Феерверк з 2020 уражанняў. Шчаслівых адрасоў акцыі «Нашы дзеці» штодзень становіцца больш на ЛЯхавіччыне

Шчаслівых адрасоў акцыі «Нашы дзеці» штодзень становіцца больш. Па іх «ЛВ» адпраўляецца з асаблівым хваляваннем

Ёлка жаданняў

Як ужо расказвала раёнка, нашы юныя зямлячкі Аляксандра Шчарбакова з СШ № 2, Ангеліна Трыбух з СШ № 1 і Дар’я Наскавец з Малагарадзішчанскай СШ пабывалі на рэспубліканскім дабрачынным свяце. Запрашэнне туды атрымліваюць самыя-самыя.
Ангеліна Трыбух – дыпламантка разнастайных творчых конкурсаў – з хваляваннем расказвае, як прыгожа сустрэла галоўная ёлка краіны амаль дзве тысячы рабят:
– Спадабаўся кожны момант свята. Адчувалася, як нам шчыра рады. Здавалася, што апынуліся ў навагодняй казцы – гэта было чароўна. Засталіся ў памяці словы Кіраўніка дзяржавы пра тое, што мы, дзеці, павінны берагчы сваіх родных, паважаць настаўнікаў, бо яны клапоцяцца пра нас, дапамагаюць нам знайсці сваё месца ў жыцці. Мару атрымаць запрашэнне на рэспубліканскі баль выпускнікоў навучальных устаноў. І пастараюся зрабіць для гэтага ўсё магчымае: добра вучыцца, быць актыўнай, ініцыятыўнай. Трэба верыць у лепшае, быць настойлівымі і моцнымі.


Дар’я Наскавец неаднойчы станавілася лепшай у рэспубліканскіх і абласных конкурсах. Але гэтае сталічнае падарожжа пакінула незабыўны след:
– Уражанні самыя яркія. Ёлка-прыгажуня, чароўная атмасфера Палаца Рэспублікі, непаўторныя дэкарацыі, цікавае прадстаўленне, цёплыя адносіны зусім чужых людзей – усё гэта застанецца ў памяці назаўсёды. Столькі сюрпрызаў, падарункаў і натхнення – шчаслівая, што ўсё гэта было і са мной.
Вадзілі карагоды вакол ёлкі на абласным дабрачынным свяце, якое ладзілася ў Брэсцкім дзяржаўным цэнтры маладзёжнай творчасці, і 15 ляхавіцкіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Васьмікласніца СШ № 2 Аліна Байрашэўская ў спартшколе займаецца дзюдо, а ў ЦДАДіМ – кветкавым дызайнам.Сёлета стала прызёрам спартакіяды школьнікаў Брэстчыны па дзюдо – завая-вала першае месца, атрымала дыплом I ступені абласной выставы дзіцячай творчасці «Вясёлкавы калейдаскоп».
– Столькі радасці ад навагодняга свята! Вельмі спадабалася. Старшыня аблвыканкама Анатолій Ліс вітаў нас, пажадаў любіць свой край, садзейнічаць яго працвітанню, рабіць добрыя справы. Будзем старацца, – дзеліцца ўражаннямі Аліна.
Пераможца ІV рэспубліканскіх епархіяльных Тураўскіх чытанняў Ягор Бецька з Падлескай школы адзначае, што ўдзел у губернатарскай ёлцы – дарагі падарунак:
– Для мяне паездка ў Брэст – вельмі значная падзея. Усё, што там нам паказалі, стала сапраўдным сюрпрызам. Асабліва спадабаліся выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гульні, карагоды, дыскатэка ў стылі 80-90-х. Ну і, канешне, падарункі. Гэта клас! Цікавай аказалася і жартоўная віктарына ад Снежнай Каралевы. Дзед Мароз са Снягуркай падыходзілі да нас і жадалі ўсяго добрага. Цуд ёсць!
27 снежня Дзед Мароз са Снягуркай запрасілі выдатнікаў вучобы, пераможцаў конкурсаў і спаборніцтваў, рабят з мнагадзетных сем’яў у гарадскі Дом культуры. Хлопчыкаў і дзяўчынак з навагоднімі святамі сардэчна віншаваў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Усе рабяты атрымалі падарункі і добры настрой.

Ад сэрца да сэрца

Сапраўды, навагоддзе дае шмат шанцаў і магчымасцей далучыцца да марафону дабрыні.
Для многіх такая святочная практыка – даўняя калядная традыцыя.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання Людміла Жалнерчык з навагоднім віншаваннем-пажаданнем і падарункамі завітала ў госці да сям’і ляхавічан Андрусевічаў. Для мамы Юліі і таты Аляксандра навагоддзе час асаблівы – шасцёра дзетак Ірына, Вікторыя, Дзмітрый, Аляксандр, Марына і Кірыл, як заўсёды, чакаюць цудаў на святы. І пачаліся яны сёлета з прыемнасцяў ад Людмілы Мікалаеўны – салодкі пачастунак і падарункі для ўсёй сям’і.
Па вуліцы Інтэрнацыянальнай ёсць два асаблівыя адрасы. Дамы сямейнага тыпу, размешчаныя па суседстве, напярэдадні Новага года наведаў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі. Падрыхтоўка да святаў у самым разгары – упрыгожаная ёлачка, адпаведны настрой і распрацаваная забаўляльная праграма для запамінальнага свята. Мары спраўджваюцца – і гэта пра Новы год. У Страмавусаў дома з’явіўся новенькі тэлевізар і мікрахвалёвая печка, Канапельчанкі нядаўна паставілі новы халадзільнік, а пыласос стане сапраўдным памочнікам у сям’і.
Віншавалі са святамі намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская.
Дзеці шчаслівыя, з зацікаўленасцю распакоўваюць падарункі, на тварах усмешкі – значыць, усё па навагоднім плане!
Наталля ПЕРАПЕЧКА, Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.