Святло пачынаецца з Юбілейнай. Амаль 15 гадоў ТАА «Трансэлектракамплект» годна трымае марку аднаго з лепшых прыватных прадпрыемстваў Ляхавіччыны

Дырэктар ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць.

Апошнім часам застаць у працоўным кабінеце дырэктара і заснавальніка ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзія Сакуця практычна немагчыма. Такая занятасць актуальная для ўсяго прадпрыемства, што бясспрэчны плюс і для эканамічнага складніка, і, безумоўна, для сацыяльнага. Чым больш выпушчана і рэалізавана прадукцыі, тым лепшы фінансавы вынік і, адпаведна,
заработная плата, прэміі, дапамогі.

На экспарт арыентаваныя

– Калі лаканічна пра пра-цоўнае сёння, то заказаў становіцца больш. Запатрабаванасць нашай прадукцыі тлумачыцца перш за ўсё яе высокай якасцю і прымальным коштам, – расказвае Генадзій Сакуць.
Экспартаарыентаванасць і інавацыйнасць – асноўныя характарыстыкі прадукцыі «Трансэлектракамплекта».
Пераважная частка, прыкладна 80 працэнтаў электра-тэхнічных вырабаў, ідзе на экспарт. Як і з моманту заснавання таварыства, асноўным экспарцёрам камплектуючых для выпуску кабельных электрамантажных тэрмаўсаджваемых муфтаў рознага сячэння застаецца Расія, дакладней кампанія-партнёр «Нева-Транс Комплект» у Санкт-Пецярбургу. Такое плённае ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва доўжыцца больш за дзесяцігоддзе. Па словах дырэктара прадпрыемства, канкурэнцыя на расійскім рынку высокая, таму ў прыярытэце ўзважаная маркетынгавая палітыка і пошук новых рынкаў збыту. Адпраўляюць тавар і ва Украіну.
– За апошнія гады пастаўкі ў гэту краіну, дзе знаходзіцца наш прадстаўнік, павялічыліся больш чым у 20 разоў, – падкрэслівае намеснік дырэктара Яўгеній Сяргей і ўдакладняе: – Прапрацоўваем яшчэ адзін перспектыўны накірунак для супрацоўніцтва – Казахстан.
Што тычыцца айчыннага рынку, то і тут «Трансэлектракамп-лект» пакідае важкі след – у розныя арганізацыі адгружаецца са склада каля 20 працэнтаў прадукцыі. Шанцы павялічыць яе колькасць высокія: якасць удасканальваецца ў тэхнічным плане, дзякуючы мадэрнізацыі вытворчасці. Цяпер ідзе наладка абсталявання (важкае ўдакладненне – у асноўным станкі майструюць тутэйшыя работнікі, бо набыць іх у поўнай камплектацыі і праблематычна, і дорага) у новым цэху, які хутка будзе ўведзены ў эксплуатацыю.
Дарэчы, для больш эфектыўнага распаўсюджвання прадукцыі на ўнутраным рынку створаны два склады-офісы ў Брэсце і Мінску. Муфты на экспарт развозяць транспартам прадпрыемства, ёсць у ТАА мабільны аўтапарк, які сёлета папоўніўся новенькім «фордам». У дзень, калі «ЛВ» рыхтаваў матэрыял, у Санкт-Пецярбург прадукцыю дастаўляў адзін з вопытных вадзіцеляў Леанід Юнік, які назад прыедзе загружаны сыравінай – поліэтыленам.

Адказныя за якасць

Вынаходцы сканструявалі, спецыялісты зверылі і вось ён канчатковы вынік – экстракласныя тэрмаўсаджваемыя муфты і разнастайныя камплектуючыя. За якасць у адказе згуртаваная каманда, дзе кожны майстар сваёй справы. Атрадам вынаходнікаў кіруе вопытны, адказны майстар участка металаапрацоўкі Віталій Татарыновіч. Спецыяліст па якасці Анатолій Ілюкевіч пад шчыльным наглядам трымае ўсю тэхнічную дакументацыю і адзначае: належная якасць магчыма за кошт прымянення новых, больш сучасных кампазіцыйных палімерных матэрыялаў. Галоўны інжынер прадпрыемства Аляксандр Гаспадура гарантуе якасць выпускаемай прадукцыі. У пацвярджэнне – высокая адзна-ка, якую даюць спажыўцы электрамантажным работам, выкананым брыгадай на чале з майстрам Вячаславам Галёнкам. Святочная пераднавагодняя ілюмінацыя на тэрыторыі ТАА – справа іх рук.

Майстар Віталій Татарыновіч, токар Васілій Жмурко.

Кадры вырашаюць многае

– Пэўная ратацыя кадраў у нас ідзе, але ўсё ж касцяк сфарміраваны шмат гадоў назад. Зараз на прадпрыемстве працуе 82 чалавекі, усе яны – члены прафсаюза, – адзначае старшыня прафсаюзнай пярвічкі «Трансэлектракамплекта» Яўгеній Сяргей.
Суперпрофі – так характарызуе кіраўніцтва апрацоўшчыкаў вырабаў Аляксандра Латушку і Мікалая Радзюка. Толькі пасля таго, як загатоўка прой-дзе праз іх залатыя рукі, яна ператвараецца ў гатовы выраб і адпраўляецца на склад пад пільны кантроль, потым –
на продаж. Адвозяць прадукцыю пастаўшчыкам вадзіцелі Уладзімір Максіменка, Іосіф Валуй, Ігар Скуратовіч, Анатолій Ляўковіч.
Мэтанакіраваны, ініцыятыўны начальнік вытворчасці Віктар Матчэня паспяхова курыруе вытворча-тэхнічны працэс. Такіх жа адданых і прафесійных адносін да справы ён патрабуе і ад сваіх падначаленых. Першы год на пасадзе майстра ўчастка Яраслаў Кручок, але ў ТАА паспеў сябе зарэкамендаваць: шмат гадоў добра спраўляўся з абавязкамі машыніста станка.
Старажыл прадпрыемства (працоўны стаж у ТАА 15 гадоў) – наладчык абсталявання ў вытворчасці вырабаў з пластмасы Анатолій Максімчык. Сёлета яго партрэт занесены на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна. Па слядах бацькі пайшоў і сын Яўгеній, нягледзячы на ўзрост па прафесіяналізме можа паспрачацца з бацькам-перадавіком. Добрасумленна выконваюць работу апрацоўшчыкі вырабаў з пластмасы Сяргей Русін, Вадзім Дзямід, Анатолій Лойша. Гэта ўсё моцная частка «Трансэлектракамплекта».
Не менш важкі і значны ўклад у агульную справу ўносяць і прадстаўнікі прыгожай паловы. Адметнае майстэрства з года ў год паказваюць апрацоўшчыцы Святлана Плотка і Алена Герашчанка. Кантралююць зборку муфтаў і камплектуючых Іна Вашчыла, Святлана Сірыська, Галіна Жмурко, Галіна Пішч. З рук камплектоўшчыц Людмілы Уласень, Ганны Чалевіч, Людмілы Янушка са склада гатовай прадукцыі вырабы адпраўляюцца ў тым ліку і на экспарт. Усё падлічыць і разлічыць бухгалтарска-эканамічная служба пад кіраўніцтвам галоўнага бухгалтара Ганны Бецька.

Апрацоўшчыкі вырабаў з пластмасы Уладзімір Пятроўскі, Сяргей Лушкевіч.

Прафесійнае свята – чарговы Дзень энергетыка – прадпрыемства сустракае з добрымі паказчыкамі, новымі планамі, задумкамі і выдатным настроем. «ЛВ» жадае работнікам ТАА «Трансэлектракамплект» пакарэння новых вяршынь, дабрабыту, энергіі, працвітання і каб заўжды ў іх гарэла зялёнае святло.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Загадчык склада Віктар Прыхач, камплектоўшчыца
Святлана Сірыська, кантралёр Іна Вашчыла.