Аперацыя за некалькі хвілін. Ляхавіцкі цэнтр банкаўскіх паслуг № 117 — адно з падраздзяленняў ААТ «ААБ Беларусбанк»

Банкаўская сістэма краіны крочыць у нагу з часам. Кожная сям’я ў той ці іншай ступені карыстаецца паслугамі гэтых фінансавых устаноў.  Праз некалькі гадоў вядучы банк нашай краіны – ААТ «ААБ Беларусбанк» – адзначыць свой векавы юбілей

Адно з яго падраздзяленняў – Ляхавіцкі цэнтр банкаўскіх паслуг № 117. Калектыў ЦБП (а сёння гэта 32 чалавекі) узначальвае Сяргей Саковіч. Пра кожнага тутэйшага спецыяліста можна сказаць: справу ведае дакладна. ЦБП № 117 аказвае сваім кліентам шэраг паслуг, сярод якіх найбольш запатрабаваныя – адкрыццё рахунку, продаж-купля валюты, афармленне крэдыту. Таксама тут можна зрабіць грашовыя пераводы, аформіць страхоўку, купіць латарэі.

Акрамя абслугоўвання юрыдычных   асоб і індывідуальных прадпрымаль-нікаў прадугледжаны комплекс паслуг для фізічных асоб. З кожным годам сума давераных банку фізасобамі ўкладаў узрастае. Гэта гаворыць пра тое, што Беларусбанку давяраюць.
Сёння ў раёне эмітавана амаль 16 тысяч плацежных картак Беларусбанка, працуе тры банкаматы і пяць інфакіёскаў. Увогуле, многія спажыўцы банкаўскіх паслуг прытрымліваюцца меркавання: разлічвацца «пластыкам» не толькі зручна, але і выгадна. У людзей сталага ўзросту найбольш запатрабаваны клубны прадукт «Бархат», у моладзі – «#настарт», для аматараў вандровак – «Карт-бланш». Для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў актуальныя праекты – крэдыты для малога і сярэдняга бізнесу, партнёрская праграма «Мост».
Часцей за іншых шматлікія кліенты маюць зносіны з супрацоўнікамі сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу. Кампетэнтныя спецыялісты падкажуць, параяць той ці іншы банкаўскі прадукт.
Цяжка ўявіць сучаснае жыццё без інтэрнэт-банкінгу, М-банкінгу. У ЦБП дапамогуць аформіць дэпазіт як у беларускіх рублях, так і ў замежнай валюце, прымуць аплату за страхоўку, выдадуць пенсіі і грашовыя пераводы. Прычым, большасць аперацый доўжыцца ўсяго некалькі хвілін.
ЦБП № 117 – гэта не толькі абслугоўванне кліентаў у Ляхавічах, але і ў дзевяці сельскіх населеных пунктах: Тухавічах, Жарабковічах, Крывошыне, Ліпску, Свяціцы, Русінавічах, Падлессі, Начы, Навасёлках.
– Асновай стабільнай работы нашага цэнтра банкаўскіх паслуг заўжды былі і застаюцца людзі. Кожнага з супрацоўнікаў вылучае адданасць сваёй справе, адказнасць, добрасумленнасць, ветлівасць у адносінах са шматлікімі кліентамі, дапамога, узаемападтрымка і павага паміж калегамі, – перакананы Сяргей Саковіч. – Хачу пажадаць, каб работа прыносіла радасць і новыя працоўныя дасягненні, спаўняліся планы і задумкі. Шчасця ўсім і дабрабыту.
Да віншаванняў кіраўніцтва ЦБП № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» далучаецца і «ЛВ», які таксама з’яўляецца кліентам аднаго са старэйшых банкаў краіны.

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва ЦБП.