву, – успамінае Галіна Хмарук. Яна з удзячнасцю ўзгадвае прозвішчы былых дырэктараў СШ № 1 Івана Дзегелевіча, Вячаслава Цяцёркіна, Лідзіі Архангельскай. Адзначае, што дапамагалі маладым настаўнікам, дзяліліся сваім педагагічным майстэрствам завучы Амбросій Рагоўскі і Віктар Жук. З павагай гаворыць пра сваіх калег настаўнікаў-пачаткоўцаў Алену Жукаву, Марыю Русіну, Марыю Махнавец, Ірыну Лебядзінскую, на чыю падтрымку, параду і дапамогу можна было заўжды разлічваць.
Пра сваіх шматлікіх вучняў настаўніца можа гаварыць бясконца. Кожны раз, перагортваючы школьныя фотаальбомы, з цеплынёй спыняе позірк на здымках сваіх малых гарэз. Галіна Юрэня, Уладзімір і Аляксандр Амеліны, Галіна Петрашова, Наталля Мармузевіч, Ігар Піскун, Таццяна Дуброўка, Аляксей Ламаннікаў, Аляксандр Жук, Таццяна Касміна, Сяргей Сяржантаў – тыя, для каго Галіна Пятроўна ў розныя гады была першай і любімай настаўніцай. Сёння яны будаўнікі і інжынеры, аграрыі і навукоўцы, урачы і культработнікі, педагогі і ваеннаслужачыя, самі бацькі і нават бабулі і дзядулі. Але памятаюць першую настаўніцу, тэлефануюць, запрашаюць на вечары сустрэч з выпускнікамі.
– Чалавек падыходзіць, вітаецца. Гляджу – не пазнаю. Падказвае: «Гэта ж я, Саша, ваш вучань». А з першага погляду і не разбярэшся. Калі вучыўся, быў маленькі, худзенькі, а цяпер вось вымахаў, вусы адрасціў, – смяецца былая настаўніца.
Напамінае, як лёгка знаходзіла агульную мову з бацькамі выхаванцаў, як настаўнікі самі рабілі дыдактычны матэрыял, ладзілі ранішнікі для рабят. І дома яна паспявала ўсё, разам з мужам выхавалі двое дзяцей, якія даўно жывуць у Мінску. Але не было такой раніцы, каб не патэлефанавалі маме, не пацікавіліся здароўем самага блізкага і роднага чалавека. Вось ужо 36 гадоў Галіна Пятроўна ўдава, але адзінокай ніколі сябе не адчувае. І сёння клопатаў у яе хапае. Яна адметная гаспадыня – чысціня, парадак на падворку і ў доме. Захапляецца кветкаводствам, тут яе памочніца і саюзніца –
нявестка. А яшчэ разам з праўнучкай-шасцікласніцай Палінкай піша сачыненні па тэлефоне. Любіць пагаварыць і з пяцігадовым праўнукам – цяперашнія дзеткі надзвычай цікавыя. Не забываюць, тэлефануюць сяброўкі. І, напэўна, 10 снежня ў доме № 18 па вуліцы Савецкай у райцэнтры неаднойчы звінеў тэлефон і ў трубцы чулася: «З юбілейным днём нараджэння! З 85-годдзем Вас, шаноўная і любімая Галіна Пятроўна!».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з сямейнага архіва Галіны ХМАРУК.