Слаўнае ўчора. Стваральнае сёння. Шчаслівае заўтра
15 студзеня наш раён адзначае юбілей – 80 гадоў з дня ўтварэння. Пройдзены вялікі і слаўны шлях, на якім вызначыліся прадстаўнікі ўсіх галін народнай гаспадаркі. Наперадзе – шырокія перспектывы, у дасягненні якіх галоўная роля адводзіцца ўсім і кожнаму.
Ляхавіцкі раён створаны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці.
8 студзеня 1954 года ў сувязі са скасаваннем Баранавіцкай наш раён увайшоў у склад Брэсцкай вобласці.
- 124 сельскія населеныя пункты і райцэнтр, дзе пражывае 24767 чалавек.
Тэрыторыя раёна раўняецца 1,352 тысячы квадратных кіламетраў.
- 1940год.У раёне працуюць тры бальніцы (у Ляхавічах на 35 ложкаў, Крывошыне і Востраве), пяць урачэбных участкаў і адзін ФАП, у якіх працавалі сем урачоў, два зубныя ўрачы, пяць фельчараў, чатыры акушэркі і тры медсястры.
- 2020год. Студзень. У Ляхавіцкім раёне дзейнічаюць райбальніца на 184 ложка-месцы і паліклініка на 420 наведванняў у змену, бальніца сястрынскага догляду на 20 ложка-месцаў у вёсцы Альхоўцы, восем амбулаторый урача агульнай практыкі, 16 ФАПаў. Ва ўстановах аховы здароўя раёна працуюць 678 медыкаў, у тым ліку 83 урачы і 273 сярэднія медработнікі.
- 8 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў . Аграрны комплекс раёна прадстаўляюць ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ЗАТ «Белпрампрыбор», КСУП «Ліпнянка», ЗТАА «БелДан» і шэраг фермерскіх гаспадарак. Асноўны вал прамысловай прадукцыі фарміруюць СААТ «Ляхавіцкі малочны завод», ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», «Ляхавіцкі льнозавод», «ТБЗ Ляхавіцкі».
- 76 школ (у тым ліку 65 пачатковых) мелася ў раёне ў 1940 годзе. У іх навучаліся 9500 вучняў і працавалі 187 настаўнікаў (чатыры з вышэйшай адукацыяй).
- 587 настаўнікаў. Столькі працуе ў навучальных установах Ляхавіччыны сёлета. Адукацыйная прастора раёна прадстаўлена гімназіяй, дзевяццю сярэднімі школамі, трыма вучэбна-педагагічнымі комплексамі дзіцячы сад – сярэдняя школа і двума ВПК дзіцячы сад – базавая школа,
- 12 дашкольнымі ўстановамі, цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і г. д. Ва ўстановах адукацыі раёна навучаюцца 2668 дзяцей.
- 448 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў займаюцца сёння на чатырох аддзяленнях СДЮШАР.
Іосіф КАРПЫЗА, былы галоўны рэдактар «Ляхавіцкага весніка»:
– Без перабольшання, Ляхавіччына стала для мяне жыццёвым прыстанішчам, надзейным прычалам.
На пачатку творчага шляху былі Бяроза, Івацэвічы, Лагішын, Пінск. І вось Ляхавічы – так распарадзіўся лёс, за што я яму вельмі ўдзячны. Тут прайшлі амаль 60 гадоў майго жыцця. І якіх гадоў! Поўных уражанняў, самых шчаслівых, амбіцыйных, напоўненых падзеямі, стваральнымі справамі і шчырымі пачуццямі.
Больш за чатыры дзесяцігоддзі цесна звязваюць мяне з раёнкай. Газета назаўсёды ўвайшла ў жыццё, можна сказаць, стала паўнапраўным членам сям’і. Прызнаюся, былі спакуслівыя прапановы ўзначаліць іншыя раённыя выданні, нават перайсці ў рэспубліканскае. Але любоў да сваёй газеты, да Ляхавіччыны пераважыла ўсе іншыя перспектывы.
З цягам часу мяняўся змест раёнкі, яе афармленне, «Будаўнік камунізму» стаў «Ляхавіцкім веснікам»… Пастаянным заставалася і застаецца адно: павага да чытача і ўвага да яго інтарэсаў. Наогул, наш веснік ва ўсе часы быў на перадавой жыцця, газетчыкі расказваюць пра тое, што хвалюе і што цікавіць, пра жыццё раёна, пра людзей, якія рабілі і робяць яго гісторыю.
Шчыра жадаю Ляхавіччыне квітнець і развівацца. І быць для многіх людзей самым надзейным і жаданым жыццёвым прычалам.
Генрых ТРАЦЦЯК, Герой Сацыялістычнай Працы:
– У Ляхавіцкім раёне, вёсцы Літва я нарадзіўся і, як кажуць, згадзіўся – рэалізаваўся як вучоны, практык, арганізатар аграрнай вытворчасці. Пасля заканчэння Горацкай сельгасакадэміі паступіў у аспірантуру пры навучальнай установе, дзе атрымаў вельмі глыбокія тэарэтычныя веды. Але, каб спалучыць тэорыю з практыкай, вопыту ўжо не хапала.
Прыехаў у раён і папрасіўся на працу. Прапанавалі пасаду галоўнага агранома ў калгасе імя Ламаносава. Ішоў 1969 год, ураджайнасць зерневых па калгасе складала 9 цэнтнераў на круг. Праз год мы з працаўнікамі гаспадаркі паднялі гэты паказчык удвая. Стаў кіраўніком калгаса, а праз пяцігодку асноўныя вытворчыя дасягненні выраслі яшчэ ў некалькі разоў. З’явіліся грошы, якія пускалі ў тым ліку на будаўніцтва вытворчых аб’ектаў, дарог, жылля.
Абараніў кандыдацкую дысертацыю. А па выніках сельскагаспадарчага 1987 года было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Свае заслугі не перабольшваю – усё, чаго ўдалося дасягнуць, з’яўляецца плодам сумеснай працы калгаснікаў.
У дзень юбілея раёна жадаю ўсім яго жыхарам здароўя, шчасця, дабрабыту. Каб сельская гаспадарка дэманстравала рост, дынамічна развівалася.
Уладзімір ПРАКАПЕНКА, настаўнік, ветэран Вялікай Айчыннай вайны:
– Ляхавіччына стала для мяне другой малой радзімай. Сюды пасля вайны прыехаў да бацькоў і застаўся. Давучыўся ў дзясятым класе школы № 1, пасля атрымаў дыплом Белдзяржуніверсітэта.
У маёй сям’і ўсе настаўнічалі. Пайшоў гэтай дарогай і я. Выкладаў матэматыку ў Мядзведзіцкай школе, працаваў у райана. Мы ўсе верылі ў светлую будучыню, уяўлялі, як зменяцца з цягам часу горад і вёскі. Дзеля гэтага працавалі не пакладаючы рук.
Тады кожная раённая новабудоўля, здадзены аб’ект, дасягненні землякоў станавіліся гучнай падзеяй. Ні з чым не параўнаць шчасце ад усведамлення, што ты – гаспадар кватэры. Дамоў тады ўзводзілі шмат. Адкрыццё новых школ, дзіцячых садкоў для мяне, як і іншых педагогаў, было сапраўдным святам. У раён прыязджалі вопытныя настаўнікі і маладыя спецыялісты.
Набіраў магутнасці кансервавы завод. Памятаю, як паехаў у госці да сястры ў Маскву, а яна частавала мяне нашымі ляхавіцкімі саленнямі.
Паказваў добрыя вытворчыя вынікі арганізаваны ў Ганчарах племсаўгас – працаўнікі атрымалі нават запрашэнне на ВДНГ. Вестка, што ўзнагародзілі гаспадарку аўтамабілем «Волга», абляцела наваколле маланкай. Такіх цудоўных навін было шмат, пра іх пісала газета. Раён адбудоўваўся, развіваўся. Ва ўсе часы тут жылі людзі працавітыя і таленавітыя.
Колькі нашых землякоў сталі вядомымі людзьмі! Кожная школа ганарыцца сваімі выпускнікамі, дзякуючы іх заслугам пра Ляхавіччыну ведаюць далёка за яе межамі.
Люблю наш раён, няхай ён квітнее!
Валянціна АЎРАМЕНКА, ветэран дарожнай службы:
– Ляхавіччына – маё першае і адзінае месца працы. У працоўнай кніжцы ў мяне толькі адзін запіс і датычыць ён арганізацыі, пад увагай якой дарогі ўсяго раёна, – ДРБУ-200. Калі больш за чатыры дзесяцігоддзі назад пасля заканчэння дарожна-будаўнічага інстытута прыехала сюды па размеркаванні, спадабаўся не толькі калектыў, але і населеныя пункты раёна. Першы аб’ект, куды накіравалі маладога тэхніка, – будаўніцтва дарогі «Гарадзішча – Куршынавічы – Ганцавічы». Будавалі новыя дарогі, рамантавалі старыя ўчасткі, падтрымлівалі ў парадку… Прыемна было назіраць, як праезныя часткі станавіліся шырэй, з’яўляліся новыя шляхі, што звязвалі паміж сабой вёскі.
Сваю работу заўсёды старалася выконваць якасна: каб было зручна людзям. Нягледзячы на тое, што дарожная праца прадугледжвае і «прагулкі» пад дажджом, і пад спякотным сонцам, і па марозе, у сваёй прафесіі за гады не расчаравалася.
Ляхавіцкі раён люблю за яго прыгажосць і ўтульнасць, за людзей – добразычлівых і сардэчных. У юбілей жадаю, каб жыццё бегла роўнай стужкай, а дарог – зручных і шырокіх.