Год са знакам плюс
На фінішы 2019-га адбылося сумеснае пасяджэнне заканадаўчай і выканаўчай галін улады раёна – 16-я сесія раённага Савета дэпутатаў і чарговае пасяджэнне райвыканкама.
Парадак дня фарміравалі два дзясяткі пытанняў. У тым ліку і асабліва важныя – годавызначальныя, напрыклад, аб раённым бюджэце на 2020 год. Удзельнікі сходу таксама заслухалі і абмеркавалі справа-здачу райвыканкама аб чаканым выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2019 год і прагнозе на 2020 год.
З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран. Было адзначана, што галоўнай задачай для райвыканкама, райсавета, эканомікі раёна застаецца павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. А для гэтага неабходна як мінімум выйсці на даведзеныя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. У выніку прынятых мер за перыяд са студзеня па лістапад мінулага года па многіх з гэтых паказчыкаў адзначаецца станоўчая дынаміка. Раён павялічыў аб’ёмы выпуску прамысловай прадукцыі і вал прадукцыі сельскай гаспадаркі. Павялічыліся экспарт паслуг і тавараў, у гандлі якімі захоўваецца станоўчае сальда, абарот рознічнага гандлю, адзначаны рост намінальнай налічанай і рэальнай заработнай платы, забяспечваецца ўвод жылля, створаны новыя працоўныя месцы, а ўзровень афіцыйна зарэгістраванага беспрацоўя зменшыўся.
Чакаецца, што па выніках работы ў
2019 годзе будзе выканана 12 з даведзеных 15 паказчыкаў.
Адна з найважнейшых характарыстык эфектыўнасці работы арганізацыі, прадпрыемства, раёна – экспарт. Без уліку рэспубліканскіх арганізацый, за студзень-кастрычнік прадпрыемствы Ляхавіччыны адгрузілі за мяжу тавараў на суму 20,2 мільёна долараў. Гэта на 12,6 працэнта больш аналагічнага леташняга паказчыка і істотна вышэй прагнознай лічбы. Сальда станоўчае, вызначаецца лічбай 8,4 мільёна долараў ЗША. У бягучым годзе былі адкрыты новыя рынкі: экспартны вектар раёна дацягнуўся да Арменіі, Балгарыі, В’етнама, Даніі, ЗША, Шры-Ланкі. Пры гадавым заданні ў 115 працэнтаў тэмп росту экспарту паслуг за 10 месяцаў 2019-га склаў 133,4 працэнта.
Мае месца і тэндэнцыя паляпшэння фінансавага становішча прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Чакаецца, што па выніках 2019 года ў раёне не будзе стратных прадпрыемстваў.
Старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі ацаніў работу гаспадарчага комплексу раёна ў 2019 годзе як дасягненне добрага задзелу на год 2020.
На пасяджэнні быў таксама разгледжаны праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны на 2020 год. У якасці мэтавых арыенціраў абраны і зацверджаны чатыры прагнозныя паказчыкі –
экспарт тавараў і паслуг, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове, колькасць працаўладкаванняў на новых вытворчасцях. Зацверджаны раённы бюджэт на наступны год.
Апошнім на парадку дня стаяла пытанне схемы будучай работы райсавета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Вызначыліся, што ў 2020 годзе адбудзецца пяць планавых сесій. У тым ліку адна выязная: як канстатаваў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса, прыклад 2019-га паказаў эфектыўнасць такой формы работы.
Іван КАВАЛЕНКА.