Плюс электрыфікацыя ўсяго раёна
Сёння без электрычнасці нельга ўявіць ні адну галіну вытворчасці, сацыяльнай сферы і ўвогуле жыццё. І нават кароткачасовая яе адсутнасць цягне за сабой безліч нязручнасцей. Нават немагчыма ўявіць, як некалі людзі абыходзіліся без электрычнасці.
Стартам развіцця гэтай галіны ў Беларусі можна лічыць 1895 год, калі ў Мінску пачала дзейнічаць першая электрастанцыя пастаяннага току. Асаблівымі для нашай Брэстчыны сталі 20-я гады мінулага стагоддзя: у 1920-м запушчана электрастанцыя ў Брэсце, праз два гады – у Пінску. Хуткімі тэмпамі развівалася энергетыка ў пасляваенныя гады, у 1948 годзе пачала дзейнічаць Брэсцкая ЦЭЦ.
Свая гісторыя і ў Ляхавіцкага раёна электрасетак. Вось што пісала раёнка за 12 лютага 1959 года ў артыкуле «Электрыфікуецца вёска»: «Адна за другой сталі асвятляцца лямпачкамі Ільіча беларускія вёскі. Як вялікага свята чакалі гэтага дня і жыхары вёскі Зарытава. І вось такі дзень настаў. На новых вуліцах вёскі загарэліся электрычныя лямпачкі. Шчасцем і радасцю свецяцца вочы калгасніка Аляксандра Капусты. Ён адзін з першых пачаў будаваць хату на новай калгаснай вуліцы. «Ого, – кажа ён, – ды пры такім святле хоць іголкі збірай. А ўжо газету дык будзем чытаць».
Значным дасягненнем у праграме сацыяльных пераўтварэнняў у Ляхавіцкім раёне стаў 1967 год, калі была завершана электрыфікацыя ўсіх населеных пунктаў.
Пачатак 90-х гадоў азнаменаваўся новым важным этапам у энергетычнай галіне – рэканструкцыяй і мадэрнізацыяй асноўных вытворчых фондаў з прымяненнем новага абсталявання, сродкаў аўтаматызацыі.
Хапае клопатаў і ў цяперашніх працаўнікоў Ляхавіцкага раёна электрасетак (РЭС уваходзіць у склад філіяла РУП «Брэстэнерга» Баранавіцкія электрасеткі). Дзейнасць раённай дыспетчарскай службы, брыгады па рамонце і эксплуатацыі размеркавальных сетак, службы збыту электраэнергіі накіравана на тое, каб электрычнасць працавала на людзей.