Дарожныя рашэнні. Гравійка для Малога Гарадзішча і новы аўтапавільён для Навасёлак

Калі вырашаецца зварот насельніцтва, значыць, для кагосьці здымаецца з парадку дня чарговая праблема. Так, жыхары Малога Гарадзішча прасілі дапамогі ў вырашэнні дарожнага пытання – вясной участак праезнай часткі па вуліцы Новай нагадваў кашу: ні прайсці ні праехаць. Днямі работнікі ДРБУ-200 замянілі там грунтовае пакрыццё на гравійнае: высыпалі і ўшчыльнілі 500 тон пясчана-гравійнай сумесі на паўкіламетровым адрэзку.

Яшчэ адна прыемная навіна – з аграгарадка Навасёлкі. Там на вуліцы Школьнай устаноўлены новы аўтапавільён, якога вельмі чакалі мясцовыя жыхары. Яго ўстаноўка абышлася дарожнікам у 1680 рублёў. Зараз чакаць аўтобус больш зручна, задаволена за сваіх аднавяскоўцаў стараста аграгарадка Таццяна Пішч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.