Такія прыемныя клопаты. Да Новага года без малога тры тыдні
Каляндар падказвае: зусім хутка такое чаканае, цудоўнае, чароўнае свята.
Да Новага года без малога тры тыдні. Рыхтуюцца ўсе: і райцэнтр зіхаціць, і галоўная зялёная прыгажуня вось-вось запросіць на ўрачыстае адкрыццё, а школьнікі і навучэнцы рэпеціруюць, каб здзівіць на навагодніх ранішніках.
Ёлачная феерыя
Калі ў райцэнтры камунальнікі ўстанаўліваюць галоўную гераіню навагодняга свята, гэта становіцца падзеяй, за якой з прадчуваннем назіраюць усе землякі.
У вышыню ёлка дасягае 14 з паловай метраў і складаецца прыкладна з пяці дзясяткаў зялёных дрэўцаў, кожнае даўжынёй не менш за 5-6 метраў. Перш чым трапіць на пяціярусную канструкцыю, яны праходзяць «кастынг» на роўнасць і пушыстасць. Святочны вобраз завяршае рознакаляровая гірлянда даўжынёй больш за 200 метраў, дзякуючы якой ёлка заззяе ярка на афіцыйным адкрыцці, якое, дарэчы, адбудзецца 20 снежня.
Аздабленнем галоўнай «красуні» раёна займаюцца работнікі ўчастка добраўпарадкавання і энергетычнай гаспадаркі камунгаса.
Камунальнікі расказалі, што елкі сёлета нарыхтоўвалі на спецыяльна адведзеных для гэтых мэт дзялянках каля вёскі Набярэжная. Пасля навагодніх і калядных святаў іх выкарыстаюць па прызначэнні: яловыя лапкі пойдуць на корм жывёле, а рэшткі паслужаць палівам у кацельні.
Свеціцца, зіхаціць і пераліваецца – такі наш райцэнтр у цёмны час сутак. Навагодняя ілюмінацыя раніцай і вечарам забяспечвае пазітыўны настрой.
У кожнага свая фішка
Паводзіны надвор’я сёння такія, што восень ад зімы не адрозніш, а надыход навагоддзя не пазнаеш. Але дастаткова зайсці ў любую з гандлёвых кропак ці аб’ектаў грамадскага харчавання, каб зразумець: да нас спяшаецца чаканае ёлачна-мандарынавае свята – цуды побач!
У кожнага магазіна, павільёна, кіёска свая фішка ў навагоднім афармленні, арыгінальны падыход у стварэнні святочнага настрою. Напрыклад, у «Камфорце» рознакаляровая мішура ўвасобілася ў дзіўныя геаметрычныя фігуры, якія ўпрыгожылі магазінны інтэр’ер. У ззянні агеньчыкаў ветліва ўсміхаецца і запрашае ляхавічан ужо сёння акунуцца ў атмасферу калядна-навагодніх святаў кафэ «Калі ласка».
Гандлёвыя кропкі спажывецкай кааперацыі, як у райцэнтры, так і ў сельскіх населеных пунктах, штогод захапляюць і традыцыйнымі формамі, і новымі задумкамі ў святочным афармленні. Заварожвае навагоднім убраннем кафэ «Еда & Кофе». Фішкай магазінаў «Верас» і «Усходні» можна смела лічыць безліч смачных прапаноў пад назвай «Навагодні падарунак».
Навагодні Hаnd made
Як заўсёды, творча-актыўна ідзе падрыхтоўка да навагодніх святаў у цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У аб’яднанні па інтарэсах «Кветкавы дызайн» пад кіраўніцтвам Марыны Баргамон рабяты ўвасабляюць у жыццё свае зімовыя фантазіі.
Рабяты старанна клеяць, фарбуюць, пасыпаюць бліскаўкамі свае будучыя шэдэўры. Рыхтуюць навагоднія ўпрыгажэнні для дома, каб здзівіць родных.
На пытанне, што іх натхняе, хор дзіцячых галасоў выдаў мноства варыянтаў. Хтосьці знайшоў ідэю ў інтэрнэце, для кагосьці натхненнем паслужыў сюжэт з цікавай кнігі. А ствараюць ёлачнае аздабленне з падручных матэрыялаў: у ход ідуць каляровая папера, шышкі, шарыкі, пацеркі, сезаль, засушаныя галінкі туй. А ў выніку атрымліваецца навагодні эксклюзіў.
І чытай, і рабі сэлфі
Прыадкрываем тайну. У сярэдзіне снежня землякі спяшаюцца ў раённую купалаўку не толькі абмяняць кнігі ці пасядзець у цішы чытальнай залы за газетай ці часопісам, але і акунуцца ў атмасферу святочнага навагоддзя. І сёлета супрацоўнікі бібліятэкі пастараліся здзівіць, каб кожны наведвальнік адчуў гэты непаўторны пераднавагодні настрой. Тры фотазоны раскватараваліся ў чытальнай зале і фае. Камін, гадзіннік, стрэлкі на якім вось-вось абвесцяць прыход новага 2020 года, утульнае крэсла – перад такім інтэр’ерам немагчыма ўстаяць. Адно імгненне і здымак на памяць, які абяцяе ўдачу, гатовы!
Фотазоны – не адзінае, што падрыхтавалі для наведвальнікаў купалаўкі. Гірлянды, агеньчыкі, папяровыя сняжынкі і, канешне ж, абавязковы навагодні атрыбут – упрыгожаная ёлка – усё для цудоўнага і запамінальнага правядзення часу.
Тое, што аб’ядноўвае
У навучальных установах таксама рыхтуюцца да святаў. Рабяты і педагогі рэпеціруюць ранішнікі і вечары, развешваюць навагоднія аздабленні, ставяць ёлку і, канешне, чакаюць падарункі. Па традыцыі вокны школ упрыгожваюцца выцінанкамі. Над сюжэтам працуюць педагогі і навучэнцы. У гімназіі сёлета за аснову кампазіцыі ўзялі матывы «Шчаўкунчыка». Навагодняя казка разгортваецца і ў СШ № 1,
дзе кожны паверх – асобная яе глава. «Навагодняе цуда» –
конкурс-выстава вырабаў – сустракае кожнага, хто ўваходзіць у школу. Хітом навагодніх ідэй сталі ёлкі ў СШ № 2 з лямпачак, шасцяронак, спружын і г.д. На такія выдумкі хлопчыкаў і дзяўчынак натхніў конкурс «Тэхнаёлка».
Навагоднія клопаты аб’ядноўваюць бацькоў і дзяцей. У Малагарадзішчанскай школе яны ўдзельнічаюць у конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Калядная зорка». На раённы этап адправіліся работы пяцікласніка Уладзіміра Амяліскі і першакласніка Рамана Корбута.