У вясковым фармаце. У першым абласным форуме сельскай моладзі, што праходзіў 20-21 снежня ў Маларыце, прынялі ўдзел і прадстаўнікі Ляхавіцкага раёна

На першы абласны форум сельскай моладзі, што праходзіў 20-21 снежня ў Маларыце, з усіх раёнаў Брэстчыны з’ехаліся каля сотні прадстаўнікоў аграпрамысловага комплексу, сферы транспарту і камунікацый, аховы здароўя, адукацыі гандлю і бытавога абслугоўвання, культуры, тыя, хто займаецца прадпрымальніцтвам, а таксама навучэнцы сельскагаспадарчых ліцэяў і каледжаў.
Сярод удзельнікаў – і нашы землякі-бээрэсэмаўцы з ААТ «Шлях новы»: энергетык гаспадаркі Дзмітрый Гарбуз, ветурач Надзея Аксёнава і загадчык рамонтных майстэрняў Яўгеній Коктыш.
Яўгеній падзяліўся, што такія сустрэчы дазваляюць абмяняцца думкамі з равеснікамі з іншых рэгіёнаў, таму вельмі цікавыя і карысныя. Цэнтральнай тэмай адкрытага дыялога стала паляпшэнне якасці жыцця ў сельскай мясцовасці. Гаварылі пра перспектывы развіцця вёскі, стварэнне інфраструктуры, праект «Вёска будучыні», пра тое, як замацаваць кадры на першым працоўным месцы. Канешне, вызначальным фактарам у гэтым пытанні з’яўляецца прадастаўленне жылля.
Удзельнікі форуму мелі магчымасць задаць пытанні ў фармаце круглага стала прадстаўнікам абласной і раённай улады. Папрацаваць у прафесійных секцыях: «сельская гаспадарка», «адукацыя», «культура» і г. д.
Дэлегацыя Ляхавіцкага раёна разам з іншымі наведала аграгарадок Лукава –  адзін з узорных населеных пунктаў Маларытчыны, дзе пазнаёміліся з мясцовай інфраструктурай. А там ёсць на што паглядзець, адзначаюць нашы землякі: ФАП з сучасным медабсталяваннем, прасторны Дом культуры, вялікая і светлая школа  і г. д. – уражанні самыя станоўчыя. Пабывалі і на прадпрыемствах горада. Так, наведалі Маларыцкі раён газазабеспячэння, дзе пазнаёміліся з падтрымкай маладых спецыялістаў. Дарэчы, кіраўнік прадпрыемства Юрый Разжалавец некалькі гадоў працаваў галоўным інжынерам у Ляхавіцкім раёне газазабеспячэння.
Арганізатары абласнога форуму – Брэсцкі абласны і Маларыцкі раённы выканкамы, абласная арганізацыя ГА БРСМ.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота з архіва абкама БРСМ.