У сяброўскай атмасферы. Чарговая – 2020 года – круглагадовая спартакіяда працоўных калектываў Ляхавіцкага раёна стартавала

Чарговая круглагадовая спартакіяда працоўных калектываў Ляхавіцкага раёна стартавала. Дарэчы, усё пайшло не зусім па раскладзе. У планах арганізатараў у асобе фізкультурна-спартыўнага клуба раёна на першым спартакіядным этапе традыцыйна і прадказальна павінны былі выступіць лыжнікі-біятланісты. Падзея планавалася яшчэ на 12 студзеня, калі адзначаўся Сусветны дзень снегу. Снегу не здарылася, а спартакіяду адкрылі шашысты.

Турнір прайшоў у мінулую суботу ў сценах СДЮШАР раёна і сабраў дзевяць каманд, якія прадстаўлялі ААТ «Жарабковічы», цэнтральную райбальніцу, лясгас, камунгас, СШ № 2, Крывошынскую СШ, Падлескі ДС–БШ, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, СДЮШАР раёна.
Патрабаванне да складу каманд – адзін мужчына і адна жанчына, формула спаборніцтва – кругавая сістэма, дзе кожны атрымліваў права паспытаць сябе ў партыі з кожным. Спаборніцтва прайшло дастаткова дынамічна ў добразычлівай і сяброўскай атмасферы. Што зусім не сведчыць аб адсутнасці напружання і барацьбы.
Па суме выступленняў абодвух з удзельнікаў чэмпіёнам раёна і лепшай у спартакіядным заліку стала каманда СДЮШАР. Яе прадстаўлялі былы работнік установы Іван Купрык і інструктар-метадыст Русінавіцкага ФАКа Людміла Тарлюк. Другое месца ў «Жарабковіч», камандны тандэм якіх фарміравалі Леанід Варвашэвіч і Вольга Войтуль, трэцяй стала камунгасаўская шашачная «пара» ў складзе Цімура Адамчыка і Раісы Пашко.
Не маем права не адзначыць Сяргея Грыцкевіча. Работнік ААТ «Жарабковічы» выступаў па-за залікам, сам за сябе. І калі б па рэгламенце спаборніцтва патрабавалася назваць лепшага ў індывідуальным заліку, гэта быў бы іменна Сяргей.
Наперадзе ў спартакіяды ў запасе яшчэ амаль год часу, спаборніцтвы па многіх відах і дысцыплінах спорту. Не выключана, што і зімовых, таму арганізатары спартакіяды не раяць хаваць далёка лыжны інвентар.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота аўтара.