Як зарытаўскія прысмакі да сталіцы давялі. Настаўнік Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча стала лаўрэатам рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь»

Заўсёды прыемна, калі імёны землякоў гучаць у спісах пераможцаў розных конкурсаў. Тым больш, калі яны рэспубліканскага маштабу. Чарговую перамогу ў скарбонку раёна прынесла настаўнік Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Галіна Навумік. Яна стала лаўрэатам рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь». Яе работа абышла 240 канкурсантаў і стала лепшай у намінацыі «расказ пра малую радзіму».


Дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Вольга Бурак.

За апошні год турыстычная прывабнасць Ляхавіччыны раскрылася асабліва: адзін за адным адраджаюцца паркі, пракладваюцца новыя турыстычныя маршруты. Але Галіна Мікалаеўна вырашыла расказаць не пра мясцовыя славутасці, а пра стравы нацыянальнай кухні.

– Адной з умоў конкурсу была арыгінальнасць тэмы. Я падумала: усе будуць пісаць, у першую чаргу, пра архітэктурныя і прыродныя помнікі рэгіёна. Я ж задумала нагадаць, якімі хлебасольнымі сталамі ў маёй вёсцы Зарытава сустракаюць гасцей, – расказвае Галіна Навумік.
Запрашэнне на цырымонію ўзнагароджання стала для Галіны Мікалаеўны прыемнай нечаканасцю.

Адной з апошніх па ліку, але не па значнасці, аб’явілі намінацыю «расказ пра малую радзіму». У тройцы намінантаў – і ляхавічанка. Ніякіх сумненняў у перамозе нашай зямлячкі не застаецца, калі член журы адзначыў: «Чытаць гэты аповяд было асабліва апетытна».
За ўзнагародай на сцэну паднялася дырэктар Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча Вольга Бурак.

– Вельмі рада за сваю калегу. Галіна Мікалаеўна надзвычай таленавіты педагог, – гаворыць кіраўнік школы.

А цяпер ужо дыпламаваны краязнаўца спыняцца на дасягнутым не плануе. Пра наш раён яшчэ ёсць што расказаць.

Ірына КУЗЬМІЧ.