Падворны абход. У Ляхавіцкім раёне завяршыўся агляд-конкурс па добраўпарадкаванні машынных двароў

Сезон актыўнасці на сельскагаспадарчых палетках пастаўлены на паўзу да вясны. А наколькі чыстым, без фальшывых нот будзе вясновае гучанне матораў, залежыць ад эфектыўнасці работ, якія праводзяцца ў гаспадарках гэтым часам. Машынныя двары з размешчанымі на іх тэрыторыях рамонтна-сэрвіснымі памяшканнямі і лакацыямі зараз – зоны актыўнасці.

Міжсезонне, а значыць – час рыхтаваць колы да вясны. Каб сустрэць яе ва ўсеўзбраенні, безадкладна і, не адцягваючы ўвагу на неабходнасць завяршэння рамонтаў, своечасова ўключыцца і завяршыць яравую кампанію.

Раённы агляд-конкурс па добраўпарадкаванні машынных двароў, гатоўнасці рамонтна-абслугоўваючых баз да работы ў зімовых умовах і машынна-трактарных паркаў да веснавога палявога сезона-2020 ставіць на мэце іменна такую задачу. Як і выступае ў ролі матыватара – зрабіць усё аператыўна, якасна, своечасова.

Першы этап – правядзенне комплексу неабходных арганізацыйных мерапрыемстваў, работы па падрыхтоўцы і ўдасканаленні тэрыторый, пляцовак, будынкаў і памяшканняў, аўтатрактарнай і сельскагас-падарчай тэхнікі да агляду-конкурсу. Як мае лепш падрыхтавацца да рамонтнага перыяду – вось што гэта азначае. Другі – агледзіны, падворны абход, пасля чаго камісія вызначаецца з рашэннем.
Спектр пытанняў шырокі, патрабаванні дастаткова жорсткія. Асабліва важнымі момантамі з’яўляюцца тэхналагічнасць і своечасовасць пастаноўкі машын на захоўванне, добраўпарадкаванасць пляцовак, парадак як на двары, так і пры ім.

Машынны двор – вытворчы цэх, тут працуюць людзі. А, значыць, павінны быць створаны нарматыўныя ўмовы для выканання спецыялістамі сваіх штатных абавязкаў, належныя санітарна-бытавыя і ўмовы аховы працы. Вызначаецца ступень гатоўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы для выканання рамонтных рэгламентаў, наколькі апошнія адпавядаюць складзеным графікам.

Па выніках агляду-конкурсу-2019 пераможцам названы машынны двор СВК «Ляхавіцкі» (галоўны інжынер Андрэй Новік), другім прызёрам камісія прызнала машдвор ААТ «Жарабковічы» (Вячаслаў Буцько), «бронза» конкурсу дасталася двару ДП «Нача» (Аляксандр Рак).
У якасці прызавога бонуса названыя гаспадаркі атрымаюць грашовае заахвочванне.

Вынікі конкурсу былі агучаны падчас семінара, які прайшоў на «палях» лепшага машдвара раёна СВК «Ляхавіцкі».

Іван КАВАЛЕНКА.