Разам з песняй. Сярод шматлікіх удзельнікаў міжнароднага каляднага фестывалю-конкурсу «Мы разам» – і прадстаўнікі Ляхавіччыны

Творчыя і таленавітыя выканаўцы не толькі з розных рэгіёнаў Беларусі, але і з іншых краін свету дэманстравалі свае здольнасці 9-12 студзеня ў Брэсцкім абласным цэнтры маладзёжнай творчасці. Тут праходзіў Тут праходзіў 14-ы міжнародны калядны фестываль-конкурс «Мы разам». 

Сярод шматлікіх удзельнікаў – і прадстаўнікі Ляхавіччыны. У намінацыі «вакальная творчасць, эстрадныя спевы» навучэнкі СШ №1 Ульяна Крук і Лізавета Біліновіч заваявалі дыпломы лаўрэатаў I ступені. Каб ацаніць значнасць перамогі, варта дадаць, што нашы вакалісткі сталі лепшымі сярод больш як чатырох дзясяткаў юных дараванняў. Дзяўчынкі не першы год займаюцца ў школе ў гуртку эстрадных спеваў пад кіраўніцтвам педагога Аляксандра Сокала. І ўдзел у творчых спаборніцтвах называюць своеасаблівым экзаменам, «здача» якога дапамагае развіваць здольнасці і павышаць свой узровень.
Дзесяцікласніцу Лізавету журы ўдастоіла гонару выступіць на гала-канцэрце з песняй «Крылы анёла». Зараз юныя спявачкі рыхтуюцца да чарговага конкурсу «ZAVIRUHA.BY».
У намінацыі «выяўленчае мастацтва» лаўрэатам I ступені стала выхаванка цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Алена Сасса. Перамогу ў конкурсным нацюрморце Алене забяспечыла ўменне перадаць колерам аб’ём прадметаў і надзяліць кампазіцыю рысамі аб’ёмнасці. Гэтаму яна навучылася ў аб’яднанні па інтарэсах «Мастацкі роспіс» пад кіраўніцтвам Алены Макарэвіч.
Сярод узнагароджаных на фестывалі і наша зямлячка Лізавета Купрыш, якая прадстаўляла ЦДАДіМ. Ліза займаецца ў гуртку «Вясёлыя ноткі», якім кіруе педагог Таццяна Калацкая. Лізавета атрымала дыплом лаўрэата II ступені.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.