З новым уводам! Напрыканцы мінулага года ў Ляхавіцкім раёне ўведзена ў дзеянне новая малочнатаварная ферма
Такі навагодні падарунак паднеслі сабе працаўнікі ДП «Нача».
З гісторыі пытання
МТФ «Зубелевічы» больш за год назад папоўніла вытворчыя фонды «Начы». Дзяржпрадпрыемству дасталіся толькі сцены і, як расказаў дырэктар гаспадаркі Мікалай Тарлюк, каб захаваць іх і, галоўнае, працоўны калектыў, на ферме размясцілі гурт кароў, наладзілі работу. Паралельна з тым паўстала пытанне будаўніцтва новага, па сучасных стандартах жывёлагадоўчага комплексу.
– Пляцоўку пад будаўніцтва пачалі рыхтаваць у лютым. Работы ажыццяўлялі сваімі сіламі і за ўласныя сродкі. Транспартныя расходы, гравійная падсыпка ўчастка, яго планіроўка і некаторыя іншыя работы абышліся прыкладна ў 300 тысяч рублёў. Будаўніцтва пад ключ з устаноўкай комплексу тэхналагічнага і даільнага абсталявання каштавала каля трох мільёнаў рублёў. З іх 800 тысяч – крэдытныя рэсурсы, яшчэ 1,9 мільёна рублёў – сродкі абласнога інавацыйнага фонду, – гаворыць Мікалай Тарлюк.
Фірменная ферма
Карэспандэнты «ЛВ» наведалі МТФ літаральна за дзень да пастаноўкі жывёлы. Усім сваім выглядам ферма «сігналізавала» аб гатоўнасці да засялення. Памяшканне, разлічанае на бяспрывязнае ўтрыманне 360 кароў, ці не ззяла натуральным святлом. Пад дахам вентылятары, задача якіх фарміраваць у кароўніку спрыяльны мікраклімат. У стойлах раскладзеная роўным слоем салома ў якасці падсцілачнага матэрыялу. У памяшканні даільнай залы сучаснае тэхналагічнае абсталяванне: так званая паралель, разлічаная для адначасовага даення 36 кароў. Яна запраграмавана працаваць у некалькіх рэжымах і на «аўтамаце» адсочваць якасць надоенага малака па шэрагу паказчыкаў. У залежнасці ад апошніх здольна распазнаваць жывёл, у якіх не ўсё ідэальна са здароўем. Такім каровам разумная апаратура на выхадзе «адсякае» шлях да асноўнага гурта і адчыняе дзверцы ў спецыяльны бокс. Пра «дробязі» накшталт паказчыка ўдойнасці кожнай асобнай каровы і не ўзгадваем – зразумела па ўмаўчанні.
Людзі (аднамаментна ў зале працуюць тры аператары камп’ютарнага даення) прайшлі неабходную тэарэтычную падрыхтоўку і некаторую практыку. Тым не менш, на першым часе работнікам фермы дапамагаюць спецыялісты фірмы- пастаўшчыка абсталявання.
Фарміраванне гурта кароў новай фермы? Адзін з яе работнікаў жартам і ўсур’ёз назваў кастынгам. Жывёлы адбіраюцца з размешчанай побач зубеле-віцкай і іншых малочнатаварных фермаў ДП «Нача».
Побач з фермай з’явіліся дзве новыя сянажна-сіласныя траншэі. У кожнай з іх сёння захоўваецца 2,5 тысячы тон кукурузнага сіласу. Побач – такой жа масы старая сянажная траншэя.
– Па выніку ў Зубелевічах сканцэнтравана 7,5 тысячы тон грубых кармоў, – агучвае мясцовы кармавы баланс дырэктар гаспадаркі.
Працяг будзе, ці Лічым эканоміку
І гэта толькі пачатак, завяршэнне першага этапу ўзвядзення новага жывёлагадоўчага комплексу на базе старой МТФ «Зубелевічы». А работы ў залік другой чаргі будаўніцтва ўжо стартавалі. Адзін з былых кароўнікаў прафесійна разукамплектаваны: знята падлога, зрэзана стойлавае абсталяванне і г. д. Будынак поўнасцю падрыхтаваны пад рэканструкцыю, з завяршэннем якой з’явіцца магчымасць бяспрывязнай пастаноўкі ў ім 220 галоў жывёлы. Асноўныя работы пачнуцца вясной. З іх завяршэннем падобная трансфармацыя чакае яшчэ адно старое памяшканне. Перспектыва – сабраць і размясціць у Зубелевічах 800 галоў дойнага статка. Мінімум такая колькасць кароў, растлумачыў дырэктар гаспадаркі, забяспечвае работу ўсталяванай тут даільнай залы з поўнай загрузкай.
Р.S. Праз некаторы час пасля першага «засялення» новай МТФ, «ЛВ» пацікавіўся развіццём падзей. Дырэктар гаспадаркі Мікалай Тарлюк паведаміў, што аб’ект працуе, дае прадукцыю. А вось першыя пару дзён выдаліся для жывёлаводаў асабліва клапатлівымі: у даільную залу кароў даводзілася літаральна заганяць. Сёння ж каровы ўжо звыкліся з новай для іх рэальнасцю.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.